Конкурс биографических произведений о белорусских писателей продолжается

Люстэрка для класікі

Напэўна, вы пагадзіцеся, што для таго каб уявіць якога‑небудзь класіка як асобу, мала радкоў з энцыклапедыі, і артыкулы са школьнай праграмы па літаратуры не спраўляюцца. А вось конкурс біяграфічных твораў «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», аб’яўлены рэдакцыяй часопіса «Маладосць» сумесна з кафедрай тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі, якраз і спрабуе наблізіць да нас знаёмыя яшчэ па школе постаці. Пра конкурс расказваюць галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Воцiнава і дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ Ігар Запрудскі.

«СБ»: Як узнікла задума праекта?

Ігар Запрудскі: Выкладаючы гісторыю літаратуры ХХ стагоддзя на філфаку БДУ, я даўно ведаў пра незайздросны стан беларускай біяграфічнай прозы. Сярод яе сціплых здабыткаў трэба назваць раман‑эсэ Алега Лойкі «Янка Купала», у беларускім варыянце вядомы пад назвай «Як агонь, як вада», твор Сцяпана Александровіча «Крыжавыя дарогі: аповесць пра Якуба Коласа» і толькі нямногія іншыя. З’яўленне навукова‑папулярнай серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» прынцыпова сітуацыю не змяніла. А параўнанне некаторых кніжачак серыі з рускімі, польскімі і французскімі бія­гра­фічнымі творамі пакінула ўражанне, нібыта сучасныя беларускія біёграфы лічаць, што пра жыццё сваіх герояў можна пісаць сумна і нецікава. І справа тут не ў таленце аўтараў, а ў сіле мастацкай традыцыі. Скажам, французская біяграфіка ўжо мела багатыя напрацоўкі, калі Андрэ Маруа паставіў на паток напісанне раманізаваных жыццяпісаў Бальзака, Гюго, Дзюма і іншых класікаў еўра­пейскай літаратуры. У нас біяграфічны жанр пра­яўляецца толькі ў 1980‑я гады. Пасля абмеркавання праблемы на кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ і ўзнікла ідэя абвясціць конкурс.

Ігар Запрудскі

«СБ»: Хто браў удзел у конкурсе?

Святлана Воцінава: На 14 прапанаваных пісьменнікаў мы атрымалі 46 заявак ад людзей самых розных: школьніца, студэнты, учарашнія вы­пуск­нікі філфака, на­стаўнікі, бібліятэкары, універсітэцкі выкладчык, работнік сацыяльнай сферы, краязнаўцы, рэжысёр святаў, музейныя работнікі, літаратары, пенсіянеры... I ўзросты адпаведныя: самаму юнаму ўдзельніку — 16, самаму сталаму — 70 гадоў.  

«СБ»: Па якіх крытэрыях адбіраліся персаналіі для праекта?

Ігар Запрудскі: Значнасць постаці пісьменніка для літаратурнага працэсу, наяўнасць дакументальнай базы для асвятлення яго жыцця, адсутнасць фактаў побыту пісьменніка ў экзатычных краінах, што магло выклікаць цяжкасці ў адлюстраванні іх каларыту. Для мастацкага асэнсавання былі прапанаваны жыццяпісы 14 класікаў і менш вядомых літаратараў ХІХ стагоддзя: Равінскага, Баршчэўскага, Чачота, Савіча, Дуніна‑Марцінкевіча, Сыракомлі, Каратынскага, Вуля, Каліноўскага, Абуховіча, Багушэвіча, Ажэшкі, Манькоўскай і Лучыны. Можна лічыць, што спрэчак не было.

«СБ»: Што на выхадзе: публікацыі, кнігі?

Святлана Воцінава: Безумоўна, як у любым конкурсе, не ўсе атрыманыя работы былі на належным узроўні. Нехта сышоў з дыстанцыі, не разлічыўшы сілы і папросту не паспеўшы справіцца з задачай, нехта не вытрымаў патрэбны аб’ём, таму членам журы было прадстаўлена на чытанне не 46 работ, а толькі 25. Заўважу, што ўсе работы былі зашыфраваны — ніхто з журы не ведаў, чый тэкст чытае. У выніку дыпломы і граматы, падарункі (салодкія і інтэлектуальныя), а таксама грашовыя прэміі розных памераў атрымалі 10 чалавек. Пяцёра з іх напісалі паўнавартасныя біяграфіі, якія ўвайшлі ў кнігу (яна цяпер рыхтуецца да друку), іншыя добрыя творы, якія хоць і не адлюстравалі паўнату жыцця і творчасці героя, але маюць высокую мастацкую якасць, надрукаваны ў «Маладосці».

Святлана Воцінава

«СБ»: Ці не здаралася, што трактоўка нейкім аўтарам біяграфіі героя была спрэчнай?

Ігар Запрудскі: Са­праўды, у некаторых дасланых на конкурс творах заўважалася недастатковае веданне пры аперыраванні фак­тыч­нымі звесткамі. У кож­ным з лепшых твораў было прапанавана аўтарскае бачанне постаці героя‑літаратара. І гэта вельмі добра. Маруа пісаў: «На свеце заўсёды будзе існаваць рамантыка для таго, хто яе варты». А ці ж гэта не рамантычна: стаць біёграфам вядомага пісьменніка?

 «СБ»: Якія перспектывы праекта?

Святлана Воцінава: Задача‑максімум конкурса выканана ў дачыненні да біяграфій 5 літаратараў — Яна Баршчэўскага, Вікен­ція Равінскага, Яна Чачота, Пранціша Вуля і Янкі Лучыны. Будзем спадзявацца, што кніга, у якую ўвайшлі іх мастацкія жыццяпісы, будзе рэальным дапаможнікам выкладчыкам беларускай літаратуры і спадабаецца школьнікам і студэнтам. Іх імёны выключаны са спісу другога тура конкурсу, але тым не менш ён цяпер уключае не 9, а 12 літаратараў — уведзены 3 дадатковыя (хочацца спадзявацца на большае).

Другі тур быў абвешчаны 22 красавіка, і да 31 ліпеня мы будзем прымаць заяўкі, адсылаючы канкурсантам, як і ў першым туры, спісы крыніц, кансультуючы ўсіх жадаючых і друкуючы ў «Маладосці» артыкулы ў дапамогу. Работы прымаюцца з 1 мая да 31 кастрычніка.

cultura@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter