“Люцыян Таполя” па-кітайску

Максім Танк — адзін з беларускіх аўтараў, якога перакладаюць больш за іншых

Максім Танк — адзін з беларускіх аўтараў, якога перакладаюць больш за іншых

Сёння творы паэта гучаць на ўкраінскай, рускай, польскай, таджыкскай, азербайджанскай, казахскай, грузінскай і іншых мовах. У дзясятках краін свету творчасць беларуса цікавіць, узрушвае, натхняе... Нават у далёкім Кітаі. У гэтым прызналіся на вечары ў Доме дружбы “Перапіска з сусветам”, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Танка, кіраўнікі дыпламатычных місій у Беларусі, якія прачыталі вершы беларускага класіка на сваіх мовах.

Калі чуеш Танка на ўкраінскай, славацкай ці польскай мовах, здзіўляешся не так моцна. Славянскія мовы ўсё ж такі вельмі падобныя. І па мелодыцы, і па лексіцы. Ды і ў культуры нашых народаў ёсць шмат агульнага. “Калі чытаеш у Танка пра чарку ды шкварку, то здаецца, што гэта ён пра нас, украінцаў, пісаў, —  прызнаўся пастаянны ўпаўнаважаны прадстаўнік Украіны пры каардынацыйных інстытутах СНД Іван Бунечка, які прачытаў верш “Не давайце таму хлеба...”.— Можа, таму ён так лёгка і мілагучна гучыць па-ўкраінску. Спяваць хочацца, а не чытаць!”

А ўявіце сабе Танка па-кітайску! “Я не паэт і не спявак, — выступіў перад гасцямі Дома дружбы саветнік па сувязях з грамадскасцю і СМІ пасольства КНР Сунь Хунчжы. — Але я шчаслівы, што маю магчымасць чытаць Танка на кітайскай мове. Яго вершы — наша агульнае багацце. Мы раздзяляем любоў беларусаў да гэтага вялікага творцы”.

Цёпла, сардэчна гаварылі замежнікі пра нашага земляка. І ў іх словах чулася шчырая падзяка за тое, што ў свой час Максім Танк зрабіў многае, каб пра культуру іх краін даведаліся ў Беларусі.

“Вельмі здзівілася, калі даведалася, што ёсць Максім Танк, які перакладаў на беларускую мову японскіх аўтараў, — прызналася саветнік па пытаннях культуры пасольства Японіі Ханаду Тамока. — Вось, да прыкладу, верш Дзюн Такамі “Я слабы”, перакладзены Танкам. Гэта ж проста цуд!”

Паэт быў выдатным перакладчыкам. У яго зборніках мы можам знайсці перакладзеныя на беларускую мову творы паэтаў і пісьменнікаў з 30 краін свету!

“Нельга ніводнаму народу свету замкнуцца ў сваёй нацыянальнай шкарлупіне і не ўзбагачацца за кошт культур іншых народаў, — лічыць пісьменнік, дыпламат, старшыня таварыства “Беларусь — Польшча” Анатоль Бутэвіч. — Максім Танк быў адным з тых, хто гэта разумеў і актыўна дзейнічаў у дадзеным кірунку”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter