Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Тамаш Дзядко: «Людзi i неба моё галоўнае багацце»

«Людзi i неба моё галоўнае багацце»

Свае рысы па кропельках пазнае ў нашчадках барысаўскі ветэран вайны і працы Тамаш Дзядко
АМАЛЬ шэсць дзесяцігоддзяў упрыгожвае патанаючую ў зеляніне дрэў вузенькую вулачку на ўскраіне старажытнага Барысава прыгожа аздоблены белымі аканіцамі дом. Над шырокімі вокнамі маленькая таблічка з чырвонай зоркай і надпісам, што тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны.



Дзевяноста другі дзень нараджэння на наступным тыдні адзначыць гаспадар гэтага дагледжанага падворка, кавалер ордэнаў Айчыннай вайны першай і другой ступені Тамаш Антонавіч ДЗЯДКО. Высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі адзначана і паўвекавая стваральная праца руплівага гаспадара ў мясцовым калгасе “Маяк”: ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга, а таксама Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Мінскага аблвыканкама, шматлікімі медалямі і падзякамі. Тамаш Антонавіч ганаровы грамадзянін Барысаўскага раёна.

ЦІХУЮ вёсачку Дзямідаўку, што падступае да векавога бору, у трыццатыя гады ўскалыхнула вестка пра стварэнне калектыўнай гаспадаркі. Пасля Грамадзянскай вайны, якая прайшлася і па гэтым аддаленым кутку, жыццё паступова тут наладжвалася. На сялянскіх надзелах вырошчвалі збожжавыя і бульбу, на вузкіх палосках прыватных гаспадарак пасвілася жывёла. Былі заможныя сем’і і такія, што ледзьве перабіваліся з квасу на ваду. 

Ідэю абагульнення ў калектыўную гаспадарку не ўсе ў Дзямідаўцы падтрымалі. Мудры гаспадар Іларыён Дзядко параіў  сынам Антону, Яну і Пятру ўступаць у кааператыў. А сем’і пяці яго дачок устрымаліся. Чакалі, як у братоў пойдуць справы. Сын Антон, які з шляхетнай дзяўчынай Аленай яшчэ ў царскі час абвянчаўся ў барысаўскім касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, вырашыў, што для яго вялікай сям’і супольная праца ў кааператыве палегчыць жыццё. Пяць дачок на выданні і тры сыны падрасталі ў яго сям’і. Запрэг каня, паклаў на воз барану, плуг, рэшткі збруі і з самым малодшым сынам Тамашом адправіўся ў Барысаў перадаваць свой узнос кааператыву. Так паступілі і два яго браты — Міхась і Леанід. На рашучы крок Дзядкоў з цікаўнасцю пазіралі вяскоўцы. 

Абагульненую сялянскую зямлю вясною разам апрацоўвалі, а мінуў час — дружна выйшлі ўсім кааператывам на першае жніво. Збажына парадавала ўраджаем. Кожная сям’я атрымала вызначаную долю натуральнай аплаты. Восенню ў калектыўную гаспадарку ўступілі іншыя вяскоўцы. У Дзямідаўцы пачалі будаваць стайню, кароўнік, свірны для захоўвання збожжа. Узвялі некалькі новых хат для членаў кааператыва. 

Днямі ўвіхаўся ў калгаснай сталярні старанны Антон Дзядко. Майстраваў аконныя рамы, дзверы і іншыя драўляныя вырабы. У час летніх канікулаў яму памагалі сыны-падлеткі. Дочкі з маці даілі кароў на калгаснай жывёлагадоўчай ферме, даглядалі ўсёй сям’ёю калгасных цялятак. 

І да вучобы дзеці мелі схільнасць. Пасля заканчэння Дзямідаўскай пачатковай школы хадзілі за чатыры кіламетры ў барысаўскую сямігодку імя Сталіна. Дочкі павыходзілі замуж, завялі свае сем’і. Старэйшы сын Міхаіл вывучыўся на механізатара і працаваў на калгасным “Фардзоне”, Лёня падаўся ў Маскву і там знайшоў сабе занятак, а малодшы Тамаш пасля паспяховага заканчэння сямігодкі паступіў у Барысаўскае ФЗА і вясною 1941 года атрымаў пасведчанне электрыка. Яго і адзінаццаць выпускнікоў навучальнай установы накіравалі працаваць на ваенны завод горада Каменска, што непадалёку ад Растова-на-Доне.

Сэрцы сямнаццацігадовых юнакоў праглі рамантыкі. У газетах пісалі, па рыдыё расказвалі пра камсамольскія брыгады на ўдарных новабудоўлях краіны. Моладзь разам са старэйшымі ўзводзіла Днепрагэс, заводы, фабрыкі. Уся краіна ведала пра дасягненні шахцёра Аляксея Стаханава, трактарысткі Пашы Ангелінай. Вялікім шчасцем было атрымаць камсамольскую пуцёўку. 

Брыгадзіры калгаса “Маяк” Барысаўскага раёна Тамаш Антонавіч ДЗЯДКО
і Мікалай Іванавіч ЯСЮК. 1967 год.

Тамаш дапамог бацькам управіцца з вясновымі клопатамі на агародзе і разам з сябрамі па вучобе адправіўся цягніком на працу ў незнаёмы Каменск. З нецярпеннем чакалі сустрэчы з горадам. Дабраліся хутка. 

— У аддзеле кадраў завода нас прынялі, — узгадвае Тамаш Дзядко. — Пасялілі ў будынку былой школы, а праз некалькі дзён уладкавалі ў рабочы інтэрнат. Ваенны завод у асноўным выпускаў порах. Для пашырэння аб’ёмаў вытворчасці будаваліся новыя памяшканні. На аб’ектах кіпела праца. Нам даручылі заліваць бетонам падмурак новага корпуса хімічнага цэха. Уручную насілі раствор. Стомленыя ў канцы дня вярталіся ў інтэрнат, але малады арганізм хутка аднаўляўся. Вечарамі не сядзелі ў пакоі, знаёміліся з горадам. У выхадныя наведвалі парк, не прапускалі новыя фільмы. У пісьмах дамоў расказваў пра сваё маладое жыццё ў прамысловым Каменску, цікавіўся справамі родных, аднавяскоўцаў. З нецярпеннем чакаў адказу на свае лісты. Працоўны тыдзень быў шасцідзённым. У суботу пасля абеду вярталіся з будоўлі і адпачывалі да панядзелка. 

У чарговы чэрвеньскі выхадны з сябрам Пецям Стасевічам раніцай накіраваліся пагуляць па горадзе. Як толькі выйшлі з інтэрната, на вуліцы ўбачылі ўзрушаных жанчын, якія плакалі. Каля слупа, дзе вісеў радыёдынамік, сабраўся натоўп. Ад гараджан даведаліся, што пачалася вайна. Разгубленыя вярнуліся ў інтэрнат. Ахапіла трывога за родных, блізкіх. Узгадаў бацькоў, братоў і сясцёр, дзядулю Іларыёна і бабулю Караліну. Па радыё чулі, што фашысты напалі на Брэсцкі пагранічны гарнізон, бамбяць гарады і вёскі.

На ваенным заводзе пачалася мабілізацыя мужчын на фронт. Мы з Пецям пайшлі запісвацца добраахвотнікамі ў армію, але нам адмовілі, як малалетнім.

— Засталіся далей працаваць на ваенным заводзе?

— Пасля масавага прызыву ў цэхах не хапала рабочых. Трэба было павялічыць выпуск пораху. Вытворчасць працавала круглыя суткі. Нас кармілі ў заводскай сталоўцы. Кожную гадзіну па радыё перадавалі зводкі аб падзеях на франтах. Пільна слухалі выпускі Савінфармбюро. Балюча было ўсведамляць, што вораг захапіў Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск. Не пакідалі думкі пра сваякоў. Ніякіх звестак з дому не мелі. Працавалі амаль што без выхадных.

На пачатку 1942 года фашысцкія войскі набліжаліся ўжо да Растова-на-Доне. Паступіла каманда дэманціраваць усё заводскае абсталяванне і адпраўляць у тыл. Спешна разбіралі станкі, вывозілі да чыгуначнай станцыі і грузілі ў вагоны. Жыхары Каменска сем’ямі эвакуіраваліся на Ўсход. Пуста і бязлюдна станавілася на гарадскіх вуліцах. Вораг нацэльваўся паскорыць захоп каўказскіх нафтавых радовішчаў і канцэнтраваў баявыя сілы ў паўднёвым напрамку. 

Як споўнілася 18 гадоў, разам з іншымі равеснікамі атрымаў ад ваенкамата накіраванне ў чэрвені 1942 года ў ваеннае пяхотнае вучылішча горада Уладзіміра. Нас залічылі ў шостую дэсантную паветраную часць, размясцілі ў ваенных казармах і ўзмоцнена рыхтавалі для адпраўкі дэсантам у тыл ворага. Дэталёва асвойвалі парашуты. На вучэбных самалётах падымаліся ў неба і адпрацоўвалі дакладнасць прызямлення. Доўга вучыцца не давялося. Фронту патрэбны былі свежыя сілы. 

Праз паўгода, на пачатку зімы 1943-га, ноччу падняліся па трывозе і па камандзе накіраваліся ў лазню. Кожнаму курсанту выдалі новае абмундзіраванне і дадатковую змену бялізны ў запас. Цягніком адправіліся ў падмаскоўны горад Нагінск, што ў сямідзесяці кіламетрах ад сталіцы. Чакалі эшалона для адпраўкі ў Сталінград, дзе вяліся жорсткія баталіі. Але праз некалькі дзён камандаванне прыняло іншае рашэнне, і на аўтамашынах мы паехалі ў Маскву, а адтуль на Паўночна-Заходні фронт. 

Пачыналася зіма, але моцных маразоў не было. Сярод снегу ў балацінах пад Старой Русай стаяла незамёрзлая вада. Нам, акрамя армейскіх чобатаў, выдалі і валёнкі. На сабе цягалі боепрыпасы і харчаванне для байцоў на перадавую. Высякалі лес і пракладвалі ляжнёўкі для праходу ваеннай тэхнікі. Як бурлакі, цягнулі вяроўкамі па балотах баявыя машыны. Кіраваліся ў бок абкладзенага ворагам Ленінграда. Стаяла задача прарваць варожую блакаду горада. 

Даймалі сырасць і холад. Перабоі былі з пастаўкай харчавання. Ад недаядання стаў траціць зрок. Як толькі вечарэла, нічога не бачыў, а трэба было паспяваць з байцамі крочыць далей. Военачальнікі лічылі, што прыкідваюся хворым. Камандзір выклікаў да сябе ноччу, і я не змог дайсці. За дрэвы чапляўся, нічога перад сабою не бачыў. Упаў духам, і нават мільганула думка з сабою пакончыць. Па загадзе камандзіра мяне адправілі ў медсанбат, і там два тыдні піў рыбін тлушч. Зрок паступова наладзіўся. Вярнуўся ў строй і многіх сяброў ужо не застаў. Яны загінулі ў жорсткіх баях пад Старой Русай. Мы пад прыкрыццём артылерыі наступалі па роўным полі, дзе не было магчымасці ўратавацца, і многія нашы байцы там засталіся ляжаць навечна.

З Паўночна-Заходняга фронту нас перакінулі на Курскую дугу пад камандаванне Другога Украінскага фронту. Некалькі гадзін бесперапынна страшэнна грымела кананада. Плавіўся метал, гарэла зямля. Адзін аднаго нельга было пачуць. Пасля Курскай бітвы савецкія войскі пайшлі ў наступленне. Другі Украінскі фронт вызваляў ад акупантаў Харкаўскую і Белгародскую вобласці.

Моцнае супраціўленне гітлераўцаў адчулі ў снежні 1943 года пад Палтавай. Пад прыкрыццём артылерыі развярнуліся шырокім флангам і за танкамі наступалі. Маліў Бога, каб выжыць. У імгненне адчуў пякучы боль адразу ў нагах і галаве. Далей ісці не змог. Кроў заліла твар. Ногі падкасіліся. З лініі фронту мяне адцягнула ў небяспечнае месца медсястра. Па снезе на шынелі цягнула, ісці не мог. Не паспеў спытаць, як яе завуць. Падбеглі санітары з насілкамі і перанеслі мяне да аўтамашыны, на якой даставілі ў палявы ваенны шпіталь. 

Паўгода лячыўся ў палявых умовах пад Харкавам. З ваенных звестак даведваўся пра баявыя дзеянні Другога Украінскага фронту, дзе змагаліся з ворагам мае аднапалчане. Пачуў па радыё, што пачалася Беларуская наступальная аперацыя.

— У гісторыю Вялікай Айчыннай вайны яна ўвайшла пад назваю “Баграціён”. Для ажыццяўлення плана гэтай аперацыі прыцягваліся войскі трох Беларускіх і Прыбалтыйскага франтоў, а таксама Дняпроўская флатылія. Прымаў удзел і першы асобны французскі добраахвотніцкі авіяполк “Нармандыя — Нёман”. У канцы чэрвеня 1944 года лінія абароны праціўніка была прарвана. Як сведчыць гісторыя, на трэці дзень баёў савецкія войскі акружылі віцебскую групоўку і вызвалілі Віцебск, у канцы чэрвеня — бабруйскую групоўку і вызвалілі Бабруйск, а першага ліпеня і ваш родны Барысаў. 

— Пасля шпіталю я ўжо вярнуўся ў сваю воінскую часць і даведаўся пра вызваленне Барысава. Наш баявы шлях пралягаў праз Бесарабію, Малдавію, Румынію. Гітлераўцы спешна адступалі пад націскам нашых войскаў. Але былі і цяжкія моманты. Перад малдаўскай сталіцай завязаўся моцны бой. Толькі чатыры кіламетры не дайшоў да Кішынёва і атрымаў раненне больш цяжкае, чым першае. Асколкам разарванага артылерыйскага снарада перабіла локаць правай рукі. Ад болю страціў прытомнасць. Баявыя сябры зацягнулі мяне ў варонку. Пасля бою вынеслі на насілках і машынай падвезлі да самалёта, які быў перапоўнены параненымі байцамі. Нас даставілі ў шахцёрскі горад Сталін, што на Данеччыне. 

Вазілі мяне з перавязанай рукою ў лангеце па шпіталях, шукаючы спецыяліста, які мог бы прааперыраваць. Паўгода пасля аперацыі насіў гіпс, але косці так і не зрасліся. На пачатку 1945 года знялі гіпс, але ваяваць больш не змог. Правая рука не дзейнічала. Дамоў вярнуўся інвалідам II групы. Дабіраўся да Барысава цягніком праз Гомель і Оршу. Адразу пайшоў да сястры Фэлі, якая да вайны выйшла замуж у Барысаў і жыла побач з чыгуначным вакзалам. Дома нікога не застаў. Суседзі паведамілі, што сястра на працы ў міліцыі. Сустрэча была нечаканай для Фэлі і радаснай для нас дваіх. Увесь вечар не маглі нагаварыцца. Даведаўся, што за сувязь з партызанамі гітлераўцы расстралялі брата Мішу. Раніцай пайшоў да бацькоў у Дзямідаўку. Маці і малодшая сястра Рэня заліваліся слязамі ад нечаканай сустрэчы. Бацькі дома не было. Ён з раніцы адправіўся ў абход па лесе. У гады фашысцкай акупацыі дапамагаў партызанам. Цудам яму ўдалося застацца жывым.

— Савецкія войскі перайшлі ўжо дзяржаўную мяжу і вызвалялі краіны Еўропы ад карычневай чумы. Як у вас пачыналася мірнае жыццё?

— З вясны вяскоўцы пачалі апрацоўваць зямлю, рыхтаваць яе да сяўбы. Аднавіўся калгас. Старшыня Мухін прапанаваў узначаліць паляводчую брыгаду. Мужыкоў у вёсцы было мала. Адмаўляўся, што вопыту кіравання не маю і праваю рукою пісаць не магу. Ён даў у падмогу маладзенькую Стэфанію Пракудовіч, якая толькі закончыла сямігодку. Так з ёю і кіравалі брыгадай. Дыктаваў прозвішчы людзей і Стэфачка занатоўвала працадні калгаснікам. 

Як інваліду вайны мне выдзелілі лес на будаўніцтва новага дома. Паехаў у Барысаўскі лясгас выпісваць дакументы і ў канторы сустрэў маладую дзяўчыну, якой захапіўся. Праз месяц з Таісай Іосіфаўнай справілі вяселле. Жылі ў новым драўляным доме і бацькоў маіх забралі да сябе. Дачка нарадзілася. Чакалі яшчэ і хлопчыка, але і другая і трэцяя з’яўляліся дзяўчынкі. Хрысцілі іх у касцёле. Бацькі дапамагалі Жанну, Лёлю і Аксанку глядзець. А калі дачушкі пайшлі ў школу, перасяліліся з Дзямідаўкі на ўскраек Барысава.

Працаваў і намеснікам старшыні гаспадаркі, а калі яе аб’ядналі з суседняй, зноў вярнуўся ў брыгадзіры. Калектыў наш быў перадавым. Па сорак цэнтнераў збажыны з гектара намалочвалі. Дзяржаўнымі ўзнагародамі многія ў брыгадзе былі адзначаны. І я маю тры працоўныя ордэны. На Героя Сацыялістычнай Працы мяне падавалі, але штосьці не выйшла, і атрымаў ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

Мае равеснікі пайшлі на заслужаны адпачынак, а я ўсё ніяк не мог з калгасам развітацца. Пятнаццаць гадоў адказваў за тэхніку бяспекі ў калгасе “Маяк”. Здаў свае службовыя паўнамоцтвы толькі пасля таго, як аўдавеў. У гаспадарцы адпрацаваў без перапынку 56 гадоў. Дочкі павыходзілі замуж і раз’ехаліся. Аднаму ў доме сумна. Ды і не прывык я без справы сядзець. Агарод абрабляю, трымаю дзясятак кур, сабаку, кошку. Без жаночых рук цяжкавата. Суседка Ала Паўлаўна перабралася да мяне, і разам ужо адзінаццаты год гаспадарым. Яна жанчына вясковая, сваіх дзяцей выхавала, пажаніла і таксама, як і я, мае ўнукаў. 

— Тамаш Антонавіч, якое багацце для вас самае галоўнае?

— Людзі і неба. Колькі жыву, не перастаю захапляцца багаццем людской душы і прыгажосцю чыстага неба. Пачынаючы ад бабулькі Караліны, што прымала роды ў маёй маці не ў бальніцы, а ў звычайнай ёўні, дзе сушылі снапы. Лёгкая рука ў бабулькі. Дзевяноста два гады таму пуп мне завязала. Удзячны маладзенькай ваеннай медсястры, што вынесла з поля бою, урачам ваеннага шпіталю, якія мяне ўратавалі, і ўсім цудоўным людзям, якімі не перастаю захапляцца. 

Люблю глядзець на чыстае неба. Рады, што мае дзеці, унукі, праўнукі і прапраўнукі не ведаюць жахаў вайны. Прыязджаюць у госці, падтрымліваюць. Дзясяты дзясятак адлічвае мне лёс. Свае рысы па кропельках пазнаю ў нашчадках. Тры дачкі, тры ўнучкі, тры праўнучкі і, нарэшце, пайшлі хлопчыкі. Двайнят унучка падарыла. Няхай іх жыццё будзе шчаслівым, цікавым і насычаным.

Уладзiмiр СУБАТ

Барысаўскі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Тамаша Дзядко
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter