Міфалагічная асоба

У Гродне ўшанавалі памяць «айца» літоўскай літаратурнай мовы

Памяць заснавальніка літоўскай літаратурнай мовы, грамадскага дзеяча Ёнаса Яблонскіса (1860—1930) ушанавалі ў Гродне

Ініцыятарам правядзення семінара — круглага стала, прысвечанага 100-годдзю педагагічнай дзейнасці ў Гродне вядомага навукоўца, стала Генеральнае консульства Літоўскай Рэспублікі ў горадзе Гродна. Ідэю з энтузіязмам падхапілі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і Цэнтр літоўскай мовы і культуры, што паспяхова дзейнічае ў навучальнай установе.

— У кожнага народа ёсць свая міфалагічная асоба, — зазначыла прафесар Шаўляйскага ўніверсітэта Гедрэ Чапайтэне. — Для літоўцаў гэта менавіта Яблонскіс, “бацька” літаратурнай мовы.

Даследчыца падзялілася ўнікальнымі дакументальнымі фактамі з жыцця вядомага мовазнаўца: распавяла пра яго дзяцінства і юнацкія гады, цярністы прафесійны шлях, пра няпростыя адносіны з уладамі ў барацьбе за актыўнае ўжыванне літоўскай мовы ў паўсядзённым жыцці і курсы для дзяцей, пра арышт і далейшае жыццё пад пільным наглядам паліцыі за запіскі на роднай мове.

Пасля заканчэння аддзялення класічнай філалогіі ў Маскоўскім універсітэце ён выкладаў грэчаскую і лацінскую мовы ў навучальных установах Елгавы, Таліна, Панявежыса, Брэста, Гродна, Варонежа. Калі выпала магчымасць, нарэшце вярнуўся на радзіму. Ёнас Яблонскіс быў прыкаваны да інваліднага крэсла: хвароба, якая прагрэсіравала, пашкодзіла суставы і зрабіла яго фактычна нерухомым. Таму нядзіўна, што чалавек, які ўвайшоў у кагорту вялікіх навукоўцаў свету, самастойна не напісаў ніводнай кнігі. Усе яго працы былі прадыктаваны жонцы, дзецям, вучням. Апошнія гады свайго жыцця Яблонскіс працаваў у Вільнюсе і Каўнасе.

“Малая слава гаварыць на іншых мовах, вялікі сорам не ведаць сваёй”, — заўсёды казаў сваім студэнтам лінгвіст. Таму самааддана працаваў над нармiраваннем літоўскай літаратурнай мовы, ачышчэннем яе ад запазычанняў, у першую чаргу з славянскіх моў і шматлікіх дыялектаў, сфармуляваў асноўныя моўныя правілы, займаўся таксама рэдагаваннем твораў пісьменнікаў таго часу. Багаты лінгвістычны матэрыял, сабраны Ёнасам Яблонскісам за гады плённай працы, стаў асновай сучаснага 20-томнага слоўніка літоўскай мовы.

З цікавымі паведамленнямі на семінары — круглым стале выступілі навуковыя супрацоўнікі Інстытута літоўскай мовы, даследчыкі з Гродзенскага дзяржуніверсітэта.

Са словамі падзякі за ўдзел у знакавым мерапрыемстве да ўдзельнікаў звярнулася генеральны консул Літоўскай Рэспублікі. Спадарыня Аўшра Чарнявічэне выказала ўпэўненасць, што традыцыю такіх сустрэч неабходна працягваць, і агучыла навіну: Гродзенскі гарвыканкам даў дазвол на ўвекавечанне памяці Ёнаса Яблонскіса. Таму наступную сустрэчу навукоўцаў і ўсіх цікаўных прапанавала правесці каля будынка на вуліцы Савецкай, 6, дзе некалі працаваў у мужчынскай гімназіі вядомы мовазнавец.

Падчас працы семінара была агучана яшчэ адна добрая навіна. Студэнтка 5-га курса філалагічнага факультэта ГрДУ Наталля Райко атрымала максімальную колькасць балаў — 100 — на экзамене па літоўскай мове ў Вільнюсе. Варта адзначыць, што дзяўчына толькі два гады навучалася ва ўніверсітэцкім Цэнтры літоўскай мовы і культуры. Такі высокі вынік яскрава сведчыць пра моцныя партнёрскія сувязі паміж краінамі-суседкамі ва ўсіх галінах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter