Перакошаны фінансавы падыход у АПК перш за ўсё хвалюе Валянціна Карпава

«Людзьмi на балоце мы засталiся. Але паспяховымi»

У САВЕЦКІЯ часы пасля шырокамаштабнай меліярацыі беларускага Палесся на абноўленых землях па дзяржаўнай праграме будаваліся новыя саўгасы з сацыяльна-бытавой інфраструктурай. На базе адной з такіх гаспадарак у Жыткавіцкім раёне ўтворана КСУП “Коленскае”, кіраваць якім даверылі выпускніку эканамічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Валянціну КАРПАВУ (на здымку). Малады дырэктар даволі хутка вывеў калектыў у перадавыя не толькі на Гомельшчыне, але і ў рэспубліцы. Таленавітаму кіраўніку прапанавалі ўзначаліць раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі, дзе ён з першых дзён пачаў ажыццяўляць свой стыль кіравання, і поспех стаў відавочным. Жыткавіцкі раён па тэмпах росту валавой прадукцыі стаў лідарам на Палессі. Валянціну Мікалаевічу Карпаву паступалі прэстыжныя кар’ерныя прапановы з Гомеля і Мінска. Але на піку славы ён вярнуўся ў родныя мясціны і ў другі раз узначаліў коленскую гаспадарку.



— Валянцін Мікалаевіч, чым абумоўлены быў такі ваш крок?

— З Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання за працоўныя здабыткі на працягу года атрымаў шэсць дыпломаў, а ў раёне па два разы на месяц меў вымовы, якія пракуратура з-за неабгрунтаванасці ўсе адмяніла, — адказвае Валянцін Мікалаевіч. – Ініцыятыва часам каральная. Свой стыль кіравання, апрабаваны на гаспадарцы, ажыццяўляў у маштабах раёна. Эканамічныя паказчыкі ў сельскай гаспадарцы выраслі, і раён выйшаў у рэспубліканскія лідары па тэмпах развіцця аграпрамысловага комплексу. Валавая вытворчасць збожжавых падвоілася і дасягнула 32000 тон, а сёлета плануецца ўзяць рубеж у 60000 тон. Значна павялічылася вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі. Сярэднегадавы ўдой ад каровы вырас і перавысіў чатыры тысячы кілаграмаў.

Разам з раённымі спецыялістамі і прадстаўнікамі гаспадарак распрацавалі сістэму арганізацыі працы на палях і фермах. Аператыўна правялі тэхнічнае пераўзбраенне перад самым павышэннем цэн на сельгастэхніку. Паспелі набыць трактары «МТЗ» па 120 мільёнаў рублёў, якія неўзабаве падаражалі ў тры разы. Збожжаўборачныя камбайны і іншыя машыны ўдалося купіць па старых цэнах.

— Каб абнавіць машынна-трактарны парк гаспадарак неабходны былі сродкі. Адкуль выкройвалі іх?

— Схема даволі простая. Пачалі з рэканструкцыі ўласнымі сіламі жывёлагадоўчых памяшканняў. Выкідалі драўляныя клеткі з клюшачнікаў і пашыралі ўваходныя дзверы, каб тэхнікай можна было заязджаць і механізавана ўбіраць падсцілку. Гэта дало магчымасць зменшыць затраты ручной працы і павысіць прадукцыйнасць. Паскорыўся абарот статка. Набылі новыя кормазмяшальнікі “Гаспадар”, што дазволіла дакладна вытрымліваць тэхналогію прыгатавання і выдачы кармоў. Для збалансаванасці фуражу пашырылі плошчы пад кармавыя культуры, узмацнілі выкананне тэхналагічных патрабаванняў на палях. Гэты ланцужок самых простых дзеянняў выцягнуў рост вытворчых паказчыкаў. Таму што палешуку аднаму з багны не выбрацца без падтрымкі.

Вось і нашаму раёну дапамагалі інвестыцыямі. На жывёлагадоўчыя комплексы пастаўлялася сучаснае абсталяванне. На фермах устанавілі малочныя танкі, закрытыя малочныя халадзільнікі. Значна большыя сумы грошай сталі паступаць ад рэалізацыі высакаякаснага малака. Розніца вялікая: 400 тысяч і 5 мільёнаў рублёў за тону прадукцыі рознай якасці.

Атрымліваемыя прыбыткі ўкладвалі ў тое, што хутка дае эфект. На адной ферме дастаткова было збудаваць павець, на іншай патрабаваліся большыя намаганні, каб мець максімальны прыбытак. Пастаянна павялічвалі пагалоўе буйной рагатай жывёлы і павышалі яго прадукцыйнасць.

— Як выпраўлялі сітуацыю паміж эканамічна трывалымі гаспадаркамі і слабейшымі?

 — Больш увагі надавалі праблемным калектывам. Раённыя спецыялісты пастаянна на месцах раілі, што распачаць для лепшага эфекту. У некаторых калектывах даводзілася вучыць элементарным метадам кіравання. Ад таго, хто не здольны, поспеху не будзе. З некаторымі спецыялістамі і кіраўнікамі гаспадарак вырашалі спрэчныя пытанні, ініцыятыву ўсяляк падтрымлівалі. 

— А чым, скажыце, жыве сёння ваша гаспадарка?

— Сяўбой. Перад ёй заправілі палі арганікай, падкармілі тукамі. І так на кожным полі вытрымліваем тэхналогію. На пясчаніках з урадлівасцю крыху больш за 20 балаў стабільна збіраем звыш 30 цэнтнераў збажыны з гектара, што значна перавышае норму. Валавы намалот збожжавых летась павялічылі на трэцюю частку ў параўнанні з папярэднім годам, і ён склаў чатыры з паловай тысячы тон. Штогод амаль паўтысячы гектараў адводзім пад рапс, які дае да 30 цэнтнераў з гектара, што вышэй сярэднееўрапейскага ўзроўню. Мінулай восенню на непакрытых снегам палях маразы знішчылі большую частку пасеваў, і вясною перасявалі збожжавымі і кукурузай. Удвая сёлета пашырылі плошчы пад кукурузу на зерне. 

Па эфектыўнасці выкарыстання меліяраваных зямель лідзіруем не толькі ў раёне. Дасягнулі стабільнай рэнтабельнасці раслінаводства.

І гэта пры тым, што ўсе нашы шэсць тысяч гектараў сельгасугоддзяў размешчаны на былой палескай дрыгве. Чатыры тысячы гектараў выкарыстоўваем пад сельгаскультуры, а на астатніх плошчах заліўныя сенажаці, якія лугамі не назавеш. Мы засталіся людзьмі на балоце, але ўзняліся да паспяховых.

— Замест чаўноў, якімі яшчэ зусім нядаўна тут карысталіся палешукі, у любы куток гаспадаркі можна дабрацца на аўтамашыне.

— Меліяратары адваявалі ў балот зямлю, праклалі дарогі. Але ў адрозненне ад іншых гаспадарак, пабудаваных на абноўленых глебах, нашы палі засталіся дробнаконтурнымі. Лапікі ад трох да пяці гектараў, на якіх складана выкарыстоўваць магутную тэхніку. Такія ўчасткі толькі для коннай касілкі сярэдзіны мінулага стагоддзя. 

Дамбы, што абараняюць угоддзі ад затаплення, стрымліваюць зваротны сцёк вады. Утварыліся лакальныя балотцы з люстэркамі вады. Паводкавы глей угнойваў пойму. Нізіны прамываліся і ачышчаліся праточнай плынню. Пасля дамбіравання нізіны закісаюць і зарастаюць. 

Многае з генеральнага плана будаўніцтва гаспадаркі не паспелі своечасова рэалізаваць. Увогуле гэты праект прадугледжваўся для Хойніцкага раёна. Але пасля чарнобыльскай катастрофы яго аператыўна перанеслі на жыткавіцкія балотныя землі. На вуліцы цэнтральнай сядзібы гаспадаркі, у вёску Кольна, што стала аграгарадком, толькі горы жоўтага пяску навазілі, асфальт не ўсюды паклалі. 

На мехдвары так і не пабудавалі тыпавую рамонтную майстэрню. Будзем гаспадарчым спосабам яе ўзводзіць, каб было дзе рамантаваць тэхніку. 

Планаваўся і малочна-таварны комплекс з сучаснай даільнай залай. Два гады будоўля замарожана і пакуль не ўключана ў фінансаванне. Усё ўпіраецца ў сродкі. Вышукваем іх, каб далей развівацца.

— Паколькі жывёлагадоўля ў вас больш рэнтабельная, ёй аддаецца перавага?

— Так, эканамічны механізм лепш адладжаны ў гэтай галіне. Дзякуючы значнаму паляпшэнню якасці рэалізуемага малака і збалансаванаму кармленню дабіліся зніжэння сабекошту прадукцыі. У параўнанні з раслінаводствам у жывёлагадоўлі большыя магчымасці дабіцца стабільнасці паказчыкаў. Вынікі менш залежаць ад прыродна-кліматычных катаклізмаў. Штодня рэалізуем звыш 13 тон малака, а дзесяцігоддзе таму было ў чатыры разы менш. Пасля ўстаноўкі сучаснага халадзільнага абсталявання каля 80 працэнтаў малака сталі прадаваць сортам «экстра», астатняе вышэйшым гатункам і таму штомесячна дадаткова атрымліваем каля двухсот мільёнаў рублёў. Таварнасць малака перавысіла 92 працэнты. Рэнтабельнасць галіны ўзнялася да 17 працэнтаў. Яшчэ зусім нядаўна ўся выручка ад рэалізацыі малака забяспечвала фонд заработнай платы, а сёлета толькі 23 працэнты.

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы за два дзесяцігоддзі на тых жа плошчах павялічылі ў чатыры разы, яно перавышае 4000 галоў, што складае па адной галаве на гектар раллі. Дойны статак, які налічвае 1100 кароў, утрымліваецца на малочных фермах Кольна і Рудня. Перадавыя даяркі летась атрымалі больш за пяць тысяч кілаграмаў малака ад каровы, а сярэдні гадавы ўдой на карову па гаспадарцы склаў 4220 кілаграмаў. Павышэнне валавога збору зерня дае магчымасць узбагачаць канцэнтратамі рацыён і павышаць прадукцыйнасць жывёлы.

Сярод безлічы розных клопатаў Валянціна Карпава цяжка вызначыць галоўныя. Так было з самага пачатку кіравання гаспадаркай, калі трэба было вырашаць, аддаць перавагу набыццю новай тэхнікі, патрэбы ў якой былі вялікія, ці пабудаваць школу. 

— З тэхнікай разабраліся, але школа – гэта ж наша будучае, — і цяпер перакананы Валянцін Мікалаевіч. – Больш за дзвесце дзяцей з навакольных вёсак атрымалі цудоўныя ўмовы для самарэалізацыі. Многія выпускнікі школы працягваюць вучобу і вяртаюцца дамоў спецыялістамі. Дзве трэція ў калектыве маюць спецыяльную ці вышэйшую адукацыю. На працягу двух дзесяцігоддзяў сярэдні ўзрост працаўнікоў не перавышае 40 гадоў. На справаздачным сходзе, дзе прысутнічаў і старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі, прыемным сюрпрызам стаў паказ відэафільма. Прысутныя ў зале пазнавалі сябе. На працягу года сам здымаў цікавыя моманты нашага жыцця. Гэта яднае калектыў. 

Перад выхадам у поле на мехдвары правялі сход, на якім гаварылася, што мы шчаслівыя тым, што сем дзён на тыдні, нават без выхадных, маем працу, і ніхто думак не дапускае, што раптам заўтра не будзе задзейнічаны. Пры ўсіх складанасцях вырашаем пытанні запчастак, паліва, тукаў і забяспечваем людзей працай. Сем’і спакойна разлічваюць на стабільны бюджэт. Сярэднямесячны заробак за мінулы год склаў пяць мільёнаў рублёў. Усе працуючыя забяспечаны жыллём. Летась пяць катэджаў засялілі маладыя сем’і. У гаспадарцы 140 катэджаў. Чаргі на жыллё няма. 

 — Валянцін Мікалаевіч, жыццё дае новыя клопаты, турботы. Якія яны сёння ў вас?

— Захаваць калектыў і трымаць рэжым вытворчасці, каб рухацца далей. Часам задумваюся над некаторымі недарэчнасцямі. Нас часта выклікаюць на розныя нарады, пасяджэнні, і ўсё за нашы сродкі. А чаму камандзіровачныя расходы не аплачваць ініцыятарам мерапрыемстваў? Будзе магчымасць задумацца, ці ёсць патрэба ў выкліках. Занадта мы цацкаемся з маладымі спецыялістамі. Чамусьці на працягу трох гадоў забаронена атэстоўваць выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. А такому спецыялісту даручана выкарыстанне дзяржаўных сродкаў. Як не атэстоўваць пачынаючых агранома, ветурача, механіка? Яны павінны адчуваць сваю адказнасць. 

Хвалюе мяне як эканаміста, што зноў змяніўся ў неправільны бок дыспарытэт фінансавага падыходу ў сельскай гаспадарцы. Тры гады запар цана ялавічыны 20000 рублёў за кілаграм. Электраэнергія і паліва ў некалькі разоў падаражалі. Кормнік не дасць у некалькі разоў большай прывагі, і карова вышэй магчымага ўдой не павысіць. У Ізраілі дасягнулі прадукцыйнасці 11 тысяч кілаграмаў малака ад каровы ў год, і ўсё. Ёсць мяжа, за якую пераступаць небяспечна.

Уладзімір СУБАТ, «СГ»

Фота аўтара

Жыткавіцкі раён
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter