Людзі і птушкі

БЕЛЫМ вэлюмам квітнеючых садоў ахутаны палескія вёскі. Запаздалая вясна спяшаецца нагнаць упушчанае. Нястомная Прыпяць сцягвае з шырокай поймы багатую палескую даніну і нясе яе да бацькі-Дняпра. Параскіданыя паабапал ракі выспы за некалькі дзён закрасавалі аксамітам зеляніны. Там-сям успыхвае квеценню чаромха. А з нябёснай вышыні аглядаюць свае спрадвечныя ўладанні нязменныя спадарожнікі паляшука — цыбатыя буслы.

Выратавальная меліярацыя ніколькі не парушыла гармоніі суіснавання чалавека і прыроды на Століншчыне

БЕЛЫМ вэлюмам квітнеючых садоў ахутаны палескія вёскі. Запаздалая вясна спяшаецца нагнаць упушчанае. Нястомная Прыпяць сцягвае з шырокай поймы багатую палескую даніну і нясе яе да бацькі-Дняпра. Параскіданыя паабапал ракі выспы за некалькі дзён закрасавалі аксамітам зеляніны. Там-сям успыхвае квеценню чаромха. А з нябёснай вышыні аглядаюць свае спрадвечныя ўладанні нязменныя спадарожнікі паляшука — цыбатыя буслы.

ПА-МАЙСТЭРСКУ хораша распавядае Уладзімір Караткевіч пра зямлю пад белымі крыламі — ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц. «Над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. Іх многія і многія тысячы — хто лічыў? На вільчыках сялянскіх хат, на дрэвах, на калонах старых, разбураных палацаў. На слупах капліц сярод маладога зялёнага жыта. Гнёзды паўсюль. І таму мне здаецца, што ў гэтыя — і не толькі ў гэтыя — дні зямлю нашу, Беларусь, можна назваць «зямлёй пад белымі крыламі» — адзначае наш класік.

А сталіцай буслінага краю можна з упэўненасцю назваць паўднёвы куточак беларускага Палесся — Століншчыну, дзе многія дахі дамоў і хлявоў завяршаюцца буслянкамі. З году ў год не змяншаецца іх папуляцыя. Спрадвеку ў згодзе з навакольным асяроддзем жыхары гэтага самага вялікага сельскага раёна рэспублікі. На працягу значнага часу колькасць насельніцтва тут трымаецца каля ста тысяч чалавек. Большасць з іх занята на зямлі. Раней было трыццаць калектыўных гаспадарак. Цяпер амаль напалову менш. На кожнага жыхара раёна прыпадае амаль сорак гектараў зямлі. З іх толькі трэцяя частка — сельгасугоддзі, якіх у цэлым па раёне — каля ста тысяч гектараў, і палову з іх складаюць меліяраваныя землі. Калі быць больш дакладным — за гады масавай меліярацыі на Століншчыне абноўлена звыш пяцідзесяці тысяч гектараў забалочаных масіваў.

Першыя меліярацыйныя каналы тут праклалі яшчэ на пачатку пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Крок за крокам адваёўвалі першапраходцы ўрадлівую зямлю ў векавой дрыгвы. У міжрэччы Прыпяці і Гарыні стваралі акультураныя пашы і хлебныя нівы.

Менавіта на такіх масівах і пабудаваны адзін з лепшых у рэспубліцы СВК «Фядорскі», якім шмат гадоў кіруе вопытны гаспадарнік Рыгор Дзямко. Ён сцвярджае, што, каб не меліярацыя, то палескага мужыка даўно занеслі б у Чырвоную кнігу. Меліярацыя дала другое жыццё гэтаму правінцыяльнаму куточку Беларусі. Амаль дзесяць тысяч галоў буйной рагатай жывёлы на сучасных комплексах «Фядорскага». І ўтрымліваецца ўсё пагалоў’е на мясцовым фуражы. Тысячы тон ялавічыны і малака штогод пастаўляе гаспадарка дзяржаве. Вытворчыя магутнасці гаспадаркі пашыраюцца: у пойме Прыпяці ўзводзіцца буйны адкормачны жывёлагадоўчы комплекс. Кожны меліяраваны гектар тут выкарыстоўваецца з максімальнай аддачай. Пашырае свае межы аграгарадок Фядоры: людзі атрымліваюць жыллё, стабільныя заробкі.

ВЫСОКАЙ культурай земляробства славіцца і СВК «Палеская ніва», якую год таму ўзначаліў малады кіраўнік Аляксей Бародзіч. Прадстаўнікі гэтай гаспадаркі, як і СВК «Фядорскі», амаль штогод на рэспубліканскіх «Дажынках» — у ліку пераможцаў. Некаторыя ўчасткі былых балот тут з году ў год стабільна даюць па семдзесят і болей цэнтнераў збажыны на круг. Паспяхова ідуць справы і ў жывёлаводаў «Палескай нівы». І ўсё таму, што ўмеюць гаспадарыць на зямлі. Самыя сучасныя тэхналогіі вытворчасці і высокая дысцыпліна даюць свой плён не толькі ў гэтых гаспадарках.

У СВК «Відзіборскі», «Новая Прыпяць», дзе амаль усе ўгоддзі — былыя палескія балоты. Яшчэ трыццаць—сорак гадоў таму невялікімі лапікамі былі параскіданы на ўзгорках палі сярод прыпяцкай твані, да якіх складана было і дабрацца. Ды і намалочвалі тады ў лепшым выпадку па дзесяць—пятнаццаць цэнтнераў збажыны з гектара. Таму і матэрыяльная база гаспадарак была не надта багатай. Цяпер у раёне больш за дзесяць аграгарадкоў, дзе створаны найлепшыя ўмовы для жыцця і працы паляшукоў.

Непазнавальна змяніліся былыя палескія вёскі Фядоры, Рамель, Вялікае Маляшава, Альшаны, Рубель, Беражное, Белавуша, Асавая. Новыя асфальтаваныя вуліцы з дамамі катэджнага тыпу, сучасна абсталяваныя вытворчыя сацыяльныя пабудовы, — усё гэта створана на сродкі, заробленыя ад рэалізацыі прадукцыі, атрыманай на меліяраваных землях. Але, калі ўлічыць, што ў раёне меліяраваныя землі складаюць толькі крыху больш паловы ўсіх сельскагаспадарчых угоддзяў, то далёка не ўвесь патэнцыял тут выкарыстаны.

Так, работы меліяратарам ў Столінскім раёне яшчэ на многія гады хопіць. Мясцовая ПМК-62 не ў сілах самастойна справіцца з вялікім аб’ёмам работ па рэканструкцыі і абнаўленні меліяраваных плошчаў. Які ўжо год ім дапамагаюць суседзі з Пінскай ПМК-58. У раёне, згодна з генеральным планам развіцця, неабходна рэканструяваць амаль пятнаццаць тысяч гектараў у поймах рэк Прыпяць, Сцвіга, Льва, Гарынь, Чаква, Стыр.

Меліяратараў чакаюць у гаспадарках «Рубельскі», «Фядорскі, «Беражное», «Струга», «Манькавіцкі», «Новае жыццё». Многія меліярацыйныя сістэмы па дваццаць і болей гадоў не аднаўляліся, гідратэхнічныя збудаванні пашкоджаны і патрабуюць неадкладнага рамонту. А ў СВК «Веляміцкі», на думку яго кіраўніка Валерыя Стадніка, востра паўстала праблема асваення раней асушаных гаспадарчым спосабам масіваў на левабярэжжы ракі Львы. Амаль тысяча высокаўрадлівых гектараў тут каторы год чакаюць дапамогі. Узведзена дваццацікіламетровая дамба ўздоўж гэтай вірлівай ракі, што бярэ пачатак ва Украіне. Аддамбіраваныя масівы абсалютна не даюць пакуль аніякай аддачы. Яшчэ гадоў пятнаццаць таму тут пракладзены магістральныя каналы, закладзены дрэнаж, пабудаваны помпавыя станцыі для воднага рэгулявання. Былі спадзяванні на дзяржаўную падтрымку, каб гэтыя плошчы ўжо ў бліжэйшы час давалі аддачу. І такая падтрымка прыйшла. Два гады таму было прынята дзяржаўнае рашэнне выдзеліць немалыя сродкі на комплекс землеўпарадкавальных работ у пойме ракі Львы.

— А ці пакінеце прастор для жывёльнага свету? — спытаўся я тады ў мясцовага кіраўніка гаспадаркі.

— Прыедзьце будучай вясною сюды і адчуеце поўную гармонію суіснавання чалавека і прыроды, — адказаў старшыня.

ТАК АТРЫМАЛАСЯ, што менавіта вясною мне зноў давялося пабываць тут. Красавала рунь на асушаных масівах, зялёным дываном расцілаўся пойменны луг. А на другі бок дамбы на залітых паводкай прасторах віднеліся астраўкі хмызняку. Наваколле поўнілася птушыным шматгалоссем, якое раз-пораз дапаўнялася галасамі земнаводных спевакоў. Усё кішэла ад самых розных відаў птушак і птушачак. А на полі, захінутым ад вёскі невысокім ляском, нібыта гвардзейцы перад святочным парадам, пільна ўглядаліся грацыёзныя статныя постаці.

— Палескія жоравы. Іх тут часам збіраюцца сотні, — пачуў я ад старшыні мясцовай гаспадаркі. — Любяць пажыраваць на хлебнай ніве. І ўвосень перад адлётам таксама тут збіраюцца. Звычайна некалькі тыдняў кормяцца перад адлётам у вырай. Да спякотнага Ніла далёка ляцець, таму моцы набіраюцца.

І сапраўды, гэты куточак Палесся вельмі важны не толькі для людзей. Праз яго пралягаюць міграцыйныя шляхі пярнатых. Некалькі гадоў таму на Століншчыне створаны два дзяржаўныя заказнікі рэспубліканскага значэння — «Сярэдняя Прыпяць» і «Альманскія балоты», тэрыторыю якіх перасякаюць сямнаццаць вялікіх і малых рэк. Гэтыя заказнікі маюць статус Рамсарскіх угоддзяў. Трэцяя частка заказніка рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць» размешчана на тэрыторыі Столінскага раёна і складае больш за трыццаць тысяч гектараў. Увогуле гэты заказнік — буйнейшы ў Еўропе ўчастак рачной поймы, якая захавалася ў натуральным выглядзе. Унікальны гэты масіў нізіннымі балотамі, пойменнымі лугамі і лясамі, што з’яўляюцца эталонам натуральнай прыроды Палесся. Пойменныя азёры і старыцы, самыя большыя на еўрапейскім мацярыку непаўторныя ландшафты ў даліне Прыпяці. Амаль дзвесце відаў птушак, трэцяя частка якіх занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі, водзяцца ў гэтых мясцінах. І сярод іх такія, што толькі тут гняздзяцца. Гэта вяртлявая камышоўка, вялікі падорлік, корасцень, дупель, гусь-піскулька.

З улікам беражлівага выкарыстання Срэдняй Прыпяці на Століншчыне распрацаваны перспектыўны план гаспадарчай дзейнасці. На гэтых масіўных, не кранутых урбанізацыяй плошчах плануецца развіваць мясную жывёлагадоўлю. Да 2015 года тут будзе ўтрымлівацца больш за шэсць тысяч галоў кормнікаў буйной рагатай жывёлы абардзіна-інгускай пароды. На акультураных пашах плануецца выпасаць малочны статак. А масівы на правым беразе Прыпяці паміж Стахавам, Дубаем, Альшанамі, Сямігосцічамі і Вялікім Малішавам, дзе ўрадлівасць перавышае сорак балаў, будуць выкарыстоўвацца для вытворчасці збожжа.

Даволі багатая і флора гэтага ўнікальнага куточка жывой прыроды. З 725 відаў раслін, што тут растуць, адзінаццаць даволі рэдкія і знікаючыя. Адметная пойма Прыпяці і тым, што тут буйнейшыя ў Беларусі рэпрадукцыйныя цэнтры бабра, выдры, вадзяной палёўкі, ляснога харка. Каля дваццаці відаў земнаводных і рэптылій знайшлі прытулак паабапал берагоў галоўнай палескай воднай артэрыі, якая даволі багата і на рыбу.

Амаль на ста тысячах гектараў раскінуўся і абсалютна ўнікальны заказнік «Альманскія балоты» з комплексам верхавых, нізінных і перахадных балот, якія дагэтуль захаваліся адвечнымі. Дзвесце вялікіх і самых дробных азёр і азярцоў быццам журавіны ўсыпалі гэты заказнік. Асноўная водная артэрыя заказніка — рака Сцвіга, якая каля Турава ўпадае ў Прыпяць. Разнастайны жывёльны і раслінны свет Альманскіх балот. 25 відаў птушак, 3 віды млекакормячых, 12 відаў раслін занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Вось такі ўнікальны прыродны свет гэтага палескага кутка.

Таму кіраўніцтва Столінскага раёна даволі сур’ёзна ставіцца да кожнага кроку выкарыстання балотных масіваў. А тыя плошчы, што прылягаюць да заказніка і дзе раней прайшла меліярацыя, пастаянна на пільным уліку.

ШМАТ работы па навядзенні парадку на раней меліяраваных землях у СВК «Рубельскі» і «Струга», а таксама вакол вёсак Вялікамаляшаўскага сельсавета. Зямля тут выкарыстоўваецца не надта добра. Там чакаюць меліярацыйную тэхніку, дзе работы будуць праводзіцца як за дзяржаўны кошт, а дзе і за свае сродкі, па меры магчымасці. Меліярацыйныя сістэмы многіх гаспадарак палескай нізіны, якія пабудаваны ў гады масавай меліярацыі, зараз патрабуюць рэканструкцыі. Толькі ў Столінскім раёне больш за трыццаць тысяч гектараў. Гэта ў першую чаргу — рамонтна-эксплуатацыйныя работы, якія ўключаюць тэхнічны догляд, цякучы, капітальны і аварыйныя рамонты, аграмеліярацыйныя мерапрыемствы і рэканструкцыю. Дзяржава выдзяляе на гэта значныя сродкі, і вельмі важна па-гаспадарску, эфектыўна іх выкарыстоўваць.

У раёне нават распрацавана спецыяльная праграма «Захаванне і выкарыстанне меліярацыйных зямель», якая ўжо дала станоўчыя вынікі.

І ў тым, што летась на рэспубліканскім свяце-кірмашы «Дажынкі» былі адзначаны і поспехі столінскіх аграрыяў, ёсць заслуга і меліяратараў.

Варта ўзгадаць, што ў 1939 годзе на тэрыторыі Столінскага павета, які па плошчы амаль адпавядаў сённяшняй тэрыторыі, утрымлівалася ў гаспадарках 83 711 галоў буйной рагатай жывёлы, 18 468 коней, 33 814 свіней, 28 057 галоў авечак. Умелі гаспадарыць нашы продкі, і нам багатую спадчыну пакінулі.

Сёння толькі ў грамадскім сектары раёна каля 70 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, і ў гэтыя майскія дні сярэдні надой ад каровы складае больш за 14 кілаграмаў малака. Для Століншчыны гэта поспех. Дзесяць гадоў таму прадукцыйнасць дойнага статку была значна ніжэйшая. Цяпер штомесячна ў грамадскім сектары атрымліваюць тысячу тон мяса. А ў планах — яшчэ больш высокія паказчыкі. І, каб яны здзейсніліся, вялікія спадзяванні на аднаўленне раней меліяраваных зямель.

— Хопіць прастораў і для журавоў, буслоў і іншых птушак, звяроў, — гледзячы на некранутую чалавекам прастору за высокай дамбай, разважае старшыня СВК «Фядорскі» Рыгор Дзямко. — А нам варта па-гаспадарску дбаць пра кожны абноўлены гектар, па-навуковаму распрацоўваць сістэму севазваротаў, не забываць пры гэтым пра сучасныя тэхналогіі, і тады поспех на зямлі  гарантаваны.

Пакуль мы ўглядаліся ў прастору, з-за далягляду прыбліжаўся касяк птушак, які сеў на багатую рачную пойму. Багата гэта зямля пад белымі крыламі, толькі ўмей разумна гаспадарыць на ёй!..

Уладзімір СУБАТ, «БН»

Столінскі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter