Толькі за год глыбоцкія меліяратары прынеслі дзяржаве звыш 1,5 мільёна долараў ЗША

Людзi на балоце. I заводы

«Канкурэнцыя толькi прыбаўляе мелiяратыўнай творчасцi»

ТОЛЬКІ за год, удзельнічаючы ў некалькіх замежных інвестыцыйных праектах, глыбоцкія меліяратары прынеслі дзяржаве звыш 1,5 мільёна долараў ЗША. КУП “Глыбоцкая ПМК — меліявадгас” узначальвае Эдуард Танканог, “Чалавек года Віцебшчыны”. Сёлета ён узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. Аб тым, як спраўляліся глыбоцкія меліяратары з даволі нялёгкай задачай па падрыхтоўцы аб’екта на балоце, — наша інтэрв’ю з Эдуардам ТАНКАНОГАМ.


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мечыслаў МОРХАТ, заснавальнік чэшскай будаўнічай кампаніі Марцін БЕРАН, галоўны рэдактар “Сельской газеты” Сяргей МІХОВІЧ, дырэктар “Глыбоцкай ПМК—меліявадгас” Эдуард ТАНКАНОГ.

— Эдуард Аляксеевіч, усё-такі ў жыцці ёсць нейкія заканамернасці: так здарылася, што вы пачыналі свой працоўны шлях у Шаркаўшчынскім раёне якраз з меліярацыі на ўчастку “Скураты”, і цяпер, амаль праз чатыры дзясяткі год, зноў вярнуліся на гэтае месца.

— Сапраўды, падобнае нават прыдумаць было цяжка. Я прыйшоў на работу ў 1977 годзе пасля політэхнічнага інстытута якраз на гэты ўчастак, і мы тады заканчвалі яго пад здабычу торфу для сельскай гаспадаркі. Заказчыкам была “Сельгасхімія”, і здавалі аб’ект ёй. Яна ж, у сваю чаргу, вывозіла гэты торф на палі калгасаў і саўгасаў, рабіла з яго падсцілкі на фермах. Гэта была дзяржаўная праграма “Торф”, якую дзяржава і аплачвала. Вельмі добрая праграма, якая працавала на сельскую гаспадарку, на павышэнне ўрадлівасці глебы, на ўраджай.

— І ў якім стане вы знайшлі гэты ўчастак праз столькі год?

— Шчыра кажучы, не пазнаў. Там, дзе калісьці было  поле, рос лес. Ды яшчэ які! Ці паверыце, дыяметры асобных ствалоў бяроз у камлі дасягалі да 30—40 сантыметраў. Пачыналі з выразкі лесу, нарыхтоўкі дроў. Вывезлі іх тысячу кубоў. Потым асушалі балота, паглыблялі сетку, каб можна было выбраць карчы. Аднак самым праблемным аказаўся не лес, а недастатковасць спецыяльнай тэхнікі менавіта для работы на балоце. Такую старую тэхніку яшчэ з савецкіх часоў, якой практычна амаль ужо нідзе не было, вышуквалі  па ўсёй рэспубліцы.


Меліяратары Глыбоцкай ПМК перад выездам на аб’екты.

— А як вам увогуле ўдалося выйграць тэндар на такі прэстыжны аб’ект, бо прэтэндэнтаў, як мы ведаем, было нямала: і ў  вобласці, і ў рэспубліцы ў цэлым?

— Па-першае, наша ПМК — лідар сярод 26 меліяратыўных арганізацый вобласці. З года ў год займаем першае-другое месца. Ды і ў рэспубліцы на перадавых пазіцыях. Галоўны ж фактар у тым, што да ўсялякай работы падыходзім і выконваем яе не толькі сумленна, але і творча. Узяць, напрыклад, праект па меліярацыі. У ім усё суха. А на месца прыедзеш — вымачкі. Іх трэба ўбраць. Там неабходна пракапаць канаву. І ўсё на гэтым. Але калі падыходзіць творча, то і самім нешта каштоўнае можна прыдумаць, бо, як кажуць, на месцы відней. Проста зямлю трэба любіць, працаваць з ёй, як  бы ні было гэта складана. Пагаджуся, для гэтага павінны быць адпаведныя кадры. Яны ў нас ёсць. Адзін з іх прараб Васіль Варона, наш самародак. У меліярацыі амаль паўвека. Яшчэ юнаком падаўся з роднай Міёршчыны на Данбас у шахты даставаць вугаль. Але неўзабаве вярнуўся дахаты, уладкаваўся ў меліярацыйную арганізацыю. Яго душа ляжыць да гэтага. У яго атрымліваецца  ўсё: і з людзьмі знаходзіць узаемапаразуменне, і аб’ект зробіць якасна.  І яшчэ — ён шостым ці сёмым пачуццём  “адчувае” гэта самае балота. Чатыры дзясяткі год стаж у экскаватаршчыка Генрыха  Самуйлы. Гэта майстар вышэйшага класа, які таксама шчыруе на тарфяным участку “Скураты”. І такіх людзей у нас нямала. Ветэраны — залаты фонд нашай арганізацыі, якія перадаюць свой вопыт і веды моладзі. Эстафету бацькоў прымаюць дзеці. Ад Васіля  Кірылава прыняў экскаватар сын Аляксандр. Ён сёння ні ў чым не саступае па майстэрству старэйшым. Цэлая сямейная дынастыя  вадзіцеляў Палідаўцоў: бацькі Расціслава і двух яго сыноў, Сяргея і Аляксандра. На абласную Дошку гонару меліяратараў занесены трактарыст Аляксандр Дзямідка, бацька якога таксама быў у нас механізатарам. Хачу сказаць яшчэ пра двух маладых экскаватаршчыкаў — Віктара Масквіціна і Аляксандра Рагаценя. Яны закончылі Лепельскі каледж меліярацыі. Віктар атрымаў прафесію механіка, аднак у нас гэтае месца было занята, і тады ён падаўся на экскаватар. Па яго слядах пайшоў і Аляксандр.


Тэхніка накіроўваецца на аб’ект.

— Эдуард Аляксеевіч, як вядома, удзел “Глыбоцкай ПМК — меліявадгас” у інвестыцыйных замежных праектах далёка не першы.

— Так, мы даволі цесна супрацоўнічаем з харвацкай фірмай па рэканструкцыі ААТ “Нафтан”, якая будуе там устаноўку па вытворчасці серы. Гэта будзе самая сучасная тэхналогія не толькі ў Еўропе, але і ў свеце. І наогул, пасля рэканструкцыі ступень перапрацоўкі сыравіны дасягне на “Нафтане” 90 працэнтаў. Дык вось, у нас з гэтай харвацкай фірмай заключаны дагавор на экспартныя паслугі. “Нафтан” разлічваецца з гэтай фірмай валютай, а яна гэтай жа валютай выплачвае нам за выкананую работу. Толькі валюту здае ў наш банк, а нам ён выдае беларускімі грашыма. Такім чынам, валюта вяртаецца назад у дзяржаву. За мінулы год мы выручылі  больш за  мільён долараў ЗША. Сёлета за 5 месяцаў — паўмільёна.

Кожны дзень на “Нафтан” адпраўляецца па два аўтобусы (60 чалавек). Тут, дарэчы, мы “прапісаліся” 15 год таму. Здолелі стварыць нядрэнны імідж, дзякуючы якому  вытрымліваем вельмі жорсткую канкурэнцыю. Даволі сказаць, што там прысутнічае Салігорскі ардэнаносны будаўнічы трэст, які ўзводзіў спартыўную арэну ў Барысаве.

— Ездзіць за 100 кіламетраў на работу, відаць, не надта зручна?

— Мы стараемся захаваць, як кажа наш Прэзідэнт, касцяк калектыву. Тых жа экскаватаршчыкаў, бульдазерыстаў. У нас у сярэднім у ПМК 165 чалавек. Летам — да 200. Аб’ёмаў у меліярацыі ўсяго на 20 працэнтаў. Таму шукаем і бяромся за любую работу.  Пад Мінскам, у Раўбічах, нашы людзі — у прыватнікаў. Крызісы прыходзяць і сыходзяць. І выйграе той, хто зберажэ кадры.


Той самы цеплавоз на балоце.

— Эдуард Аляксеевіч, як асабіста вы прыйшлі ў меліярацыю?

— Чыста выпадкова. Закончыў політэхнічны інстытут у Мінску і быў размеркаваны на завод вылічальнай тэхнікі. Жыць у сталіцы не хацелася, пацягнула дахаты, на Шаркаўшчыну. Работы такой не было, ну і падаўся ў меліярацыю, бо яна тады грымела, была справай усенароднай. Пачынаў участковым механікам з нуля. Шмат чытаў тэхнічнай літаратуры, пераймаў вопыт у знакамітых людзей.

— Меліярацыйныя праекты, акрамя Шаркаўшчыны, здзяйсняеце?

— Так, у нас  дзейнічае Дзяржаўная праграма па аднаўленні меліяратыўных зямель.  Летась здалі паўтысячы гектараў у сваім, Глыбоцкім, раёне і частку — у Гарадоцкім. Сёлета рыхтуем аб’ект у 300 гектараў у СВФ “Мнюта” ААТ “Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат”. Можна сёння пачуць нават ад міністэрскіх работнікаў, што грошы, якія выдзяляюць на меліярацыю, лепш было б аддаць на закупку ўгнаенняў. Катэгарычна не згодзен! Угнаенні — на адзін год. Меліярацыя — на дзясяткі ,і яна ўвогуле адраджае зямлю, вяртае ёй урадлівую сілу.


Старшы прараб КУП “Глыбоцкая ПМК—меліявадгас” Васіль ВАРОНА

— Але вернемся на тарфяны ўчастак «Скураты», дзе актыўна асвойваюцца чэшскія інвестыцыі. Здасце ў ліпені аб’ект у 83 гектары — і на гэтым усё?

— Не, побач такая ж рэканструкцыя ўчастка ў 39 гектараў. А на перспектыву — новае будаўніцтва, торфаўчастак з нуля — 200 гектараў. Там лес, некранутае балота. Неабходна абслугоўваць і ранейшыя адноўленыя ўчасткі. А гэта пастаянная работа на дзясяткі год. Чэхі ўклалі вялікія грошы, яны прыйшлі к нам надоўга. Пастараемся плённа супрацоўнічаць і з гэтай фірмай.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter