Ці ёсць станоўчае абгрунтаванне неразрыўнасці сужэнства? Чаму яе трэба абараняць і захоўваць, нягледзячы на штормы і крызісы ў сям’і? Што яна дае мужам і жонкам? І чаму гэта так важна?
Часам кажуць, што зламаць штосьці лёгка, а адрамантаваць складана, але вельмі проста штосьці сапсаванае выкінуць і купіць новае. Гэта ўсё праўда, калі мы гаворым пра рэчы. Людзі — не рэчы.
У версіі размовы Хрыста з фарысеямі пра сужэнства, прыведзенай у Евангеллі паводле Мацвея, самі вучні Месіі з сумам адрэагавалі на словы свайго настаўніка пра непарушнасць сужэнства: «Калі такія адносіны чалавека з жонкаю, то лепш не жаніцца». Вучні асацыіравалі пажыццёвую прыхільнасць да аднаго чалавека з велізарным цяжарам. Яны, верагодна, таксама бачылі сваю ўласную слабасць і адчувалі, што заставацца ў адных адносінах да канца жыцця — гераізм. Дзіўным адказам Хрыста на іхнія страхі з’яўляецца тое, што не ўсе прымаюць гэтае вучэнне. Але Месія таксама сцвярджае, што прыняцце таямніцы — дар.
Непарыўнасць сужэнскай повязі — знадворная сцяна, якая абараняе доступ да вялікіх, вельмі асабістых (інтымных) скарбаў сям’і ад непажаданых гасцей. Сапраўдная любоў пастаянная, а не часовая. Для яе развіцця патрэбныя час і ўмовы. Такім чынам, неразрыўнасць сужэнства неабходная для пастаяннага росту мужа і жонкі.
Любоў саспявае з цягам часу, бо прадугледжвае ўзаемнае пазнанне. Яна таксама перажывае моманты крызісу, расчаравання і ўключае ў сябе этап балючага сутыкнення з эгаізмам. Дзякуючы вернасці муж і жонка маюць магчымасць паступова ачысціцца ад сваіх амбіцый, празмерных чаканняў і самазаглыбленасці. Паколькі чалавечае жыццё на зямлі не вечнае, было б вельмі цяжка развіваць каханне, калі б чалавек мяняў мужа ці жонку кожныя некалькі гадоў.
Вернасць і неразрыўнасць існуюць для таго, каб абараніць нас ад ілюзіі, што дзесьці існуюць ідэальныя муж ці жонка. Іншымі словамі, ад думкі, што калі наш партнёр аказаўся неідэальны, то трэба пашукаць ідэальнага. Развіццё сям’і пачынаецца, калі чалавек разумее, што павінен пачаць нешта мяняць у сабе, або прымае той факт, што ёсць пэўныя рэчы, на якія ён не мае ўплыву. Вернасць умацоўвае тое, што аб’ядноўвае мужа і жонку, і лечыць тое, што становіцца перашкодай для дасягнення сапраўднага кахання, любові.
Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ