Людзi на балоце. I заводы

У ПАПЯРЭДНІХ пісьмах мы расказвалі аб чэшскіх прадпрыемствах “СІСТЭКО-Дзвіна” і “БРЫЗАТ-Рэсурсы”

У папярэднiх пісьмах мы расказвалі аб чэшскіх прадпрыемствах “СІСТЭКО-Дзвіна” і “БРЫЗАТ-Рэсурсы”
У ПАПЯРЭДНІХ пісьмах мы расказвалі аб чэшскіх прадпрыемствах “СІСТЭКО-Дзвіна” і “БРЫЗАТ-Рэсурсы”, якія на землях Шаркаўшчынскага і Глыбоцкага раёнаў узводзяць заводы па перапрацоўцы торфу, вытворчасці субстратаў для сельскагаспадарчых мэт і паліўных пелетаў, аб будаўніках з Віцебска і глыбоцкіх меліяратарах, якія працуюць там.  Каштоўна, што ў здзяйсненні арыгінальнага праекта прымаюць самы актыўны ўдзел усе больш значныя прадпрыемствы і арганізацыі самой Шаркаўшчыны: КУП “Шаркаўшчынскае ПМС”, ААТ “Шаркаўшчынскі райагратэхсэрвіс”, ДКУБП “Шаркаўшчынская ПМК-68”, ДРБУ-131, ЖКГ. Аб некаторых з іх — наш расказ.

На планіроўцы тэрыторыі аб’екта прараб Шаркаўшчынскай ПМК-68 Аляксандр ХОМІНІЧ і галоўны прараб Віцебскага сельскага будаўнічага камбіната
На планіроўцы тэрыторыі аб’екта прараб Шаркаўшчынскай ПМК-68 Аляксандр ХОМІНІЧ і галоўны прараб Віцебскага сельскага будаўнічага камбіната

Што дае i дасць «будоўля веку»


БОЛЬШ за 3 мільярды рублёў зарабіў летась калектыў Шаркаўшчынскага ПМС, выконваючы падрад чэшскага прадпрыемства “СІСТЭКО-Дзвіна”.

Расказвае намеснік дырэктара Часлаў Міхалёнак:

— Дастаўся нам участак на балоце ў 64 гектары, які асушалі яшчэ трыццаць гадоў таму назад. Адсюль “Сельгасхімія” тралявала торф гусенічнымі трактарамі з трыма прэчэпамі для сельскай гаспадаркі цэлую зіму. Перамешвалі верхавы торф з гноем, і атрымліваліся цудоўныя кампосты, якія ўносілі ў глебу пад бульбу, буракі. Багатыя ўраджаі атрымлівалі. Потым па розных прычынах торфараспрацоўкі гэтыя закінулі. Яны зараслі кустамі, велізарнымі дрэвамі. Давялося ўсё гэта выразаць, выцягваць пні. Надзвычайнай праблемай стала выбарка карчоў. Для гэтага патрабавалася спецыяльная тэхніка, якую даўно ніхто не выпускае. Падобны агрэгат  “МТП-26” паўвекавой даўнасці, які быў у нас, на пераўвільготненай глебе не пайшоў. Здавалася, што тупік. І тады на выручку прыйшоў наш Кулібін — Мікалай Мікалаевіч Таўкінь, які пераставіў машыну на гусеніцы, унёс іншыя змены. Гэты чалавек надзвычайна таленавіты ў тэхнічнай творчасці. Яму 72 гады. Не ўседзеў на пенсіі, вярнуўся на работу. Займаецца рэстаўрацыяй меліярацыйнай тэхнікі, якой дэфіцыт. Напрыклад, шматкаўшовыя экскаватары яшчэ савецкіх часоў служаць і цяпер толькі дзякуючы яму. Увасабляць у жыццё рацыяналізатарскія прапановы Таўкіню дапамагаюць токар Віктар Палонікаў, слесар Веніямін Альшэўскі, зваршчык Антон Шышко.

Мікалай ТАЎКІНЬ каля свайго адрэстаўры-раванага карчавальніка
Мікалай ТАЎКІНЬ каля свайго адрэстаўры-раванага карчавальніка

Увогуле ж меліярацыя ў агульным аб’ёме работ займае ў нас трохі больш за 40 працэнтаў. Летась здалі 444 гектары. Сёлета правялі рэканструкцыю на 112 гектарах у ААТ “Даватарскі”, і засталося яшчэ там прыкладна столькі ж. Пачалі буйны аб’ект “Буеўшчына” ў 400 гектараў, дзе была адкрытая меліярацыйная сістэма, каналы, а цяпер кладзём дрэнаж. Фінансаванне ідзе з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў.

Каб захаваць кадры ў калектыве, у якім 102 чалавекі, дырэктар Анатоль Дзіковіч шукае і знаходзіць работу ў іншых месцах. Так, у Дзісненскім лясгасе праклалі 5,5 кіламетра дарогі  да лесараспрацовак, за што атрымалі 2,5 мільярда рублёў. Людзі заняты і на будаўніцтве Віцебскай ГЭС: па дагаворы з кітайскай кампаніяй “КНЭК” умацоўваюць берагі Дзвіны, а таксама па дамоўленасці з расійскай фірмай “Ашлар” мяняюць участак прадуктаправоду ў Мінскай вобласці.

Праўда, усё гэта камандзіроўкі, і няблізкія. Да той жа Рубы ў Віцебск  кіламетраў 250. Таму аб’ект чэшскай кампаніі ў сваім раёне вельмі выгадны, і супрацоўніцтва на гэтым не закончыцца.


Дырэктар Шаркаўшчынскага райагратэхсэрвісу Аляксандр ВАРОНА (крайні справа) з членамі аўтаатрада па перавоз-цы грунту Мікалаем ПЯТКЕВІЧАМ, Сяргеем ЗАХАРЭВІЧАМ, Аляксандрам ЛОНСКІМ, Юрыем БОРТНІКАМ, Міхаілам ПАЎЛАВЫМ, Валянцінам ЯСЮКЕВІЧАМ на аб’екце

КОЖНЫ раз, калі наведваюся ў Шаркаўшчынскі райагратэхсэрвіс, не перастаю здзіўляцца рабочаму настрою, неардынарным крокам  яшчэ даволі маладога кіраўніка Аляксандра Вароны. Арганізацыя “ўвабрала” ў сябе 5 былых сельгаскааператываў, прычым не ўсіх самых лепшых. Гэта каля трэці раёна. Плюс, як тыя “гіры на ногі” — недабудаваны з-за спынення фінансавання буйнейшы малочна-таварны комплекс “Пашкі”, які з-за гэтага пакуль што не можа даць паўнацэннай аддачы, а крэдыты за яго трэба выплачваць. У іншага б галава кругам пайшла. А ён не толькі адным з першых спраўляецца і на сяўбе, і на сенакосе, але паспявае правесці ў сябе раённыя спаборніцтвы маладых аператараў машыннага даення і аратых, стварыць каманду энтузіястаў, якая на сёлетнім раённым турыстычным злёце ўзяла першае месца. А яшчэ — ён апярэдзіў усіх, заключыўшы кантракт з чэшскім прадпрыемствам на вывазку грунту:

— Сёння можна ўзяць грошы за малако, — кажа Аляксандр Леанідавіч. — У нас атрымліваецца ад гэтага да 30 мільёнаў рублёў за дзень. Іх “з’ядаюць” гаручае, запчасткі, крэдыты... Каб выжыць, займаемся аўтапаслугамі: дапамагаем сельгаспрадпрыемствам у вывазцы зерня, кармоў. Праўда, з разлікамі праблемы. Нам завінаваціліся 6 мільярдаў рублёў. Гэта адзін момант. А другі, у міжсезонне, напрыклад, да вясенняй пасяўной, а потым пасля яе і да корманарыхтоўкі велікагрузныя самазвалы наогул сельгаспрадпрыемствам непатрэбны. Прастойваюць машыны, людзі без работы. Таму, калі “падвярнуліся” чэхі, то і парупіліся падпісаць кантракт з імі на вывазку грунту. У нас занята там 6 “МАЗаў”, экскаватар і бульдозер. Штодзённая выручка даходзіць да 20 мільёнаў рублёў у дзень. А ўсяго ўжо зрабілі паслуг замежнаму прадпрыемству больш як на мільярд. І галоўнае — своечасовы разлік. Такім чынам, члены механізаванага атрада зарабляюць на зарплату  не толькі сабе, але і сваім калегам.

КАЛІ заглядваеш на будаўніцтва завода па перапрацоўцы торфу ў Скурутах, першым чынам кідаюцца ў вочы стрэлы аўтакранаў. Амаль усе яны, ажно 4, з Шаркаўшчынскай ПМК-68. Прараб арганізацыі Аляксандр Хомініч патлумачыў, што рабочыя займаюцца пад’ездамі да вытворчасці, укладваюць аэрадромныя пліты. Бульдазерыст Міхаіл Аляксееў робіць планіроўку, а Дзмітрый Дземідовіч і Юрый Цітовіч укладваюць і падганяюць адна да адной даўжэзныя шматтонныя пліты, так што сапраўды, як на ўзлётнай паласе.

На будаўнічай пляцоўцы завода
На будаўнічай пляцоўцы завода

Чэхі любуюцца ювелірнай работай шаркаўшчынскіх будаўнікоў, не шкадуюць, што нанялі. 

І гэта не выпадковасць. Будаўнікі Шаркаўшчынскай ПМК-68 паказалі сваё высокае прафесійнае майстэрства не толькі ў сваім раёне, але і на ўзвядзенні шасцідзесяцікватэрных дамоў у Глыбокім і Браславе, фізкультурна-аздараўленчага комплексу ва Ушачах, сучаснай малочна-таварнай рабатызаванай фермы ў Верхнядзвінску. У апошні год, праўда, аб’ёмаў для будаўніцтва стала не хапаць. І таму прапанова чэшскай фірмы аб дапамозе ёй людзьмі і тэхнікай  якраз аказалася да часу. Ужо выручаны 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў, і ў чэрвені павінна дабавіцца яшчэ паўмільярда. 

Падрад у чэхаў на 785 мільёнаў рублёў выкарыстаў і філіял ДРБУ-131, які паклаў 560 метраў асфальту на пад’яздной дарозе да завода. Аб гэтым паведаміў начальнік арганізацыі  Вячаслаў Гарбузаў.

САМІ шаркаўшчане, дзе, па сутнасці, няма ніводнага буйнога прадпрыемства, узвядзенне замежнага прадпрыемства па перапрацоўцы торфу называюць “будоўляй веку”. Як адзначыў старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Мікалай Баговіч, інвестарам у раёне стараюцца  дапамагчы ва ўсім, зняць любыя праблемы. На дакладным выкананні гэтай задачы асабліва настойвае і старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў.

Гэта вельмі важна ў першую чаргу таму, што пуск прадпрыемства дасць рабочыя месцы для мясцовых жыхароў. Колькі — пакажа час. Але ўжо сёння на “СІСТЭКО-Дзвіна” задзейнічана больш за два дзясяткі чалавек.

Зменіцца сама інфраструктура Шаркаўшчыны. Мяркуецца, што ў сакавіку наступнага года будзе ўзведзены офіс чэшскай фірмы ў гарадскім пасёлку. Зямля пад яго выдзелена.

Мы паведалі аб некаторых мясцовых прадпрыемствах і арганізацыях, якія на ўзвядзенні завода і выкарыстанні яго сыравіннай базы атрымалі мільярды рублёў, прычым менавіта “жывых” грошай, бо чэхі расплачваюцца своечасова. 

Дырэктар ЖКГ Валянцін Бука, рабочыя якога высякалі на ўчастку лес, выказаўся наступным чынам:

— І дроў нарыхтавалі, і шчэпак для сваёй кацельні, і грошы зарабілі. Часцей бы нам такія аб’екты пападаліся!

Але ж будоўля працягваецца, і зусім магчыма, што будуць новыя заказы.

УРЭШЦЕ, гэта добры прыклад для раённых улад іншых рэгіёнаў па прыцягненні іншаземных інвестраў у такія ж сельскія раёны, як Шаркаўшчынскі. Адно — спадзявацца на датацыі дзяржавы, а зусім іншае — самім зарабляць валюту!

Нельга не адзначыць важную ролю ў прыцягненні чэшскіх інвестараў у Шаркаўшчыну дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Мечыслава Морхата. Ён не толькі падчас працы старшынёй райвыканкама знайшоў гэтых інвестараў, але і цяпер, пры першай магчымасці, наведвае будоўлю, імкнецца глыбока ўнікнуць у сутнасць справы, аказаць дапамогу. Вось і ў апошні раз, пасля выезду на аб’ект на пачатку чэрвеня, зрабіў некалькі званкоў у вышэйшыя інстанцыі наконт будоўлі дарогі, падачы электраэнергіі.

Няма  сумненняў, што пры такім шэфстве праект будзе паспяхова рэалізаваны і, як было запланавана, ужо ў пачатку лістапада выда- дзена першая прадукцыя.

А “Сельская газета” абавязкова прыедзе на ўрачысты пуск.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости