Міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў: "Мне крыху паспакайнела на сэрцы..."

Днямі міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў наведаў Краснаполле, дзе сустрэўся з педагогамі і вучнямі сярэдняй школы № 1, у якой нядаўна здарылася трагедыя: абвалілася шматтонная столь у спартыўнай зале, у выніку чаго загінулі людзі. Паездка не была выпадковай. Як прызнаецца Аляксандр Міхайлавіч, яна стала неабходнай для яго і як для міністра, і як для чалавека, бо трагічныя падзеі пакінулі балючы след, кранулі сэрцы ўсіх суайчыннікаў, сталі горкім папрокам усім дарослым, што не здолелі прадухіліць бяду. — Ведаеце, пасля сустрэч з краснапольцамі ў мяне на сэрцы крыху паспакайнела, — гаворыць міністр. – Я ўбачыў ужо іншыя вочы людзей... Канешне, у іх засталася горыч непапраўнай страты, але няма таго ранейшага жаху, што быў адразу пасля трагедыі. — Аляксандр Міхайлавіч, як вядзецца рамонт школы, што ўжо зроблена і ці хапае сродкаў на аднаўленне будынка? — Мне хацелася на месцы высветліць, як аднаўляецца школа. Я сустрэўся з будаўнікамі, кіраўніцтвам раёна. Мы абмеркавалі пытанні наконт тэхналагічных асаблівасцей работ, тэмпаў выканання, аб’ёму. Зараз выкананы ўсе праектныя работы, прычым зроблены яны грунтоўна, у строгай адпаведнасці з тэхналагічнымі нормамі і правіламі. Аднаўляецца дах спартыўнай залы, які будзе зманціраваны ў палегчаным варыянце. Столь павінна быць лёгкай, адпаведнай нормам тэхнічнай бяспекі і замацаванай надзейным чынам. Сродкі ёсць. На вядзенне аднаўленчых работ урадам выдзелена 400 мільёнаў рублёў, яшчэ 500 выдзеліў Мінскі гарвыканком у якасці дапамогі. Гэта вельмі важная падтрымка. — І ўсё ж асноўнай мэтай паездкі былі сустрэчы з пацярпелымі? — Безумоўна. Я сустрэўся з дзецьмі, педагогамі. Асабліва хвалюючай была размова з вучнямі, якія на сабе адчулі жах трагедыі. Дзеці адпачылі, і я перадаў ацэнку іх выхаванасці і мужнасці Прэзідэнтам краіны, які гаварыў, што ў трагічнай сітуацыі на месцы аказаліся настаўнікі, чые ўчынкі былі пра-вільнымі, выверанымі, мужнымі. Дзеці таксама павялі сябе мужна, не пакінулі сяброў у бядзе, інакш ахвяр магло быць болей... — Асобнай, відаць, была размова з выпускнікамі 1-й краснапольскай школы? — Так. Яны зараз ходзяць на заняткі ў сярэднюю школу № 2, вучні якой знаходзяцца на планавым адпачынку ў санаторыі. Калі вернуцца, школа будзе працаваць у дзве змены. Месцаў там хапае, абсталяванне добрае, так што навучальны працэс праходзіць нармальна. Выпускнікі збіраюцца паступаць у ВНУ, таму пытанні задавалі ў асноўным наконт новых правілаў прыёму. Дарэчы, прызналіся, што іх не палохае тэсціраванне – яны да яго, лічаць, дастаткова падрыхтаваны. Між іншым, у працэсе размовы я нават прапанаваў ім некаторыя тэставыя задачы. Справіліся! Увогуле, адчуваецца, што хаця дзеці і перажылі ўзрушэнне, але праца псіхолагаў, настаўнікаў, прадстаўнікоў мясцовай улады вярнула іх у нармальны псіхалагічны стан. — Аб чым пыталіся ў міністра адукацыі настаўнікі? — У цэнтры ўвагі былі пытанні развіцця адукацыі ў цэлым, стварэння сучасных дапаможнікаў, падрыхтоўкі выкладчыкаў. Дарэчы, наша сустрэча ператварылася ў прафесійнае абмеркаванне педагагічных праблем. Мне было прыемна бачыць, што мае калегі, настаўнікі, годна прайшлі няпростае выпрабаванне і засталіся вытрыманымі і спагадлівымі, сапраўднымі прафесіяналамі, якія дбаюць пра добрую адукацыю для сваіх выхаванцаў. — З першага верасня вучні першай школы Краснаполля павінны будуць ісці ў адноўлены будынак. Ці не адчулі вы страху ў дзяцей, бацькоў, настаўнікаў? — Падчас паездкі мне расказалі пра адзін эпізод. Шасцігадовага хлопчыка Рамана Сурына спыталі, ці збіраецца ён у школу. “Абавязкова!” — “А ў якую?” – пацікавілася настаўніца. “У сваю, першую, бо яна блізка ад дома”. — “А не баішся ісці туды?”—“Не, — адказаў хлопчык, — Прэзідэнт паабяцаў, што школу пабудуюць моцнай”. У дзяцей і дарослых ёсць упэўненасць, што ўсё будзе зроблена належным чынам, надзейна і трывала. — Якія захады прымаюцца дзеля таго, каб не дапусціць паўтарэння краснапольскай трагедыі? — у сакавіку мы павінны закончыць экспертызу ўсіх устаноў, дзе праходзяць вучэбныя заняткі. Тэрміны вельмі жорсткія, але справа па гарантаванні бяспекі таго патрабуе. Вынікі будуць падведзены на спецыяльнай нара-дзе ў канцы сакавіка.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter