Мільён зафіксаваны на дубровенскіх палетках

У мінулым нумары «Сельской газеты», паведамляючы пра поспех аршанскіх хлебаробаў, якія намалацілі 100 тысяч тон ( а сёння, дарэчы, ёсць ужо 121 тысяча) было адзначана, што гэта прадвеснік віцебскага мільёна

У мінулым нумары «Сельской газеты», паведамляючы пра поспех аршанскіх хлебаробаў, якія намалацілі 100 тысяч тон ( а сёння, дарэчы, ёсць ужо 121 тысяча) было адзначана, што гэта прадвеснік віцебскага мільёна.



Камбайнеры ААТ «Баброва-Агра» Іван ПРУДНІКАЎ і Уладзімір ЧАЧУЁЎ


І ён не прымусіў доўга сябе чакаць. Учора ў 11 гадзін маладзёжны экіпаж Івана Пруднікава і Уладзіміра Чачуёва з ААТ «Баброва-Агра» Дубровенскага раёна ўбраў мільённую тону зерня. Хлопцам у якасці заахвочвання падарылі тэлевізары. Старшыня Дубровенскага райвыканкама Анатоль Лукашоў уручыў старшыні аблвыканкама Аляксандру Косінцу сімвалічны сноп.

Сярэдняя ўраджайнасць зерневых па Дубровенскаму раёну перавышае 37 цэнтнераў з гектара. Гэта другі вынік у вобласці пасля Оршы. А ў такіх гаспадарках, як ААТ «Праўда-С», «Прыдняпроўскі», «Якубава-Агра», яна складае ад 54 да 43 цэнтнераў. Дубровенскія хлебаробы ўпершыню ў гісторыі разлічваюць атрымаць рэкордны ўраджай — 100 тысяч тон. Нагадаем, што самы вялікі быў пакуль што ў 2011 годзе — 83,1 тысячы тон.

Безумоўна, у мільённым караваі вобласці ўклад кожнага раёна.

На 100-тысячны рубеж выходзіць сёлета Віцебскі раён. Дарэчы, учора там ушаноўвалі адных з першых у вобласці тысячнікаў — Сяргея Логінава і Віктара Нікалаева, прадстаўнікоў ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка». Гаспадарка заканчвае жніво. На круг сабрана па 40 цэнтнераў.

З году ў год здзіўляюць нас сваімі дасягненнямі верхнядзвінцы. Вось і сёлета, нягледзячы на тое, што былі праблемы з мінеральнымі ўдабрэннямі, ядахімікатамі, тут збіраюць па 35,6 цэнтнера з гектара. А ў ААТ «Шайцерава», дзе дырэктарам вядомы хлебароб Міхал Гумнянкоў, і наогул ўзялі па 47,3 цэнтнера. Тут традыцыйна дабіваюцца высокіх ураджаяў, і ці не кожны год яе прадстаўнікі з’яўляюцца ўдзельнікамі рэспубліканскіх «Дажынак». Галоўная ж сенсацыя гэтага года ў тым, што тут намалацілі 700 тон... гароху і тым самым поўнасцю закрылі праблему па бялку для жывёлагадоўлі. Своеасаблівы рэкорд пастаўлены і хлебаробамі КУПСГП «Дрысенскі» на чале з яго кіраўніком Васілём Губанавым. Яшчэ чатыры гады таму тут збіралі ўсяго 19 цэнтнераў зерневых на круг, сёлета — 41.

Сорак першую сваю ўборачную, падумаць толькі, праводзіць галоўны тэхнолаг раёна Люцыя Грэсько. Яна не толькі ведае кожнае поле, але і з’яўляецца сваеасаблівым універсітэтам у адной асобе для моладзі. Апошні прыклад: яе выхаванец, малады аграном з ААТ «Прудзінкі» Васіль Шылаў, якому летась даручылі ўзначаліць ААТ «Нурава», збірае на круг па 38 цэнтнераў зерневых, або ажно на 11 цэнтнераў больш мінулагодняга.

Верхнядзвінскі раён прадаў дзяржаве 9500 тон пшаніцы і тым самым выканаў дзяржзаказ.

З самага першага дня захапілі лідэрства на жніве хлебаробы Глыбоцкага раёна. І нікому яго не ўступілі. Тут ўбрана ўжо 92 працэнты зерневых.



Юбілейны сноп у руках старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра КОСІНЦА.


Пераўзыдзены па валу намалот мінулага года. Выкананы дзяржзаказ па продажу збожжа дзяржаве. Лепшых вынікаў на хлебнай ніве традыцыйна дабіліся ў сельгасфіліяле «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат» і філіяле «За Радзіму» ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод», дзе ўраджайнасць склала адпаведна па 37 і 33 цэнтнеры на круг.

Ацэньваючы працу хлебаробаў, ў першую чаргу глядзяць на канчатковы вынік. І гэта правільна. Але ўсё ж ён не заўсёды аб’ектыўна адлюстроўвае  малюнак. Сёння ў Шаркаўшчынскім раёне не зусім задавальняючая ўраджайнасць. Але ці павернецца язык папракнуць руплівых, аддадзеных зямлі людзей. І не іх віна, што з-за бясснежнай зімы семдзесят працэнтаў пасеваў вымерзлі. І нават у такой, здавалася б, безнадзейнай сітуацыі людзі не палі духам. Вясною круглыя суткі вахтавым метадам вялі пасяўную і дзякуючы гэтаму будзе дасягнуты намалот 2013 года.

Увогуле, ўборачная яшчэ раз паказала, што ў хлебаробаў Віцебшчыны ёсць сапраўдны характар, імкненне пераадолець любыя цяжкасці і падарыць краіне важкі каравай. На мільёне кропка не пастаўлена! Жніво ў рэгіёне працягваецца!..

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»
Фота БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter