«Тарзанка», вяровачны гарадок і катанне на возеры – якія экстрэмальныя віды забаў папулярныя ў гарачым жніўні

Лыжамі па вадзе пісана

Лета заўсёды прадастаўляе прастору для самых разнастайных гульняў і забаў як дзецям, так і дарослым: катанне на веласіпедах, роліках, скейтбордах, плаванне. Але што рабіць, калі звыклыя забавы надакучылі, а душа просіць адрэналіну? Карэспандэнт «Р» даведалася,  дзе паблізу ад Мінска можна знайсці экстрым. 

Рэверсіўны тралей — 70 метраў амаль свабоднага палёту
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

Ад снегу да снегу не пустуе парк актыўнага адпачынку «Тарзанія», сумешчаны з пейнтбольным клубам на Баравой. Тут святкуюць дні нараджэння і проста адпачываюць дарослыя і дзіцячыя кампаніі, прычым кожны знойдзе забаву на свой густ. 

— Вялікай папулярнасцю карыстаецца вяровачны гарадок, — адміністратар Аляксандра Іванова праводзіць экскурсію па парку. — У ім ёсць шэсць трас рознага ўзроўню складанасці і вышыні над зямлёй. Усе яны аснашчаны бесперапыннай страхоўкай, праходзяць іх толькі пад наглядам інструктара. 

На адну з самых простых трас, жоўта-зялёнага колеру, што на вышыні 2 метраў над зямлёй, узбіраюцца тры дзяўчынкі ў спецыяльных шлемах, са страхоўкай. Акрамя інструктара, за імі сочаць таты — праз аб’ектывы фотаапаратаў. Старэйшая, Маша, ідзе пасярэдзіне, яна дапамагае малодшым перашчоўкнуць карабіны страхоўкі на кожным этапе. Але з яе сяброўкі Алісы Тарзана не выйшла — як толькі дошкі пад нагамі пачынаюць пагойдвацца, дзіця крычыць: 

— Я баюся вельмі! Я больш не хачу! — і сыходзіць з дыстанцыі. 

Нават простыя трасы паддаюцца не ўсім

Хто здзівіў, дык гэта чатырохгадовая Злата. Засяроджана закусіўшы губку, яна адважна прайшла трасу да канца.

Чатырохгадовая Злата смела пераадолела дыстанцыю

Даволі складанай дыстанцыяй лічыцца аранжава-блакітная, на вышыні 4,5 метра над зямлёй. На ёй трэба пераадолець 12 перашкод разам з «тарзанкай» — гэта калі трэба праляцець над зямлёй па тросе на роліку. І хоць розум напамінае, што ты са страхоўкай, нага не адразу адважваецца ступіць у пустату. 

Чырвона-сіняя траса знаходзіцца на вышыні 8 метраў. На яе без падрыхтоўкі не пускаюць — ахвотнікі абавязкова павінны спачатку паказаць спрыт на больш простых дыстанцыях. Узровень яе складаны, патрабуе фізічнай і тэхнічнай падрыхтоўкі. Небяспекі для жыцця і здароўя няма, але таму, хто сарваўся, скажам, з дошкі, што гайдаецца, і павіс на страхоўцы, патрэбна будзе як мінімум здолець падцягнуцца на руках, каб вярнуцца на трасу. 

На чырвона-сінюю трасу вышынёй 8 метраў над зямлёй ходзяць вопытныя і адважныя

— Усе нашы інструктары — прафесіяналы, майстры спорту і кандыдаты па спартыўна-турысцкім мнагабор’і, — запэўнівае Аляксандра. — Пры неабходнасці падымуць чалавека, дапамогуць вярнуцца на папярэдні этап.

Ніка і Антон, якія не раз ужо тут бывалі, сёння спрабуюць сябе на самай складанай трасе. 

— Дыстанцыю сярэдняй цяжкасці мы прайшлі, там ужо нецікава, — капрызна моршчыць носік дзяўчына. 

Але, здаецца, крыху пераацаніла магчымасці: праходжанне перашкод займае ў яе вельмі шмат часу. На пяты ўжо наступаюць дзяўчаты-падлеткі Даша з Палінай.

Ёсць у парку актыўнага адпачынку тралей — рэверсіўная «тарзанка» даўжынёй 70 метраў, а таксама скаладром. На ім пакуль што дзве рабочыя трасы, а будзе як мінімум пяць, у розных варыяцыях.

Тым, хто не ўяўляе лета без вады, зразумела, трэба кіравацца на пляж. А калі проста ляжаць на сонцы або гуляць у валейбол надакучыла, можна паганяць на водных лыжах. Адно з месцаў, дзе прапануюць гэту прыгожую асвяжальную забаву, — Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па вадналыжным спорце на вадасховішчы Пціч. У час, вольны ад трэніровак спартсменаў і спаборніцтваў, тут прымаюць усіх ахвотнікаў, якіх бывае нямала. Сакрэт прыцягальнасці гэтай забавы не толькі ў хуткасці і адрэналіне, але і ў тым, што для яе не патрэбна спецыяльная падрыхтоўка — усе тэхнічныя і практычныя навыкі хутка засвойваюцца. 

Хуткасць і пырскі вады — што можа быць лепш у гарачы дзень?

Тым, для каго водныя лыжы сталі пройдзеным этапам, можна паспрабаваць асвоіць яшчэ больш захапляльны від спорту — вейкбордынг, дзе замест дзвюх лыж выкарыстоўваецца спецыяльная дошка.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter