Людзi на балоце

Колькi  ботаў  было  ў  сярэднестатыстычнага  пiнскага  шляхцюка  i  хто  такая  фюрданцэрка?

Колькi  ботаў  было  ў  сярэднестатыстычнага  пiнскага  шляхцюка  i  хто  такая  фюрданцэрка? 

Напачатку кароткi напамiнак тым, хто забыўся альбо ўвогуле не чытаў папярэдняга нумара «Рэспублiкi»: другога чэрвеня экспедыцыя выйшла з Пiнска i пайшла па Прыпяцi да гiдравузла «Стахава» Столiнскага раёна, а па дарозе бачыла многа чаго цiкавага, аб чым я i абяцаў расказаць. Паколькi слова, як людзi кажуць, не верабей, то яго i стрымлiваю. 

Ледзьве яхта выйшла за межы Пiнска i крыху ўлеглася перадстартавая лiхаманка, як я стаў  наўмысна часта паглядаць у бок начальнiка Пiнскай гаррайiнспекцыi прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Гарошкi. I вось чаму. Яшчэ на­пярэдаднi падзеi, калi мы дамо­вiлiся з Мiнiстэрствам прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя наконт самага цеснага супрацоўнiцтва ў час экспедыцыi, я патэлефанаваў у Пiнск, каб загадзя ўдакладнiць адрасы будучых публiкацый, вызначыцца з людзь­мi, якiя з поўным веданнем справы ўсё нам пакажуць i пра ўсё раскажуць. Аляксандр Васiльевiч цвёрда, як зараз кажуць, заверыў, што пазнаёмiць нас з такiм чалавекам, слухаць якога мы будзем, забыўшыся на ўсё астатняе. Таму, вытрымаўшы класiчную тэатральную паўзу, Аляксандр Гарошка знаёмiць нас з вядучым спецыя­лiстам ландшафтнага заказнiка рэспублiканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць» i «Простыр» Русланам Падвiцельскiм. 

З iм мы дамовiлiся, што размова аб заказнiках, шматлiкiх яго насельнiках, у лiку якiх i белахвосты арлан, за магчымасць убачыць якога еўрапейскiя арнiтолагi прадалi б душу д’яблу, стане тэмай асобнай публiкацыi, а таму пачну адразу з Кудрыч Пiнскага раёна. 

Ехаць сюды ад гiдравузла «Качанавiчы» па добрай гравiйцы ўсяго нiчога. Прыехалi, вылезлi, пайшлi ўслед за Русланам па вузкай сцежцы, з яе звярнулi — i бачым хлеў на сялянскай сядзiбе. Звычайны, на першы погляд. Толькi вось страха на iм — з трыснягу i, бачна, не адзiн десятак год таму зроблена. Пад шырокiм застрэшкам — немудрагелiстыя прылады сялянскай працы. Бачу iх першы раз, але такое пачуцце, што некаторыя з iх — рэзгiны, сахары, граблi, што без аднаго цвiка зроблены, гачкi, бiлы i iншае добра знаёмыя. Даходзiць на­рэшце: «Людзi на балоце»  Iвана Мележа, дзе сялянскi побыт тагачаснага Палесся апiсаны вобразна i ярка. 

— Тамтэйшыя насельнiкi i са­праўды людзi на балоце. Вёска стаiць на некалькiх мiнеральных астравах, вакол якiх спрэс бала­цянкi, — тлумачыць Руслан Падвi­цельскi. — Дарога да вёскi працягнута толькi ў сярэдзiне дзевяностых, раней карысталiся выключна лодкамi. На iх вазiлi рыбу на кiрмаш у Пiнск, тралявалi гной i сена, праводзiлi да свайго апошняга прытулку нябожчыкаў. Лодкi былi яшчэ тыя — дзве каровы i конь змяшчалiся хоць бы што. 

На сядзiбу старасты вёскi Майсея Махнаўца Руслан вядзе нас на правах добрага знаёмага гаспадара i паказвае ўсю палескую экзотыку, зробленую яшчэ рукамi дзядоў i прадзедаў сённяшнiх яе жыхароў. На гэты момант iх засталося ўсяго 28 чалавек, буслоў у гэтай цiхай мясцiне ў мiжрэччы Ясельды i Пiны даўно болей, чым людзей. Падалося, што паспрыяла гэтаму (у дадатак да натуральных працэсаў старэння i iншага) i такое вось балотнае iснаванне, якое вымагае ад чалавека куды больш высiлкаў, чым пры нармальным сялянскiм жыццi. 

Яўстафiй Муга, якога мы стрэлi ля веснiц даволi дыхтоўнай ся­дзi­бы, гэтыя мае мер­каваннi па­цвердзiў адразу. 

— Жыцця добрага для сябе не бачыў, хлопчыкi, усё яно ў гэтай багне патанула, — адразу паскардзiўся ён нам. 

Першае сумненне ў тым, што так яно i ёсць на самай справе, узнiкла, варта было пяглядзець на самога гаспадара. Чамусь­цi анiяк ён не паходзiў на мележаўскага Васi­ля Дзятлiка ў пенсiён­ным узросце, змарнелага i нехлямяжага, — стаяў перад намi той яшчэ мацак, жвавы i з хiтрынкай у вачах, якому ягоныя 64 гады нiколi не дасi. Размаўляем далей. Кажу яму, што, вiдаць, нiчога на гэтых балотах не расце, а ён мне: «Бульба тут добрая родзiць, лён, каноплi, збожжа таксама — дай ты рады». Даводжу, што цяжка гэта, на лодках усё вазiць, а ён мне: «А што тут цяжкага? Кульнуў воз гною ў лодку, каня загнаў i паплыў памаленьку». — «Дзе ж вы, — пытаюся, — той гной бераце, калi жывёлу пасвiць няма дзе?» А ён мне: «Зямлi тут заўсёды было больш, чым у другiх вёсках, сена мы ў калгас прадавалi, а птушак, качак, гусей, па дзвесце штук трымаў». — «Чаму, — кажу, — вы тут усё жыццё седзiце, на сушэйшае месца не пера­бралiся?» Ён мне: «А навошта? Тут спрадвеку жывём i жыць будзем». — «Жыццё, — пытаюся, — вiдаць, тут нядоўгае? Усё ж твань, сыра, холадна». А ён мне ў адказ пальцы загiнае: «Дзед мой пражыў 88 гадоў, мама — 87, суседцы Зiне не намнога менш, аслепла, па сядзiбе па вяровачках, што чалавек яе панацягваў па ўсiх сцежках, сноўдаецца, але ж памiраць не збiраецца, а я таксама. Адно шкада, — кажа напрыканцы размовы, — што грошы, заробленыя, калi Саюз ляснуўся, таксама ўсе ляснулi — цэлых, халера на iх, сто тысяч». 

Вось табе, як той казаў, i маеш, вось i кладзi ты палец  хiтраму палешуку ў рот. Тым больш вы­светлiлася з дапамогай Руслана Падвi­цельскага, што першае ўпа­мiнанне аб Кудрычах датавана 1552 годам, былi яны тады ўласнасцю ордэна францысканцаў. Пяць вякоў, выходзiць, пра­стаялi i яшчэ, калi меркаваць па тым, што прыязджаюць сюды ўнукi на лета, стаяць у дварах iншамаркi, пра­стаяць. Можа, i таму, што насель­нiкi не зма­галiся з прыродай, а на­вучылiся суiсна­ваць з ёю, бачыць выгоду i добрае далёка. Прыйшла вада на падворак — паставiм загародкi, вада сыдзе — рыба застанецца. Сенажацi зата­пiла — трава лепшая будзе, больш збожжа калгас дасць за сена. 

Канешне, жыццё гэта я не iдэалiзую, лубок не раблю, пацёмкiнскую вёску не ствараю. Сялянскае жыццё спрадвеку было цяжкiм, i сёння яго лёгкiм не назавеш. У Кудрычах яно, па вялiкiм рахунку, такое, як усюды, з папраўкай на палескую спецыфiку. Ёсць тут i валацугi, ёсць i сапраўдныя руп­лiўцы, у кагосьцi цалкам хапае грошай разлiчыцца за мабiльную сувязь, а камусьцi на ранiшнюю i абавязковую бутэльку «чарнiла» не хапае. 

Жыць альбо iснаваць тут, як i паўсюдна, кожны выбiрае сам. Хоча, напрыклад, Майсей Махнавец, каб мёд у яго на стале не пераводзiўся, каб была ад яго капейчына добрая да пенсii — завiхаецца ля агромнiстых калод з пчоламi. Менавiта калод, ды такiх, што i двум чалавекам не абхапiць. А гаспадар iх яшчэ i на лугi вывозiць. Руслан Падвiцельскi з гэтай нагоды сказаў, што, калi ўбачыў гэты працэс першы раз, зразумеў, як будавалiся егiпецкiя пiрамiды. Трэба гэта ўсё Майсею, трэба васьмiдзесяцi­гадовай Ганне Рабец, вакол сядзiбы якой ярка i густа цвiтуць вяргiнi, а нейкаму спрэс прапiтаму чалавеку, якога мы пад­везлi да магазiна, не трэба, i нiчога з гэтым не зробiш. 

На гэтым бы ўсё, ды трэба яшчэ пра шляхцюковыя боты пару слоў. Едуць, значыць, сын i бацька на возе з сенам i звешваюць з яго кожны па адной назе ў блi­скучым чорным боце. Другую кожны хавае ў сена, бо яна... босая. Вядома, што такiя, з дазволу панства, багацеi, можа, i маглi спынiцца ў пiнскiм гатэлi таго часу, а вось за­плацiць за вiзiт дзяўчыны далёка не самых строгiх правi­лаў — фюрданцэркi — наўрад цi... (у мiнулым нумары «Р» гэтыя словы я напiсаў крышку на рускай мове, даруйце!). 

На здымку: Аляксандр ГАРОШКА.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter