Міхал і Ганна

Рамантычныя і драматычныя гісторыі з жыцця сельскіх настаўнікаў

Рамантычныя і драматычныя гісторыі з жыцця сельскіх настаўнікаў

Ужо ў двары сям’і Старушэнка з вёскі Дабрыгоры Бешанковіцкага раёна трапляеш у незвычайна мітуслівы і адначасова вельмі жывы, пазітыўны рытм. Па двары бегаюць дзевяць катоў і котак, перавальваюцца з нагі на нагу сорак пяць качак, падаюць голас два сабакі, звіняць званочкі на дзіцячых “веліках” і да ўсяго далучаецца кудахканне кур і галасы гаспадароў. Крыху агаломшаныя гэтым гармідарам, мы с фотакарэспандэнтам праходзім у хату і знаёмімся з насельнікамі гэтага гасціннага дома.  І пакуль ўнук Глеб старанна гуляе з кубікамі, Міхаіл Паўлавіч і Ганна Аляксандраўна расказваюць нам, як па кубіках складваліся разам іх лёсы і што з гэтага атрымалася.

Сустрэчы і раставанні

За вокнамі рэйсавага аўтобуса “Рагачоў—Гомель” праносіліся летнія палеткі і лугі, аднак васемнаццацігадовы Міша Старушэнка не зважаў на прыгожыя краявіды. Хутчэй дадому, у Рэчыцу, да бацькоў, у думках падганяў машыну новаспечаны навучэнец рагачоўскай школы ДТСААФ. Пасажыраў у аўтобусе было шмат, усе месцы заняты, і для маладой жанчыны з маленькім хлопчыкам, што села ў вёсцы Турск, месца не знайшлося. Але тут Міхал выйшаў з забыцця і прапанаваў чароўнай незнаёмцы сваё месца. Наўрад ці падазраваў ён у тую хвіліну, што праз некалькі гадоў выпадковая спадарожніца стане яго жонкай і маці для шасцярых дзяцей — траіх родных і траіх прыёмных. А ў тое далёкае лета 1970 года нават імя ў прыгажуні не спытаў.
Другая іх сустрэча адбылася праз некалькі гадоў у Брагіне. Міхаіл за гэты час адслужыў у арміі, атрымаў спецыяльнасць механіка, папрацаваў у сельскай гаспадарцы і нарэшце ўладкаваўся на пасаду інжынера ў брагінскі аўтапарк. Аднойчы таварыш па працы запрасіў хлопца ў рэстаран адзначыць імяніны. І пасадзілі Міхаіла акурат побач з Ганнай.
— Пасля банкета ўсе пайшлі танцаваць, а мы з будучай жонкай апынуліся ў гардэробе ўдваіх: яна не кідкая да тых танцаў была, — расказвае субяседнік. — І што вы думаеце: не я, а яна прапанавала мяне праводзіць. І мы  накіраваліся да раённага Дома культуры.
Пасля трох спатканняў (а ў пераліку на звычайны час мінуў тыдзень) Міхаіл прапанаваў каханай руку і сэрца. К гэтаму часу яна ўжо развялася з першым мужам і адна выхоўвала сына Віталіка.

На “Запарожцы” — ад Чарнобыля

Жыццё ішло. У 1979 годзе нарадзіліся дачка Святлана, у 1983-м — сын Павел. Ганна Аляксандраўна скончыла педагагічны інстытут і працавала настаўніцай малодшых класаў. З часам яна падбухторыла і мужа пайсці працаваць у школу. Ён таксама атрымаў педагагічную адукацыю. У брагінскай васьмігодцы Міхаіл Паўлавіч вёў урокі фізкультуры, чарчэння і працоўнага навучання. І раптам грымнула аварыя на Чарнобыльскай, ці Янаўскай, як казалі ў Брагіне, атамнай станцыі.
— Мы купілі дазіметры і памерылі радыяцыю паўсюль — у доме, на падворку, у садзе, — успамінае Ганна Аляксандраўна. — “Фаніла” ўсё. Знаёмыя паклікалі ў вёску Суша Лепельскага раёна. Мы селі ў наш маленькі “Запарожац” і паехалі шукаць тую вёску.
Не без цяжкасцей чарнобыльскія перасяленцы ўладкаваліся ў Сушы. Трохпакаёвая кватэра там была вельмі халодная, узімку тэмпература не падымалася вышэй чатырох градусаў цяпла. Праз пяць гадоў Ганну Аляксандраўну паставілі дырэктарам сельскай школы ў Велеўшчыне Лепельскага раёна. А затым лёс прывёў іх у школу ў вёсачцы з мілагучнай беларускай назвай Дабрыгоры. Галоўнае — сям’я атрымала тут свой дом.

Выратаваная дачушка

Дзеці выраслі, разляцеліся па свеце. Старэйшы сын жыве ў Радашковічах, дачка Святлана працуе дырэктарам рэстарана ў Маскве, малодшы сын з нявесткай таксама падаліся ў сталіцу Расіі. У дзеда з бабуляй на выхаванні застаўся толькі ўнук Глеб. Вялікая хата апусцела. Дзесяць гадоў таму Міхаіл Паўлавіч пакінуў настаўніцкую пасаду. Пра прычыну не расказаў. Аднак вядома праблема сельскіх школ у апошнія гады: вучняў становіцца ўсё менш, нагрузка і заробак настаўніка таксама змяншаюцца. У такі няпросты час прачыталі Старушэнкі ў раёнцы пра лёс сірот, што засталіся без бацькоўскай ласкі. І на сямейным савеце вырашылі стварыць прыёмную сям’ю. Пры такой форме ўладкавання дзяцей прыёмныя бацькі атрымліваюць зарплату выхавальнікаў, грошы на кожнага падапечнага, а таксама ім налічваецца педагагічны стаж.
— Я хацела ўзяць дзяўчынку, а муж — хлопчыка, і я яму саступіла, — расказвае Ганна Аляксандраўна. — Прыехалі ў дзіцячы дом і просім: пакажыце хлопчыка год пяці, чорненькага і з вясковымі каранямі. Нам кажуць: вы дакладна апісалі нашага Дзіму. Прывялі такога маленькага, тоненькага хлопчыка ў кароткіх штоніках. А колькі дзяцей там было, і ўсе пыталіся: калі за намі бацькі прыедуць? Я не стрымала слёз, узялі мы Дзіму і паехалі.
У Дзімы была сястрычка Валя, якая засталася ў дзіцячым доме. Прайшло некалькі месяцаў, і Старушэнкі вырашылі забраць і яе. Падрыхтавалі адпаведныя дакументы, а тут тэлефануюць з дзіцячага дома: не едзьце, дзяўчынку усынаўляюць у Італію. Аднак сям’я настаўнікаў не адступілася.
— Прыехалі і глядзім на Валечку, — успамінае Ганна Аляксандраўна. — Паказалі ёй фотакартку Дзімы, спыталі, ці ведае, хто гэта. Валя адказвае: “Мой брат”. Пытаем: “Хочаш да яго ў госці?” (пры афармленні апекі можна ўзяць дзіця на некалькі месяцаў на адаптацыю. — А.Я.) — “Хачу”. Мы і забралі яе. А праз некаторы час нас выклікала загадчыца дзіцячага дома, але мы паехалі без Валі. Чыноўнікі патрабавалі вярнуць дзяўчынку, аднак нічога ў іх не атрымалася.

Гусі з вёскі дзяцінства

Зараз Старушэнкі выхоўваюць акрамя дванаццацігадовага Дзімы і чатырнаццацігадовай Валі яшчэ адну дачушку — трынаццацігадовую Галю. Кажуць, паміж роднымі і прыёмнымі дзецьмі розніцы яны не робяць. У доме ўсім месца хапае.
Трэба сказаць, што сам дом Старушэнкаў незвычайны не толькі звонку, але і ўнутры. Драўляныя карціны, самаробныя куфэркі, шкатулкі, упрыгожаныя ўзорамі з саломкі, ласіныя рогі, амаль уся мэбля, палічкі і іншыя дамашнія прыстасаванні зроблены залатымі рукамі гаспадара. А яшчэ ён самастойна навучыўся плесці кашы, аформіўся як індывідуальны прадпрымальнік і зарабляе капейку і гэтым майстэрствам.
— Часам я пляту вялікія пузатыя кашы для бруднай бялізны, — распавядае Міхаіл Паўлавіч. — Аднойчы на кірмашы падышла паглядзець кашы пажылая пара, і бабуля  запыталася, навошта такі вялізны “мех” патрэбны. Я патлумачыў. Бабуля ж жартуе: “Якая бялізна, я дзеда свайго туды буду садзіць”.
На развітанне гаспадыня спрабуе пачаставаць нас мёдам з уласнага пчальніка. Як часта бывае, апошнія словы размовы — самыя важкія. Міхаіл Паўлавіч паказвае сваю драўляную карціну — бацькоўскі дом у вёсачцы Надзвін Рэчыцкага раёна, гусі, якіх ён пасвіў у дзяцінстве. У сям’і было шасцёра дзяцей, выжылі трое малодшых, Міша быў шостым. Каб малодшы сын мог паехаць вучыцца ў горад, маці заплаціла 25 рублёў за выклік на вучобу. А ў рэшце рэшт большую частку жыцця Міхаілу Старушэнку давялося жыць ў вёсцы. І тут зараз на прыволлі растуць яго дзеці.
— Галоўны наш клопат — паспець даць ім вышэйшую адукацыю, — дзеліцца марамі маці. — Можа, узялі б на выхаванне і болей дзяцей, але мне ўжо 62 гады, мужу — 58, баімся не паспець паставіць на ногі Дзіму, Валю і Галю. А трэба ж і старэйшых падтрымаць.
Вось такія яны — дабрыгорскія Старушэнкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter