Любы артыст за вашы грошы

Крызіс крызісам, а ад паходаў на дарагія канцэрты мы не адмаўляемсяГэтай вясной у Мінску пабывалі і яшчэ чакаецца, як ніколі, многа “зорак” — з Расіі, Захаду дый айчынныя не адстаюць. На ўсе шоу-праграмы — аншлаг. Грамадзяне шалясцяць пяцідзесяці-, статысячнымі купюрамі, з радасцю мяняючы іх на білеты. Народ хоча відовішчаў. Значыць, крызіс нас не закрануў?

А сцэна не трэсне?
У суботу вечарам у Палацы Рэспублікі спяваў Барыс Маісееў, у гэты ж час на сцэне Палаца спорту выступала англійская група Smokie. Сёння народ выстраіцца ў чаргу ў Палац Рэспублікі на “Машину времени”. У дваццатыя дні красавіка чакаецца яшчэ большая “навала” знакамітасцей.  Як  толькі  не  трэснулі яшчэ сцэны нашых палацаў.
Візіт расійскіх спевакоў, між тым, не рэдкая з’ява. Не здзіўляе і ўкраінка Ані Лорак, якая таксама прылятае праз месяц у Мінск. Якім жа ветрам занесла да нас Энрыке Іглесіяса, які вырашыў менавіта з Беларусі пачаць сваё еўрапейскае турнэ? Ды яшчэ ў такі складаны час.
— Заходнія поп-зоркі сапраўды не часта бываюць у Мінску, — канстатуе Таццяна Жарына, менеджэр па рэкламе канцэртнага агенцтва “Карпарацыя забаў”, якое арганізуе візіт славутага спевака. — Але мы летась ладзілі канцэрты Браяна Эдамса, Крыса Ры, Томаса Андэрса і не пралічыліся. Паколькі Іглесіяс яшчэ не быў у нас ні разу, а ягоных паклоннікаў многа, мы рызыкнулі прапанаваць яму выступіць перад беларускай публікай, нават нягледзячы на эканамічную сітуацыю.
Іглесіяс не выбірае сам краіну, у якую яму ехаць. Гэта робяць яго менеджэры. Галоўнае патрабаванне да боку, які прымае, — каб тэхнічныя магчымасці залы, сцэны, на якіх будзе выступаць артыст, адпавядалі ягоным патрабаванням. Відавочна, каманду Энрыке мінскія ўмовы здаволілі.
Таццяна Жарына за месяц да канцэрта ацэньвае продаж білетаў на моцную “чацвёрку” па пяцібальнай сістэме і лічыць гэта на цяперашні момант выдатным паказчыкам.
Аншлаг? Перааншлаг!
Каб праверыць сітуацыю на месцы, спускаюся ў пераход каля ГУМа, дзе знаходзяцца вядомыя і жыхарам і гасцям Мінска тэатральныя касы. Тут можна набыць квіток на любы канцэрт, шоу.
Зоя Амосава, упаўнаважаная па продажы білетаў, працуе ў сваёй касе-”акенцы”, што “выдзеўбана” ў сцяне пераходу, ужо чатыры гады, а распаўсюджваннем квіткоў займаецца з 1979 года. І на маё пытанне аб продажы білетаў на Іглесіяса ў параўнанні з іншымі выканаўцамі аўтарытэтна заяўляе: “Яшчэ нядаўна больш за ўсё цікавіліся Пугачовай. І я не сумняваюся, на яе будзе аншлаг. А на Энрыке — вось пабачыце — перааншлаг!”
Гаварыць з Зояй Мікалаеўнай немагчыма. Яна адказвае на пытанні пакупнікоў, лічыць грошы і час ад часу рэагуе на мае рэплікі. Паспрабавала б яна зачыніць касу хаця б на пятнаццаць хвілін, каб адказаць на пытанні журналіста! Выстраілася б чарга!
— Дайце “Аквариум”! — мужчына бярэ два білеты па 130 тысяч.
Наступная падыходзіць студэнтка: “Два квіткі на “Короля и шута”, калі ласка!” Зоя Мікалаеўна разважае: “Мабыць, дзяўчына не з Мінска. Бацькі даюць грошы на ежу, а яна эканоміць — ідзе на канцэрт”. Мая суразмоўца наўрад ці памыляецца: вока ў яе за многія гады напрактыкавалася, як у следчага.
Далей на размовы проста не стае часу: з выгляду звычайны рабочы аўтазавода просіць шэсць квіткоў па 140 тысяч на Лявонцьева, дзве пані з інтэрвалам у пяць хвілін пытаюцца пра білеты на Сару Конар — яшчэ даражэйшыя.
Раскупляюць беларускае
“Усесаюзныя” і сусветныя зоркі ідуць нарасхват. Амосава сама здзіўляецца:
— Нібыта ніякі крызіс людзей не закрануў і ў іх няма грашовых праблем! — але адначасова падкрэслівае: — Заўважце: попытам карыстаюцца ўжо вядомыя імёны, правераныя часам, адным словам, класіка. Нашы людзі не ходзяць на абы-што.
Людзі “палююць” не толькі на “чужое”, але і з не меншым імпэтам на сваё. Пасля адкрыцця тэатра оперы і балета ўсе хочуць трапіць у абноўлены будынак: не толькі ў глядзельную залу, але і каб ацаніць маштабы рэканструкцыі. Цікаўнасць — таксама фактар, які змушае траціцца. А тэатр оперы і балета, дарэчы, — першы з дзяржаўных, дзе, як паведаміў намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка, устаноўлены даволі высокія цэны на білеты. Гэта не дзіўна, бо, паводле статыстыкі, тут, а таксама ў музычным і драмтэатрах Мінска запаўняюцца 90 працэнтаў месцаў. Адным словам: прадпрыемствы рэнтабельныя.
На “Дзікае паляванне караля Стаха” ў Купалаўскі ўжо няма білетаў да мая ўключна. На пытанне грамадзян, а дзе яшчэ можна знайсці квіткі, білецёр зычліва адказвае: “Не марнуйце часу. Ужо нідзе”. У музычным тэатры на “Брэменскіх музыкаў” месцы выкуплены да канца красавіка.
Гуляць дык гуляць
Не зменшылася і колькасць наведвальнікаў “элітарных” шоу, канцэртаў. Святлана Гур’ева, прэс-сакратар кампаніі “Клас-клуб” (дзякуючы гэтаму “агенцтву” ў Мінск прыязджалі з выступамі Патрысія Каас, Земфіра, Крыс дэ Бург, “Scorpions”), сярод найбліжэйшых імпрэз адзначае прыезд у Мінск аўстралійскага гітарыста Томі Эмануэля, двойчы намінанта на прэстыжную прэмію Грэмі. На такія канцэрты не ходзяць масы, гэта асаблівая музыка для спецыфічнай публікі. І падрыхтоўка праграмы з запрашэннем такога выканаўцы з-за мяжы каштуе часам даражэй, чым “выклік” поп-зоркі. Нягледзячы на кошт білета, які можа дасягаць 250 тысяч рублёў, у горадзе знаходзіцца дзвесце-трыста гледачоў і слухачоў на “эксклюзіў”.
Чым больш знакамітасцей выступае на нашых сцэнах — тым лепш. Гэта значыць, Беларусь знаходзіцца не на ўзбочыне сусветнай культурнай прасторы. Дый нашым палацам, канцэртным залам ад гэтага ідзе “працэнт”. Што да коштаў, то, як лічыць Святлана Гур’ева, гэта нармальная з’ява, калі ў складаныя перыяды гісторыі, як цяперашні крызіс, людзі думаюць не толькі пра хлеб штодзённы. А Зоя Амосава адзначае даволі характэрную тэндэнцыю: “Музыка чалавека адцягвае ад яго праблем, узвышае па-над бытам. Таму мяне не здзіўляе, напрыклад, што выстройваюцца чэргі на канцэрты, шоу, а ў тэатры людзі едуць з правінцыі. У тэатрах, дарэчы, аншлаг на камедыі. Відавочна, у грамадстве дэфіцыт радасці. Акцёры ж, артысты і спевакі, як тыя дактары, дапамагаюць нам лячыць балячкі, выкарасквацца са складаных жыццёвых сітуацый”.
Што ж, як спяваў Ярмоленка, гуляць дык гуляць! А грошы... Іглесіяс у Маскве ў два разы даражэйшы. Фанаты ж знайшлі б сродкі паехаць і туды. Так што вясновы наплыў знакамітасцей у Мінску для кагосьці дзіва, а для некага — унікальная магчымасць дома ўбачыць і паслухаць ужывую тых, хто дагэтуль здаваўся недасяжнаю зоркай.


Топ-10 красавіцкіх “зорак”

 Энрыке Іглесіяс  400 000 24-га, Палац спорту
 Лайма Вайкуле 300 000 22-га, Палац спорту
 Сара Конар 250 000 24-га, Палац Рэспублікі
 Ані Лорак 200 000 26-га, Палац Рэспублікі
 Валерый Лявонцьеў 180 000 21-га, Палац спорту
“ Аквариум” 150 000 6-га, ДК МАЗ
 “Кипелов” 90 000 16-га, Палац спорту
 “Atlantica” 75 000 29-га, КЗ “Мінск”
 “Король и шут” 70 000 20-га, Палац спорту
 “J-Морс”  55 000 25-га, КЗ “Мінск”

Указаны кошт найдаражэйшых білетаў.

l Дыягназ

Леанід ЗАІКА, кандыдат эканамічных навук, дырэктар аналітычнага цэнтра “Стратэгія”:

Хоць у апошні раз схаджу на Пугачову

— Чаму, думаеце, Ала Барысаўна едзе ў Мінск? Ёй самой патрэбны грошы. Можа, некаторых з яе слухачоў крызіс не закрануў, але яе адназначна паставіў у складанае фінансавае становішча. У красавіку ёй спаўняецца 60 год, а з пенсіі народнай артысткі СССР не пражывеш. Гэта не жарт. Артысты на гастролях зарабляюць. І едуць туды, дзе ім плацяць.
— Калі згадзіцца з тым, што нашу краіну ўсё ж зачапіў крызіс, то адкуль у людзей грошы на білеты за сотні тысяч рублёў?
— Я не хацеў бы выглядаць цынічным, але ўсё падобна да балявання ў час чумы. Маўляў, паміраць, дык з музыкай. Кватэру ўжо не купіш, на аўтамабіль долары сабраць не паспеў, каўбаса дарагая — ну дык хоць у апошні раз схаджу на Пугачову, — так разважаюць многія.
— У выпадку з Алай Барысаўнай наколькі можна яе папулярнасць патлумачыць тым, што канцэрт “апошні”, “развітальны”?
— Як бы ні было на самай справе, але хтосьці і праўда думае: “А што калі апошні?” І бярэ апошнія зберажэнні ды купляе білет.
— А што тады цягне публіку на Іглесіяса?
— А вы ўявіце, колькі жанчын марылі пабачыць гэтага гарачага іспанца! Дый не абышлося без разважлівага разліку прадзюсераў. Зрэшты, названыя выканаўцы — гэта ўжо класіка. А класіка будзе запатрабавана заўсёды.

 Голас народа Убачыць і пачуць жыўцом

Таццяна ЧУДАКОЎСКАЯ, студэнтка:
— Я прыхільніца беларускай музыкі. Таму
2 красавіка пайду на канцэрт нашага “Палаца”. За 15 тысяч гэта для мяне цудоўная магчымасць паслухаць любімы гурт жыўцом. Што да замежных выканаўцаў, то мне дастаткова паслухаць іх і на дыску.
Аляксандр МАЖЭЙКА, юрыст:
— Жонка ў суботу хадзіла на Маісеева. Вярнулася крыху расчараваная. Сказала, што на фанаграму за 150 тысяч больш не пойдзе, хаця ўвогуле шоу спадабалася. Цяпер збіраемся разам на Сару Конар. Купілі білеты па 200 тысяч і ўпэўнены, што не прагадаем: абяцаны жывы гук. Тым больш гэта сапраўды сусветна прызнаная “зорка”, а такія артысты не дазваляюць сабе халтурыць. Дый гэткія выканаўцы ў нашым горадзе — рэдкія госці. Вось яшчэ б на Іглесіяса трапіць, але ўсё залежыць ад таго, які будзе заробак за сакавік.
Ірына ЗУБКОВА, доктар:
— Я даўняя паклонніца оперы і балета. Аднак калі білеты стануць вельмі дарагімі, а я чула, што на некаторыя спектаклі цана можа дасягнуць 80 тысяч, то давядзецца адмовіцца або ад жыццёва неабходных рэчаў, або ад любімага мастацтва.

600 тысяч рублёў за найдаражэйшы білет просіць Ала Барысаўна на свой канцэрт 7 мая. Рэкорд Прымадонны не пабіў ніводзін з выканаўцаў, чые візіты запланаваны ў Мінск у красавіку.

900 тысяч рублёў — сярэдняя зарплата беларуса ў лютым (паводле афіцыйнай статыстыкі).

70% можа складаць ганарар “зоркі” ад цаны кожнага білета на канцэрт.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter