Сегодня исполняется 130 лет со дня рождения Констанции Буйло

«Люблю наш край, старонку гэту»

Менавіта Янка Купала прапанаваў сабраць паэтычную кніжку Канстанцыі Буйло, з дня нараджэння якой сёння спаўняецца 130 гадоў

Канстанцыя Буйло (Канстанцыя Антонаўна Калечыц) нарадзілася 14 студзеня 1893 года ў беднай сялянскай сям'і Антона Аляксандравіча і Анастасіі Францаўны (Бусел) у Вільні. Бацька працаваў старшым конюхам у стайнях князя Гагарына. Ён быў пісьменны і імкнуўся даць адукацыю ўсім сваім семярым дзецям. Спачатку Канстанцыю навучалі хатнія настаўнікі, потым яна скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы. Выкладала ў лагойскай вёсцы Горнае Скробава, загадвала беларускай кнігарняй у Полацку, працавала ў земскім саюзе, іншых установах. Друкавацца пачала ў «Нашай ніве» ў 1909 годзе. Першыя вершы («Хвоя» і «Скора зіма») падпісала імем... свайго брата Эдуарда. Праз год стала выкарыстоўваць уласнае імя. Узнагароджана ордэнам «Знак пашаны», ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР.


Вядомы дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, адзін з пачынальнікаў айчыннай прозы і першых гісторыкаў нашай літаратуры Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускай літаратуры» назваў Канстанцыю Буйло «найбольш выдатнай пасля Цёткі жаночай сілай у нашай паэзіі».

Ёсць у разнастайным рэпертуары «Сяброў» песня «Люблю наш край», якую выконвае спявачка Алеся. Кампазіцыя шырока папулярна па ўсёй краіне і стала па-сапраўднаму народнай:

Люблю наш край, старонку гэту,

Дзе я радзілася, расла,

Дзе першы раз пазнала шчасце,

Слязу нядолі праліла.

Люблю народ наш беларускі

І хаты ў зелені садоў,

Залочаныя збожжам нівы,

Шум нашых гаяў і лясоў…

І песню родную люблю я,

Што жнеі ў полі запяюць,

І словы звонкія над нівай

Пераліваюцца, плывуць.

І ўсё люблю я, што завецца

Адзіным словам — Беларусь,

І слова гэтага святога

Ніколі ў свеце не зракусь.

Уладзімір Дубоўка, Уладзімір Караткевіч, Канстанцыя Буйло, Рыгор Шырма, 1959.

А вось тое, што аўтар гэтых душэўных радкоў — Канстанцыя Буйло, вядома не многім. Гэтыя словы ўзяты з яе знакамітага верша «Люблю», напісанага яшчэ ў 1913 годзе, калі яна працавала ў вясковай школе, дзе вучыла сына пана Дзеўчапольскага. Успамінаючы, як гэты верш нарадзіўся, у 1973 годзе на адной з творчых сустрэч Канстанцыя Антонаўна паведаміла, што ў той час яна жыла з бацькамі каля Вішнева. Там была цудоўнейшая прырода. Навакольнае хараство ствараў, акрамя іншага, ружовы сад на ўскрайку графскага лесапарку. Так што натхняцца было чым!

Што датычыцца песні, то вядомыя заходнебеларускія паэты Піліп Пестрак і Валянцін Таўлай адзначалі: яна стала за мяжой беларускім гімнам, яе выконвалі стоячы! А Рыгор Шырма сведчыў, што спявалі многія паэтычныя творы Буйло. Верш «Люблю» пакладзены на музыку беларускім кампазітарам, дырыжорам і музычным крытыкам Міколам Равенскім, дзякуючы якому нарадзіліся «Слуцкія ткачыхі», «Мой родны кут», іншыя вядомыя песні. Між іншым, па-першае, доўгі час музыка «Люблю» лічылася народнай, а па-другое, Равенскі напісаў гістарычную сюіту паводле верша паэтэсы «Курган»:

Там, дзе быстраю хваляю

рэчка плыве,

У даліне між цёмнага лесу,

Прытаіўся высокі зялёны курган

Пад плакучых бярозак завесай.

Руж здзічэлых кустамі зарос

ён увесь,

Хто садзіў іх — ніхто тут не знае,

Між руж камень стаіць;

пазалоту з яго

Сцерла часу рака векавая.

А на камені надпіс:

«Пад тым курганом

Ляжаць двое —

хлапец і дзяўчына:

Пад бярозкай

зялёнай схаваны Янук,

Пад кустом ружы

дзікай — Галіна…»

Гэтыя творы ўвайшлі ў склад першага зборніка Буйло «Курганная кветка». Ён пабачыў свет у 1914-м у вядомай віленскай друкарні Марціна Кухты, які друкаваў творы Багушэвіча, Багдановіча, Коласа, Цёткі... Глыбока сімвалічна і знамянальна, што ў выданні дэбютнай кніжкі прынялі ўдзел Янка Купала і Язэп Драздовіч. Першы склаў і адрэдагаваў зборнік, а другі яго аформіў. Пра знаёмства з Купалам у рэдакцыі «Нашай нівы» Канстанцыя Антонаўна ўзгадвала так: «Нехта, узяўшы мяне за плечы, павярнуў да сябе. Перада мной стаяў высокi, тонкi мужчына, з сiнiмi вачыма, задумлiвы i сур'ёзны. «Ты, мусiць, Буйлянка, — лагодна сказаў ён мне, — ну, а я Купала. Дык давай знаёмiцца». I ён, нагнуўшыся, пацалаваў мяне так сур'ёзна i ўрачыста, што я нават не здзiвiлася, а смяшлiвая Уладка (будучая жонка Купалы. — У. Б.) не засмяялася. Да гэтага знаёмства яшчэ Купала прысвяцiў мне вельмi прыгожы свой верш».

Гэта быў верш «Мая думка», на­друкаваны ў «Нашай нiве» 19 жніў­ня 1910 года:

Як вецер, як птушка,

дзе сонца, дзе зоры,

Так рвецца, нясецца ўдаль

думка мая;

Абыймецца з небам,

пакоціцца ў мора,

У вялікае мора людскога жыцця.

І ўдарыцца ў сэрца

так смутна, балесне, —

Як лісцем віхура,

так ім скалыхне,

Так ім закалоціць,

аж выклікне песню...

Ўжо з песняй ляціць зноў

да зор к вышыне.

Канстанцыя Буйло і Уладзіслава Луцэвіч, 1950-я.
Увогуле Купала вельмі цёпла адносіўся да Канстанцыі. Менавіта з ёй чытаў аднойчы ў рэдакцыі ўвесь вечар рукапіс сваёй новай п'есы «Паўлінка». Пясняр і прапанаваў маладой паэтэсе скласці кніжку яе вершаў. Паведамляў, што папрацуе над выданнем з такiм жа замiлаваннем, як над сваім. Можна ўявіць, як гэта ўзнiмала веру дзяўчыны ў сябе, як акрыляла яе і дапамагала ёй тварыць.
З самага пачатку творы Буйло, як і іншых прадстаўнікоў перадавой тагачаснай літаратуры, «выходзілі з народа і ішлі ў народ, абуджалі яго чалавечую годнасць, гаварылі аб сацыяльных бедах і крыўдах», складалі лексічныя і граматычныя нормы новай беларускай літаратурнай мовы. Ёсць у паэтэсы, якая шырока выкарыстоўвала фальклорныя матывы і вобразы народнай міфалогіі, і кніжкі для дзяцей — «Юрачка», «У бляску зор» і «Вясной». Яна аўтар п'ес «Кветка папараці» і «Сягонняшнія і даўнейшыя».

Жыццё Канстанцыі Буйло складвалася па-рознаму. Былі ў ім як светлыя, так і пахмурныя перыяды. У 1916 годзе яна выйшла замуж за сына надворнага саветніка Віталя Калечыца, які паходзіў з засцянковай шляхты Мінскага павета. Праз два гады ў іх нарадзіўся сын Яўген, і яны былі шчаслівыя! У 1923-м Канстанцыя пераехала да Віталя ў Маскву, дзе, дарэчы, жыла да самой смерці, якая напаткала яе 4 чэрвеня 1986 года. Спачатку знатную беларуску пахавалі ў Маскве. Але ў 1989-м урну з яе прахам перавезлі ў валожынскую вёску Вішнева, куды сям'я пераехала, калі Канстанцыі было два гады. Цікава, што ў гэтым мястэчку (тады Ашмянскага павета) 25 снежня 1891 года нарадзілася жонка Янкі Купалы Уладзіслава Луцэвіч, з якой Буйло ўсё жыццё сябравала.

Сёння ў Вішневе, што на левым беразе Гальшанкі, — аграгарадок. На магіле Канстанцыі Антонаўны помнік. На будынку мясцовай сярэдняй школы імя К. А. Буйло ў яе гонар устаноўлена мемарыяльная дошка. Імя паэтэсы, якая імкнулася і заклікала нас тварыць і кахаць, носіць адна з вуліц беларускай сталіцы...

Помнік Канстанцыі Буйло на могілках у валожынскім Вішневе.

Уладзімір БАРЫСЕНКА —  спецыяльна для «СГ».

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter