Людмила Шавель, учительница белорусского языка, почти полвека прививает детям любовь к родному языку

Людмiла ­Шавель: «Мова продкаў павiнна гучаць!»

Амаль паўстагоддзя прывiвае любоў да роднага слова дзецям настаўнiца беларускай мовы i лiтаратуры Негарэльскай сярэдняй школы № 1 Людмiла Шавель. Яе выпускнiкi не ведаюць, што такое рэпетытар, i для здачы ЦТ заўсёды выбiраюць родную мову. У скарбонцы прафесiйных дасягненняў — чатыры стабальнiкi i паўсотнi падзяк. Вучнi прысвячаюць ёй свае вершы, а бацькi iдуць за парадай.


— Людмiла Францаўна, настаўнiк — гэта прафесiя цi прызванне?

— Мяркую, што ўсё ж прызванне, таму што праца настаўнiка адказная i крэатыўная. Ты для вучня не толькi выкладчык, але i партнёр, i пасрэднiк, i дарадчык, i артыст, i мадэльер… Настаўнiку няма калi сумаваць: столькi магчымасцей думаць, шукаць, тварыць! Можа, галоўны плюс нашай прафесii — пачуццё вечнай маладосцi, якое яна дорыць. Я нават забылася, колькi мне гадоў. Сёння ўжо не ўяўляю свайго жыцця без школы, без вучняў, без урокаў i алiмпiяд, без дзiцячага гоману i школьнага званка.

— Прэзiдэнт сказаў, што без настаўнiка i ўрача не можа быць i дзяржавы.

— Згодна з iм, таму што гэта вечныя прафесii. Урачы i настаўнiкi, як тыя атланты i карыятыды, сапраўды трымаюць краiну, бо ў руках адных чалавечае жыццё, а ў руках другiх — будучыня. I галоўны дэвiз: «Не нашкодзь!».

— Дзецi ХХI стагоддзя — якiя яны?

— Iм, як i нам калiсьцi, хочацца ра­зумення, падтрымкi, парады, любовi… Для нас галоўнай крынiцай ведаў былi настаўнiк i кнiга. Iм жа зараз Google адкажа на ўсе пытаннi. Так, iнфармацыйнасць, але iншага кшталту. Так лёгка можна заблытацца ў павуцiннi iнтэрнэту.

Вучань, як бы высока гэта нi гучала, — чалавек будучынi. Калi мы жадаем, каб грамадства станавiлася лепшым, каб мы жылi ў заможнай краiне, трэба стварыць умовы для прывiцця школьнiкам пачуцця патрыятызму, працавiтасцi, чалавечнасцi. Хочацца бачыць сваiх выхаванцаў людзьмi несапсаванымi, гатовымi да паўнацэннага творчага жыцця ў гармонii з навакольным светам, з iншымi людзьмi i з самiм сабой.

Дзяцей трэба з маленства вучыць адрознiваць добрае ад шкоднага, тады i па жыццi яны будуць крочыць роўна, дакладна разумеючы, чаго хочуць, якiх прынцыпаў i жыццёвых пастулатаў прытрымлiвацца.
Вельмi хочацца, каб яны шанавалi сваю Бацькаўшчыну, цанiлi спадчыну, бо Радзiма — як здароўе тое: калi мы маем, не зважаем, а калi страцiм, то як залатое.
— Якiм было ваша дзяцiнства?

— Не надта багатым на прысмакi i абноўкi, але такiм жывым i цёплым. Нарадзiлася я ў Дзяржынскiм раёне ў невялiкай вёсачцы Наследнiкi на беразе Усы. Мацi i бацька працавалi ў саўгасе. Мама — паляводам, а тата — спачатку поварам, а потым трактарыстам. Нас у сям’i было чацвёра. Ды i наогул, тады амаль што кожная сям’я была шматдзетнай. Днём дапамагалi бацькам: буракi, лён, бульба, выпас хатняй жывёлы… А вечарам усёй вулiцай збiралiся на лузе — як нам было весела i цiкава!

Зiмой жа расчышчалi балота i пераходзiлi на яго. Канькi тады былi раскошай, лыжы рабiлi з дошак, а ў хакей разам з хлопцамi гулялi баначкай з-пад ваксы. Каталiся i на санках, мясцовасць жа гарыстая.

А зараз у нас цудоўнае возера ў пасёлку i… цiшыня вакол. Не, дзецi ёсць, але яны сядзяць па хатах ля камп’ютара. I калi раней бацькi каралi i забаранялi iсцi на вулiцу, то зараз, наадварот, як пакаранне адбiраюць тэлефон i выправа­джваюць гуляць.

— Герой нашага часу… Як вы думаеце, каго б школьнiкi ўзялi за прыклад для сябе сёння?

— Разважаем мы i на такiя тэмы. Часцей за ўсё вучнi ўспамiнаюць сваiх продкаў, якiя мужна змагалiся ў гады Вялiкай Айчыннай вайны цi дзейнiчалi ў тыле. Мы наладжваем сустрэчы з дзецьмi вайны, на долю якiх выпалi цяжкiя выпрабаваннi. Такiя сустрэчы не пакiдаюць нiкога абыякавым i раўнадушным. Школьнiкi часта захо­дзяць у госцi да сваiх падшэфных, каб павiншаваць са святам, дапамагчы па гаспадарцы.

Неабыякавыя вучнi i да лёсу Ромкi Кагадоўскага, з якiм нядаўна сустракаўся Аляксандр Лукашэнка. Магчыма, што i не ўсе паступiлi б так, як гэты мужны хлопчык. Але ўжо тое, што прымералi да сябе няпростую сiтуацыю, — добры знак.

— З чаго пачынаецца чалавечая годнасць?

— Рэчка нараджаецца з ручаёў, дрэва расце з каранёў, а чалавечая годнасць i вартасць пачынаюцца з пашаны да роднага слова, да роднай зямлi, да ведання яе гiсторыi. Без каранёў чалавек — перакацi-поле.

— Якая роля належыць у гэтым беларускай мове i лiтаратуры?

— Урокi мовы i лiтаратуры — сродкi эстэтычнага спасцiжэння жыцця, яго маральных нормаў i каштоўнасцей. З iх дапамогай паступова ствараецца духоўны набытак дзiцяцi i падлетка як прадстаўнiка свайго народа, носьбiта нацыянальнай культуры, абу­джаецца цiкавасць да агульначалавечых каштоўнасцей, асэнсоўваюцца i засвойваюцца iх асновы.

Беларуская мова з’яўляецца не толькi прадметам вывучэння, але i сродкам выхавання. На ўроках у вучняў фармiруецца свядомае разуменне самабытнасцi i непаўторнасцi беларускай мовы як адзiнай i ўнiкальнай з’явы на свеце, сродку, якi на працягу многiх вякоў служыць на карысць нацыi, дапамагае людзям абменьвацца думкамi i духоўнымi каштоўнасцямi, разумець адзiн аднаго i ўзаемадзейнiчаць ва ўсiх вiдах працы. Мова захоўвае веды пра чалавека i сусвет, стварае гiстарычнае этнакультурнае асяроддзе, у якiм адбываецца станаўленне характару чалавека i яго iндывiдуальнасцi. На ўроку мовы настаўнiк павiнен фармiраваць асобу вучня як свядомага носьбiта мовы, развiваць яго iнтэлектуальныя i творчыя здольнасцi, рыхтаваць да прафесiйнай дзейнасцi i актыўнага грамадскага жыцця.
Як настаўнiца я лiчу, што, навучаючы сучасных школьнiкаў, вельмi важна не спазнiцца ў паведамленнi звестак, якiя спатрэбяцца iм у дарослым жыццi i з якiмi трэба ў любым узросце па-грамадзянску i па-чалавечы годна трымацца на зямлi продкаў, даражыць яе гiсторыяй, культурай, мовай. У сэрцы дзiцяцi з юных гадоў павiнна жыць трывога за сваiх родных: мацi, бацьку, бабулю i дзядулю, каб ён не вырас з каменным сэрцам. Раўнадушны i абыякавы да лёсу сваiх блiзкiх чалавек не можа стаць сапраўдным патрыётам.
Калi мы забудзем мiнулае, яго ўрокi паўторацца. Успомнiце 2020 год. Хутчэй за ўсё, мы ўпусцiлi нешта ў выхаваннi. Патрыятызм — гэта такое пачуццё, якое павiнна цiха i непрыкметна ўкладацца ў душу. Гэта i пашана да продкаў, i ўпарадкаванне iх магiл, i дапамога старэйшым... Калi ты сам гэта робiш i ў гэта верыш, то павераць i табе. А лозунгi тут бездапаможныя, бо яны бяздушныя.

— Што асабiста для вас беларуская мова?

— Гэта мова першай матчынай калыханкi i апошняга «бывай», мова пажаўцелых статутаў i мова кахання. Мова нашай душы i нашай памяцi. Гэта наш самы галоўны нацыянальны скарб. У нас жа цудоўная краiна, слаўная гiсторыя, багатыя традыцыi! I мову сваю нам ведаць — за шчасце. Калi чалавек шануе сваю мову, то i яго самога будуць шанаваць як асобу. Птушкi, як бы iм нi было складана, вяртаюцца з выраю дамоў, i пчолы бароняць свой вулей. Так i чалавек павiнен ласку i цеплыню мець да тых мясцiн, дзе нарадзiўся i вырас. Радзiму, як i матулю, не выбiраюць. Дарэчы, маёй матулi Юзэфе Станiславаўне ўжо 90 гадоў. Гэта такое шчасце — мець магчымасць наведваць родны куточак. Малая радзiма — гэта крынiца нашай духоўнасцi. 
Сапраўды, Радзiма — гэта зямля, дзе пачаўся твой лёс. Гэта зямля, дзе жылi нашы продкi, цi, як прынята казаць, нашы бацькi i дзяды. Таму i называюць людзi зямлю сваiх продкаў краем бацькоў. Дык хiба можна яе не любiць?! I трохгоддзе, абвешчанае Годам малой радзiмы, — вельмi мудрае рашэнне. Паглядзiце, як памянялiся нашы вёсачкi, колькi добрага i значнага зроблена.
— Наколькi важна размаўляць на мове продкаў?

— Кожны тыдзень у свеце памiрае адна мова. Разам з ёю неўзабаве памiрае i культура, а праз пэўны час знiкае i народ. Няма роднай мовы — няма i народа.

Лiнгвiсты прагназуюць, што праз 125 гадоў ад 6800 жывых моў, якiя iснуюць на сённяшнi дзень, на Зямлi застанецца толькi дзясятая частка ад iх.

Каб мова жыла i развiвалася, трэба, каб на ёй гаварыла не менш за адзiн мiльён чалавек. Наша родная мова, як бачыце, у групе рызыкi. На жаль, на ёй сёння размаўляе прыкладна 7—8 працэнтаў.

I калi нехта кажа, што яна непрыгожая, мяркую, што ён проста не ведае яе. Яна адна з самых напеўных!

Часам даходзiць да анекдатычных сiтуацый. Заходжу ў краму i прашу жыта. У адказ чую: «Жыта няма, ёсць толькi рож». А якая рознiца? Цi прачытала на каробцы з цукеркамi (там, дзе павiнны быць «жиры, белки, углеводы»): «тлушчы, вавёркi, вугляводы». I смех i грэх.

— Дома на якой мове размаўляеце?

— На беларускай. На ёй гаварылi мае бабулi i дзядулi, мае бацькi. На ёй гаворыць мой муж. Яе добра ведаюць i мае дзецi. Дарэчы, таксама настаўнiкi. Сын — географ, выкладчык БДУ, а дачка — лiнгвiст.

— У Беларусi склалася ўнiкальная сiтуацыя: дзве родныя мовы — руская i беларуская.

— Навукоўцы называюць гэта беларуска-рускiм блiзкароднасным двухмоўем. I справа не толькi ў генетычным сваяцтве людзей, але i ў лiмiтавай блiзкасцi моў. Толькi 10—20 працэнтаў слоў у беларускiм тэксце цалкам адрознiваюцца ад слоў рускай мовы.

Каб дзецям было лягчэй разумець родную мову, мы ўвесь час практыкуем пераклады розных слоў, папаўняем лексiчны запас. Чамусьцi самае складанае для iх — «альтанка», цi па-руску — «беседка». Магчыма таму, што няма рускай калькi.

Абавязкова 21 лютага адзначаем Дзень роднай мовы. Нашы бацькi, дзяды i пра­дзеды нямала зрабiлi, каб яна была прызнана роўнай сярод iншых моў свету.

— Тады якую мову лiчыць роднай у нашым двухмоўi?

— Магчыма, тую, на якой чалавек думае i марыць.

— Людмiла Францаўна, у 2011 го­дзе вы прадстаўлялi Дзяржынскi раён на першым Рэспублiканскiм педагагiчным савеце, якi збiраў Прэзiдэнт. А зараз бы што сказалi?

— Што школе не хапае мужчын: калектывы ўсё болей жаночыя. I вядома, папрасiла б пашыраць вывучэнне беларускай мовы, каб на ёй выкладалi яшчэ гiсторыю i геаграфiю Беларусi. Патрыя­тызм без роднай мовы не выхоўваецца, грамадзянская свядомасць не фармiруецца. Будзе незалежнай Беларусь — будзем шчаслiвымi i мы. А як страцiм сваю незалежнасць i сваю мову — страцiм усё! Мова продкаў павiнна гучаць!

sad@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter