Іван Цітоў лепей за іншых ведае і разумее, чаму ж з выраю жураўлі на Палессе ляцяць

Людзі, што прыйшлі на балота

У сярэдзіне мінулага стагоддзя амаль 15 працэнтаў тэрыторіі Беларусі займалі балоты. Некранутую чалавекам векавую дрыгву ўяўляла сабой і большая частка Палескай нізіны. Да той пары пакуль не  пачалося шырокамаштабнае асваенне беларускіх балот. Меліярацыйнай сталіцай Палесся стаў старажытны Пінск, дзе размясціўся  трэст “Галоўпалессеводбуд”, якім дзесяць гадоў у перыяд радыкальных эканамічных рэформ кіраваў выпускнік гідрамеліярацыйнага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Іван ЦІТОЎ.


Ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і “Знак Пашаны”, медалямі, Ганаровымі Граматамі Вярхоўнага Савета рэспублікі адзначана працоўная дзейнасць Івана Віктаравіча. Двойчы абіраўся ён дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Пасля выхаду на пенсію шэсць гадоў узначальваў фонд “Беларускае Палессе”, падрыхтаваў і выдаў кнігу-альманах “Беларускае Палессе: стратэгія і тактыка комплекснага асваення”. 

Жнівеньскімі ціхімі золкамі, як і ў былыя часы, чуваць у глыбіннай горацкай вёсцы Сакалова галасістых пеўняў з недалёкіх смаленскіх падворкаў. У адной школе вучыліся разам у першыя пасляваенныя гады сялянскія дзеці з навакольных рускіх і беларускіх вёсак. Сярод вучняў было шмат сірот. І ў трох братоў Цітовых вайна таксама забрала бацьку, якога ў красавіку 1941 года прызвалі на ваенныя зборы. Толькі пасля вайны ім паведамілі, што радавы Віктар Цітоў прапаў без вестак. З чатырма дзецьмі на руках і старэнькай маці Марфа Цітова ледзьве перажыла гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Даймалі голад і холад. У бежанцах памерла трохгадовая дачушка Танюша. Восенню 1943 года Чырвоная Армія пачала вызваляць ад ворагаў беларускія гарады і вёскі. Вярнуліся Цітовы з бежанцаў на папялішча ў родную вёску Сакалова. Зімавалі ў чужых людзей па некалькі сем’яў у хаце. Пасля вайны ўдава Марфа Сымонаўна з дапамогай аднавяскоўцаў збудавала сваю маленькую хатку. Старэйшыя сыны Пятро і Лёня ўзялі на сябе клопаты па гаспадарцы. Дапамагаў ім і меншы Іван. 


Выпускнік Беларускай дзяржаўнай
сельгасакадэміі Іван ЦІТОЎ. 1962 год.
— У тыя першыя пасляваенныя гады ў нашай вёсцы поўнае жабрацтва панавала, — узгадвае далёкае мінулае Іван Віктаравіч. — Пасля заканчэння сярэдняй школы мне нават не было ў чым ехаць на ўступныя экзамены ў Горкі. Штаны пазычыў у стрыечнага брата, пінжак у другога сваяка. Маці дала некалькі капеек на чай, больш грошай у яе не было. Зварыла яек і хлеба спякла на дарогу. Яна нават не хацела, каб я паступаў. Бо як жыць? Старэйшыя браты служылі ў арміі. Маці даглядала хворую бабулю Параску, якая пяць гадоў не ўставала з ложка. І ў калгасную брыгаду трэба было выходзіць, каб гадавую норму працадзён вырабіць. Суседка выручала каля хворай бабулі. Трэба было яшчэ сена назапасіць на зіму карове і агарод управіць. І мне спраў на падворку хапала.

— Але ж было жаданне вучыцца. Які факультэт абралі?

— Тэхніка вабіла з малых гадоў. Зайздросціў аднакласніку, бацька якога кіраваў трактарнай брыгадай і на матацыкле ліха лётаў. Вырашыў падаць дакументы на факультэт механізацыі сельскай гаспадаркі. На ўступных экзаменах атрымаў па ўсіх прадметах чацвёркі, але па конкурсе не прайшоў. Жадаючых вучыцца на гэтым факультэце было 8 чалавек на месца. Маці ўзрадавалася. Пайшоў на працу ў калгас. На наступны год зноў падаўся ў акадэмію. Першы экзамен здаў на чатыры, а другі быў вусны па матэматыцы. У экзаменацыйным білеце трапілася пытанне, якое на ўсё жыццё запомніў, — пра пераўтварэнне аўтаматычнага рада спрыяльна да лагарыфмавання. Экзаменатарам сказаў, што на пяцёрку не змагу адказаць, а чацвёркі мала будзе. На мяне паглядзелі, як на дзівака, і аддалі экзаменацыйны ліст. Яшчэ год адпрацаваў у калгасе і летам зноў павёз у Горкі дакументы, але ўжо на гідрамеліярацыйны факультэт. 

— Чым ён вас прывабіў?

— Сустрэў свайго аднакласніка, які вучыўся там і такую перспектыву намаляваў: што пасля заканчэння вучобы чакаюць вандроўкі па пошуку пляцовак для будаўніцтва гідрастанцый. Вырашыў паступаць. Так атрымалася, што экзамен па матэматыцы прымала тая ж выкладчыца Марыя Васільеўна Васільчанка, якая мяне пазнала і сказала, што, напэўна, білет ужо аддаваць не буду. Паспяхова здаў матэматыку, потым фізіку, стаў студэнтам гідрафака. Гэта і сёння самы складаны факультэт. Дысцыпліны дакладныя — геадэзія, вышэйшая матэматыка, супраціўленне матэрыялаў.

— Галоўнае — вучоба, але быў і вольны час. Дзе бавілі яго ў студэнцкія гады?

— Па вечарах студэнты збіраліся ў акадэмічным парку, танцавалі. Але мне на першым курсе было не да танцаў. Штодня на веласіпедзе за 16 кіламетраў пасля заняткаў вяртаўся дамоў убіраць бульбу, буракі і раненька імчаў назад у Горкі на заняткі. А летам паехаў на першую вытворчую практыку ў самую глыбінку Палесся – у Лунінецкае будаўніча-мантажнае ўпраўленне, адкуль распачынаўся наступ на  балоты. Лунінецкія меліяратары будавалі Чарабасаўскую сістэму агульнай плошчай звыш 20 тысяч гектараў, узводзілі Палескую доследную меліярацыйную станцыю. Навокал некранутая векавая дрыгва, камарэча. Ніякіх умоў для жыцця. 

— Іван Віктаравіч, пасля заканчэння вучобы вы па сваёй волі апынуліся на Палессі?

— Як горы цягнуць альпіністаў, так нечым таямнічым чаруюць векавыя балоты. Выбраў накіраванне на працу ў Іванаўскае будаўніча-мантажнае ўпраўленне меліярацыі, якое заяўляла пра сябе гучна на ўсю Беларусь. Званне Героя Сацыялістычнай Працы адным з першых меліяратараў атрымаў першапраходзец іванаўскіх балот Іван Паліўка. Меліярацыя на вачах мяняла аблічча ландшафту, а  меліяратары ажывілі правінцыйны гарадок.

— А свежага  кавалера заўважылі іванаўскія дзяўчаты?

— І я да іх прыглядаўся. На танцах паклаў вока на дзяўчыну Дамініку. Нават пазмагацца за яе давялося. Цяжкавата было адразу разумець мясцовую гаворку. Многія дыялектныя словы не разумеў. Пачуў на танцах: “Він ныц не сыўрае, давай яго адкопсаем”. Гэта значыць, што я нічога не разумею і кампанія збіраецца мяне адлупіць. Але ім гэта не ўдалося. Умеў я за сябе пастаяць і каханне сваё да Дамінікі, якая працавала ў раённым Доме культуры, адстаяць. Зладзілі вяселле, на якое мне выдалі авансам месячны заробак. 

Пачыналі сямейнае жыццё на прыватнай кватэры, пакуль сваю не атрымалі. У Іванаве нарадзілася дачушка, а потым і сын, якія падарылі нам чатырох унукаў і ўнучку. Удзячны ім за тое, што прозвішча Цітовых працягваецца.

Пазней ужо  па прапанове начальніка “Галоўпалессеводбуда” Васіля Ярмоленкі пераехаў з сям’ёю ў Пінск і ўзначаліў новы трэст. 

— Пра Пінск у той час жартавалі, што гэта горад з адным святлафорам, адміралам і міністрам.

— Так яно і было. Пінчане прызвычайваліся да святлафора, ганарыліся марской школай, якой кіраваў адмірал, і радаваліся, што з’явілася міністэрства, дзе я пачынаў з кіраўніка праектна-тэхналагічнага трэста “Аргтэхбуд”, а закончыў сваю працоўную біяграфію начальнікам “Галоўпалессеводбуда”.

— Чым вы асабліва ганарыцеся за гады кіравання асваеннем палескіх балот?

— Тым, што на былых непраходных балотах паўсталі новыя саўгасы-гіганты, вяскоўцы атрымалі сучасныя ўмовы працы і жыцця. Асфальтаваныя дарогі звязалі самыя аддаленыя вёскі з цывілізаваным светам. Мне пашчасціла кіраваць сістэмай “Галоўпалессеводбуда”, якая была прызнана адной з лепшых у вялікай краіне. 

Нашай асноўнай задачай было кіраванне сістэмай заказчыкаў, падрадчыкаў і забеспячэнцаў. Ні адзін праект на правядзенне комплексу работ не прымаўся да вытворчасці без адпаведнага ўзгаднення з органамі сельскай гаспадаркі. На жаль, не ўсё прадбачылі кіраўнікі сельскагаспадарчых ведамстваў. Яны ў большасці жылі адным днём: трэба толькі асушыць, ад гэтага лягчэй жыць стане. 

— І заўзята асушалі, спрамлялі рэкі, знішчалі запаведныя дубравы. А вы ўсім гэтым кіравалі?

— Калі расцэньваць з пазіцый сённяшняга дня і накладваць на тое, што ў той час рабілася, то атрымліваецца шмат антынавуковага. Не ўсё так проста было. Як у любой справе, былі пралікі, недапрацоўкі, перагібы. Але мне як кіраўніку “Галоўпалессеводбуда” і сёння не сорамна, што нешта не так зрабіў. За гады кіравання не атрымаў ні адзінай заўвагі з органаў дзяржаўнай і партыйнай улады рэспублікі. Не было нараканняў і з боку Мінводгаса СССР. Наш глаўк  адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга як адна з лепшых у краіне сістэм і прадстаўляўся за комплекснае асваенне Палесся на Дзяржаўную прэмію СССР. Мне прапаноўвалі салідныя пасады ў беларускай сталіцы. Але Палессе не пакінуў.

Калі ў 1986 годзе здарыўся выбух на Чарнобыльскай атамнай станцыі, палова нашых арганізацый апынулася ў зоне адсялення. Усё развальвалася, а людзям трэба было на нешта жыць. Кіравалі пяццю асобнымі ваенна-будаўнічымі батальёнамі і аператыўна перадыслацыравалі іх на аб’екты, дзе ўзводзілі жылыя пасёлкі для перасяленцаў. 

— Распаўся Саюз, спынілася фінансаванне. Якое выйсце знайшлі?

— Вышуквалі варыянты вытворчай дзейнасці. Нават рыхтаваліся змяніць спецыялізацыю. У 1990 годзе глаўк перадалі Мінсельгасхарчу рэспублікі. У Беларусі прынялі дзяржаўную праграму выкарыстання меліяраваных зямель, але выкананне яе па многіх параметрах стрымліваецца. Неабходны каардынуючы невялікі орган пры Савеце Міністраў рэспублікі, які меў бы ўздзеянне на выкананне такой важнай народна-гаспадарчай праграмы.   

Не ўсюды дбайна адносяцца да адваяваных у балот угоддзяў. Адноўленыя масівы зарастаюць хмызнякамі, выходзяць са строю меліярацыйныя збудаванні. У заходнееўрапейскіх краінах, дзе праводзілася меліярацыя, дзяржава клапоціцца на ўсіх этапах аб выкарыстанні асушаных зямель: выдзяляе нізкапрацэнтную пазыку і, пры ўмове выканання плана выпуску прадукцыі, зніжае працэнтную стаўку, а то і ўвогуле адмяняе яе. Дзякуючы тавараабароту гэта выгадна і нават дае прыбытак. І ў нашай рэспубліцы неабходна распрацаваць меры па падтрымцы прадпрыемстваў, пабудаваных на асушаных землях.

Даўно не праводзілася ў Беларусі інвентарызацыя зямель, таму і пустуюць маштабныя ўгоддзі і нікога гэта не трывожыць. А колькі сельскагаспадарчай прадукцыі маглі б на іх атрымаць.

— Пра ўсё гэта вы пішаце ў сваіх кнігах, прысвечаных меліярацыі беларускага Палесся. Што прымусіла ўзяцца за пяро?

— Правільна жыць — значыць працаваць. Без працы нават машына раз’ядаецца іржой. Так і душа чалавека. Не магу без пэўнага занятку. Каб развеяць розныя байкі пра адмоўнае ўздзеянне меліярацыі на клімат, вырашыў выказаць свае думкі і назіранні. 

 Маю кнігу “Беларускае Палессе: стратэгія і тактыка комплекснага асваення” прачытаў знаёмы выкладчык і спытаў, ці трэба было ў такіх вялікіх маштабах асушаць Палессе?  Адказаў яму, што трэба было краіну забяспечваць харчаваннем.

У кнізе змешчаны артыкулы 8 акадэмікаў, 12 дактароў аграрных навук, у якіх адлюстроўваецца думка, што ні адна народна-гаспадарчая праблема ў Нечарназем’і СССР  не мела такога навуковага абгрунтавання, як меліярацыя Палесся. 

— І ўсё ж, чаго больш дала меліярацыя: станоўчага ці адмоўнага?

— Бясспрэчна — станоўчага. Калі б не быў перакананы ў гэтым, не сядзеў бы над кнігамі. Імкнуся даказаць, што комплекснае асваенне Палескай нізіны — справа дзяржаўнай важнасці.

— Іван Віктаравіч, за плячыма гады напружанай працы. Аб чым шкадуеце?

— Лёс падарыў багатае на падзеі жыццё, дзе перапляліся імгненні радасці з балючай горыччу. Незагойнай ранай засталася страта зяця і дачкі.

Наша з жонкай Дамінікай Васільеўнай сённяшняе багацце — поспехі ўнукаў. Старэйшыя з іх абралі аўтаматыку і камп’ютарызацыю. Самы меншы толькі спасцігае моўны запас. Унукам жадаю, каб менш горкага было на іх жыццёвым шляху. 

— Вам не сняцца меліярацыйныя аб’екты?

— Амаль штоноч вандрую па палескіх балотах, праводжу калегіі, штабы, нарады, сустракаюся з сялянамі. Гэтым жыве мая душа. Мне многа дзе па свеце давялося пабываць, але ў снах душа вяртаецца зноў і зноў да Палесся.

— А ў якім куточку зямнога шара ёй больш утульна?

— Прагну мілай сэрцу малой радзімы, дзе бабуля Параска маленькага за руку да крынічкі вадзіла. Магілёўскія перакаты палёў, узлескі, гаючыя крыніцы. На Палессі няма такіх густых яловых лясоў, як у маім Горацкім раёне, але вясна сюды прыходзіць раней. Ажываюць буслянкі на дрэвах, слупах, дахах сялянскіх пабудоў. Амаль паўвека ўжо я палескі жыхар. За гэты час карэнным чынам многае змянілася тут: ад ландшафту да душы чалавека. Гаворкі сваёй не забыў. Землякоў сваіх па вымаўленні пазнаю. Ні з кім не зблытаю. 

— Які час года ваш любімы?

— Зіма, калі б яна была такой снежнай і зыркай, як у маім дзяцінстве. Люблю сонечную залатую восень мілых сэрцу горацкіх мясцін. Захапляюць дзівосныя туманы на прыпяцкіх паніклых нізінах, бяскрайнія хлебныя нівы на былых векавых балотах, асваенню якіх прысвяціў жыццё.

Уладзімір СУБАТ

Пінскі раён

Фота з архіва Івана ЦІТОВА і аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter