Новые ведущие программы «Дабраранак» на телеканале «Беларусь 3» составят конкуренцию зайцам Лёсику и Касе

Людзі і лялькі

У першы месяц восені маленькіх гледачоў праекта «Дабраранак» чакае серыя незвычайных выпускаў любімай праграмы. На гэтым тыдні творчая група тэлеканала «Беларусь 3» прадставіла аўдыторыі новых дзяцей-вядучых. Разам з ужо знаёмымі зайчанятамі Касяй і Лёсікам яны зробяць усё, каб кожная раніца ў тэлесезоне 2020/2021 стала для хлопчыкаў і дзяўчынак сапраўды лёгкай і добрай. 

Кіруюць мілымі дзіцячымі цацкамі рэальныя людзі — акцёры Тэатра лялек Дзмітрый ЧУЙКОЎ і Наталля КОТ-КУЗЬМА.

Зайчаняты зноў у эфіры

Нагадаем, што тры гады таму разам з лялечнымі персанажамі, якіх агучваюць акцёры Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Наталля Кот-Кузьма і Дзмітрый Чуйкоў, упершыню сувядучымі праекта «Дабраранак» сталі дзеці — і ранішняя праграма атрымала свой непаўторны шарм, стала для малодшай аўдыторыі «Беларусь 3» інтэрактыўнай пазнавальна-забаў­ляльнай зарадкай перад садком і школай. Але ж час не стаіць на месцы, дзеці растуць, і каб не згубіць казачную атмасферу маленства, аўтары вырашылі ўвесці новае «пакаленне» вядучых — траіх хлопчыкаў і трох дзяўчынак. Пры гэтым творчая група праекта не развітваецца і з прадстаўнікамі мінулага, вопытнага «пакалення» — яны будуць з’яўляцца ў выпусках праграмы ў якасці экспертаў і ментараў.

На кастынгу, які праводзіўся ў жніўні, маленькія ўдзельнікі праслухоўвання прайшлі сур’ёзнае выпрабаванне імправізацыяй і паказалі высокі ўзровень валодання роднай мовай, распавядае шэф-рэдактар праграмы Алена Фурсава. Дарэчы, фрагменты пробных запісаў усіх прэтэндэнтаў на ролі вядучых тэматычна абыграюць і пакажуць у эфіры праграмы.

— Амаль што кожны з тых хлопчыкаў і дзяўчынак заслугоўваў месца ў «Дабраранку», — дадае Алена Фурсава. — На што мы звярталі ўвагу на кастынгу? Па-першае, нам было важна, каб дзіця не толькі арганічна глядзелася ў кадры, але і ўмела працаваць на камеру. Веданне беларускай мовы таксама было абавязковай умовай. 

Калі ў «Калыханцы» вядучыя жадаюць маленькім беларусам прыемнага, спакойнага адпачынку, то галоўная мэта праекта «Дабраранак» — зараджаць дашкольнікаў і школьнікаў бадзёрасцю і добрым настроем на ўвесь дзень. У кожным выпуску акрамя вясёлых забаўляльных нотак ёсць яшчэ і пазнавальная частка ў гульнявой форме, звяртае ўвагу шэф-рэдактар праекта: 

— Мы распавядаем пра ўсё тое, што цікавіць дзетак, да таго ж ілюструем гэта фотаздымкамі, відэаматэрыяламі і адкрыта звяртаемся да нашых гледачоў, бо яны — паўнавартасныя саўдзельнікі праграмы. Мы гэта разумеем па лістах і малюнках, якія атрымліваем, а таксама па водгуках на прапанаваныя дамашнія заданні і віктарыны. І таму ў эфіры ствараецца атмасфера добразычлівага дыялогу, нібыта і Кася з Лёсікам, і вядучыя ў кадры таксама бачаць і чуюць кожнага з нашай юнай тэлеаўдыторыі.

Знайсці свой голас 

Раней, калі хто памятае, зай­чаняты працавалі пашыраным складам — у праекце таксама ўдзельнічаў камп’ютарны герой Ясік, які крыху пазней знік з «Дабраранку». Ці вернецца? Наўрад ці, паціскаюць плячыма стваральнікі праграмы, бо перадача не стаіць на месцы, шукае новыя формы і новых герояў, цікавых маленькаму гледачу. 

Актрыса Беларускага дзяржаў­нага тэатра лялек Наталля Кот-Кузьма праводзіць раніцу разам з Касяй ужо 7 гадоў.

— Здаецца, гэта дарога ўсіх лялечнікаў — аднойчы трапіць у тэлевізійны праект для дзяцей. Раней я наогул лічыла, што туды бяруць толькі абраных. Таму ціхенька марыла калі-небудзь апынуцца ў іх ліку. Здавалася, што агучваць персанажа з тэлевізара — гэта вышэйшы акцёрскі пілатаж, нейкі недасягальны ўзровень. Мне вельмі хацелася ў «Калыханку». Я нават праходзіла пробы на ліску Яначку, але не падышла па голасе. Таму, калі мне патэлефанавалі і запрасілі ў «Дабраранак», нават не паверыла. Думала, буду Лёсікам — я часта агучваю хлопчыкаў. Але стала дзяўчынкай-зайчаняткам Касяй. Таму тэрмінова прыйшлося шукаць тоненькі галасок. 

Дзякуючы партнёрству з дзі­цячым часопісам «Умняша» творчых выпрабаванняў і прыемных падарункаў ад Касі з Лёсікам у бліжэйшы час для маленькіх гледачоў стане яшчэ больш. Паўдзельнічаць у разнастайных рубрыках, конкурсах і апытаннях праграмы «Дабраранак» вельмі проста. Рэдакцыя праекта падтрымлівае сувязь з гледачамі як па электроннай пошце dabraranaktv@gmail.com, так і праз лісты на адрас Белтэлерадыёкампаніі: 220114, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9.

leonovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter