На телеканале «Беларусь 2» покажут новые серии документальной драмы «Понять. Простить», а Анатолий Малкин в своем авторском проекте на «Культуре» поговорит с Алисой Фрейндлих

Людзі і страсці

На наступным тыдні другая кнопка прапануе гледачам, якія перажываюць асабісты крызіс, зноў звярнуцца па дапамогу да кваліфікаваных сямейных псіхолагаў. У новых серыях праекта «Зразумець. Дараваць» яго аўтары разам з прафесіяналамі разбяруць самыя складаныя жыццёвыя сітуацыі: канфлікты ў сям’і і на працы, крызіс сярэдняга ўзросту і праблемы ва ўзаемаадносінах пакаленняў. Вядомы расійскі медыяменеджар Анатоль Малкін, у сваю чаргу, пра гэта і шмат што іншае спытае народную артыстку СССР, вядомую актрысу тэатра і кіно Алісу Фрэйндліх. Дакументальны аўтарскі фільм Малкіна «Людзі і страсці Алісы Фрэйндліх» пакажуць у эфіры «Культуры» ў панядзелак у 19:45.

Аліса ФРЭЙНДЛІХ у фільме Эльдара РАЗАНАВА «Службовы раман».

Давайце разбяромся

Рэжысёры расійскага дакументальнага праекта «Зразумець. Дараваць» Валянціна Уласава, Таліб Хамідаў і Гары Закаран упэўнены: калі ў вас няма сіл самастойна вырашыць тую ці іншую праблему ў сям’і ці на працы, немагчыма зразумець каханага чалавека ці складана дараваць таму, хто здрадзіў або разлюбіў, самы час звярнуцца па прафесійную дапамогу. А яшчэ лепш — не прапусціць новыя выпускі перадачы з псіхалагічным ухілам, усе сюжэты якой заснаваны на рэальных падзеях.

— Гісторыі, якія бачаць гледачы, адбыліся ў рэальным жыцці з рэальнымі людзьмі, зменены толькі імёны і прозвішчы, — не ўтойваюць аўтары праграмы. — Па сутнасці, наш праект «Зразумець. Дараваць» — гэта серыял для тых, хто хоча атрымаць параду ад спецыяліста і выправіць уласныя памылкі, не выходзячы з дому.

У цэнтры кожнага сюжэта — людзі, якія аказаліся ў той ці іншай складанай сітуацыі, і іх гісторыі, увасобленыя на экране ў выглядзе кароткіх мастацкіх замалёвак. Усе выпускі ўяўляюць сабой рэканструкцыю асобнай гісторыі з практыкі вядучых праекта, псіхолагаў Галіны Цімашэнка і Барыса Ягорава. Нязначныя дробязі могуць быць адкарэкціраваны або зменены рэжысёрскай групай па сваім меркаванні, але стрыжань праблемы, запэўніваюць яны, застаецца нязменны. Пры гэтым кожны ўдзельнік праграмы дае згоду на выкарыстанне сваёй гісторыі ў сюжэце, звяртаюць увагу аўтары тэлешоу:

— Наша галоўная задача — дапамога людзям, якія аказаліся ў праблемнай сітуацыі. Тэлегледачы, якія сутыкнуліся з падобнай праблемай, могуць бясплатна атрымаць параду ад псіхолага, неяк паўплываць на сітуацыю і пры гэтым нават не выходзіць за межы ўласнай кватэры.
За гады свайго існавання тэлешоу «Зразумець. Дараваць» удастоілася мноства станоўчых водгукаў ад гледачоў, якія атрымалі рэальную псіхалагічную дапамогу ад спецыялістаў-вядучых.

Першая лэдзі сцэны

«Чым даўжэй чалавек захоўвае ў сабе дзяцінства, тым даўжэй захоўвае дадзены Богам дар», — упэўнена Аліса Фрэйндліх. Аб няпростым блакадным дзяцінстве, стаўленні да рэлігіі, набыццях і стратах, сыграных і пакуль несыграных ролях, а таксама аб простым жаночым шчасці народная артыстка СССР адкрыта расказала Анатолю Малкіну ў дакументальным фільме «Людзі і страсці Алісы Фрэйндліх».

Яна магла стаць опернай спявачкай або балерынай, але бацька патлумачыў маленькай Алісе, што на сцэне тэатра ў яе будзе магчымасць і спяваць, і танцаваць. І яна вырашыла быць артысткай. Дачка і ўнук Алісы Фрэйндліх, дарэчы, пайшлі па яе слядах: скончылі школу-студыю МХАТ. «Яны з дзяцінства былі «атручаны» тэатрам, — кажа Аліса Брунаўна. — Гэтаму спрыялі і абстаноўка ў доме, і размовы, якія гучалі тут з раніцы да вечара».

У жыцці Алісе Фрэйндліх часта даводзілася ахвяраваць тэатрам дзеля кіно і наадварот. «Я тэатральная актрыса і па веравызнанні, і па сутнасці», — заявіла яна аднойчы, дадаўшы, што кінематограф для яе доўгі час быў закрыты. Сама актрыса звязвала гэта ў тым ліку з «цяжкай скульптурай твару», з-за чаго кінааператарам даводзілася доўга мучыцца, каб добра зняць яе на плёнку.

leonovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter