Міліцыя «дэпартавала» магазін за межы вобласці

ПАТЭЛЕФАНАВАЦЬ у карпункт «Сельскай газеты» старэйшыну аграгарадка Друцк Талачынскага раёна Валянціна Шостака вымусіла адна абставіна. Справа ў тым, што ў гэты населены пункт па суботах прыязджала аўталаўка ПМК-266 з суседняга Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці. Выдатна абсталяваная, з электроннымі вагамі, касавым апаратам і, самае галоўнае, рознымі дабраякаснымі і таннымі прадуктамі. Людзі былі задаволены і кожны раз ад душы дзякавалі прадаўцу аўталаўкі Людміле Саланінцы. Але 18 студзеня, калі ў чарговы раз аўталаўка прыехала ў Друцк і жыхары выстраіліся за пакупкамі, з’явілася міліцыя. І як не даказвала прадавец, што ўсе дакументы ў парадку, аўтамагазін быў высланы за межы раёна і вобласці.

Як адна круглянская аўталаўка ледзь не падарвала эканоміку ўсяго Талачынскага райспажыўсаюза

ПАТЭЛЕФАНАВАЦЬ у карпункт «Сельскай газеты» старэйшыну аграгарадка Друцк Талачынскага раёна Валянціна Шостака вымусіла адна абставіна. Справа ў тым, што ў гэты населены пункт па суботах прыязджала аўталаўка ПМК-266 з суседняга Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці. Выдатна абсталяваная, з электроннымі вагамі, касавым апаратам і, самае галоўнае, рознымі дабраякаснымі і таннымі прадуктамі. Людзі былі задаволены і кожны раз ад душы дзякавалі прадаўцу аўталаўкі Людміле Саланінцы. Але 18 студзеня, калі ў чарговы раз аўталаўка прыехала ў Друцк і жыхары выстраіліся за пакупкамі, з’явілася міліцыя. І як не даказвала прадавец, што ўсе дакументы ў парадку, аўтамагазін быў высланы за межы раёна і вобласці.

Пасля гэтага жыхары аграгарадка звярнуліся да свайго старэйшыны Валянціна Шостака з калектыўнай просьбай дапамагчы вярнуць аўталаўку.

Валянцін Філімонавіч першым чынам правёў перамовы з раённым начальствам. Са слоў ветэрана працы, ён перагаварыў з намеснікам старшыні Талачынскага райвыканкама Віктарам Альхімовічам, які курыруе раённы гандаль. Але той, паспачуваўшы, даў адмоўны адказ. Маўляў, аўталаўка з суседняй вобласці падрывае эканоміку мясцовага райспажыўсаюза. Нічога не атрымалася ў старэйшыны Друцка і пасля звароту ў іншыя кабінеты раённай улады. Толькі пасля гэтага ён набраў нумар карпункта рэдакцыі «СГ».

Калі пачалі разбірацца, то паўстала пытанне: што ж гэта за аўталаўка з Круглянскага раёна? Нават не райспажыўсаюза, а нейкай будаўнічай арганізацыі. Поўную інфармацыю выдала намеснік па гандлі дырэктара ПМК-266 (аказваецца, ёсць там і такая пасада) Ларыса Сырцова:

— Пры нашай ПМК працуюць два падсобныя цэхі — кулінарны і паўфабрыкатаў. У кулінарным выпякаем хлебабулачныя вырабы, каля дваццаці пяці найменняў. Вырабляем торты на заказ. У цэху паўфабрыкатаў — каўбаскі, катлеты і іншае. Сыравіну бяром з Александрыі. Усё свежае і якаснае. Што датычыцца інцыдэнту, то з Талачынскім райпа ў нас заключана дамова на рэалізацыю хлебабулачных вырабаў на рынку ў Талачыне. На абслугоўванне аўтамагазінам мы дамовы не заключалі, але па просьбе жыхароў Друцка прывозілі тавары, бо ўсе астатнія дакументы на гандаль у нас ёсць. Цэны ў нас ніжэйшыя, бо ўсё — сваё. Але калі выйшла такая забарона, умяшалася міліцыя, то больш аўталаўку ў Друцк я не стала пасылаць. Навошта спакушаць лёс? Яшчэ аштрафуюць...

— Ніхто іх штрафаваць не збіраецца, — заявіў намеснік старшыні Талачынскага райвыканкама Віктар Альхімовіч. — Толькі павінен быць дазвол, зацверджаны маршрут і графік руху аўтамагазіна ПМК-266, і выручку трэба здаваць у наш банк.

Віктар Альхімовіч пагадзіўся, што цэны ў аўтамагазіне ПМК ніжэйшыя, а таму не надта пажадана, каб суседзі гандлявалі ў раёне. І ў прыватнасці, у аграгарадку Друцк. Там ёсць магазін райпа. Калі будзе заязджаць аўталаўка ПМК-266, то гэта адаб’е пакупнікоў ад магазіна. Давядзецца скарачаць прадаўцоў. А ў перспектыве, магчыма, зачыніць і саму краму...

Пракаменціраваць сітуацыю рэдакцыя папрасіла начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама Ірыну Ляўковіч:

— Талачынскі райвыканкам не перавысіў сваіх паўнамоцтваў, — сказала яна. — Калі ёсць недахоп у дзейнасці магазіна ў Друцку, то жыхары павінны звярнуцца па гэтай прычыне ў райвыканкам.

P.S. Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, старшыня Талачынскага райспажыўсаюза Валянціна Паляніна паведаміла старэйшыне Друцка Валянціну Шостаку, што цэны на некаторыя віды прадуктаў — хлеб, малочныя вырабы, паўфабрыкаты — адрэгуляваны ў бок змяншэння...

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter