Икона Матери Божьей Будславской — святыня для всех белорусских христиан

Любоў даўжынёй у вечнасць

Сёння адзначаецца ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай. Звычайна ў гэты дзень у Будславе збіраюцца тысячы паломнікаў. Але гэты год стаў выключэннем. У сувязі з пандэміяй агульнанацыянальны Будслаўскі фэст, між іншым унесены ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА, было вырашана перанесці на пазнейшы час. На сёння запланаваны толькі штогадовыя парафіяльныя адпустовыя ўрачыстасці — са святой імшой на адкрытым паветры і эўхарыстычнай працэсіяй з копіяй цудадзейнага абраза на прыкасцёльнай тэрыторыі. Але гэта ніяк не паўплывае на любоў хрысціян да абраза.



Гісторыя гэтай любові пачалася яшчэ больш за 400 гадоў таму, калі абраз з’явіўся ў Будславе. Вядома, што ён быў падараваны ў 1598 годзе рымскім папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Пасля смерці ваяводы ікона перайшла да яго капелана Ісака Салакая. У 1613-м 

Салакай быў у Будславе. Набажэнства, на якое ён трапіў у мясцовым касцёле, так яго ўзрушыла, што ён падарыў будслаўскім бернардзінцам гэты абраз. Як высветлілася з часам — цудадзейны. Яшчэ ў XVII стагоддзі была напісана кніга «Задыяк на зямлі», у якой расказваецца пра 42 цуды, здзейсненыя Маці Божай Будслаўскай.


Ікона намалявана алеем на палатне, нацягнутым на дошку досыць вялікага памеру — 72х65 см. На ёй Маці Божая трымае дзіцятка Езуса з працягнутымі рукамі. На абразе захаваліся дасканалая срэбраная шата, арнаментаваная пазалочанымі кветкамі, і кароны з каштоўнымі камянямі — ікона была каранавана ў 1998 годзе. Такога гонару заслугоўваюць абразы, якія здаўна ўшаноўвацца і славяцца як цудадзейныя. Сёння прасіць Маці Божую Будслаўскую аб усялякіх дабротах прыязджаюць і католікі, і праваслаўныя, і пратэстанты.

mila@sb.by

Фота catholic.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter