Як беларускаму лубіну стаць сапраўдным канкурэнтам імпартнай соі і закрыць патрэбнасць жывёлагадоўлі у бялку?

Любіце лубін

Абывацель, які чуе пра поспехі мяса-малочнай галіны, далёка не заўсёды ацэньвае, што забяспечвае дасягненні і высокія рэйтынгі Беларусі па вытворчасці малочнай прадукцыі. Банальны прыклад: каб карова давала шмат якаснага малака, яна павінна добра харчавацца. Пытанні кармоў у жывёлагадоўлі сёння нельга назваць цалкам вырашанымі. Мы па-ранейшаму трацім нямала грошай на закупку імпартнага бялку, хоць магчымасці для яго вытворчасці ўнутры краіны ёсць. Адна з іх —  зрабіць стаўку на лубін. Праўда, пакуль з увасабленнем гэтай ідэі больш складанасцей, чым дасягненняў.

Сёння пад лубін у краіне адведзена менш за 10 тысяч га
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

Аграномы нездарма называюць лубін беларускай сояй. Незаменных амінакіслот, якія жывёлы атрымліваюць толькі з харчаваннем, у гэтай расліне ў некалькі разоў больш, чым, напрыклад, у ячмені. А па колькасці бялку лубін пераўзыходзіць гарох, сою, віку і іншыя кармавыя культуры. Нягледзячы на гэта, сёння пад лубін адведзена менш за 10 тысяч га. Справа ў тым, што ў свой час аграрыі сутыкнуліся з антракнозам — грыбковай хваробай, якая нярэдка паражае таматы, агуркі, клубніцы. Цалкам пазбавіцца ад антракнозу пры вырошчванні лубіну ў свой час не атрымалася, таму плошчы пад гэтую культуру былі сур'ёзна скарочаны.

Пры гэтым жывёлаводы выдатна разумеюць: для развіцця мяса-малочнай жывёлагадоўлі неабходны добра збалансаваныя кармы. Штогадовы імпарт соевага шроту, напрыклад, па ацэнцы экспертаў Навукова-практычнага цэнтра па земляробстве, усё яшчэ трымаецца на ўзроўні 280—350 млн долараў. Каб самастойна закрыць патрэбнасць у бялку, неабходна пашыраць пасяўныя плошчы пад бабовыя культуры. Па словах намесніка дырэктара НПЦ па земляробстве Эромы Урбана, ахоўныя мерапрыемствы і прытрымліванне тэхрэгламентаў на этапе пратручвання насення, сяўбы, унясення ўгнаенняў, уборкі і захоўвання ўраджаю дазваляе атрымліваць добрыя вынікі і абараняць пасевы лубіну ад хвароб. Акрамя таго, у НПЦ ідзе селекцыйная праца, ужо створаны дастаткова ўстойлівыя да антракнозу сарты. Таму навукоўцы агучваюць амбіцыйную задачу: было б ідэальна давесці аб'ёмы пасяўных плошчаў пад лубін да 120—150 тыс. га.

Праўда, ёсць і іншы нюанс: пакуль яшчэ адстае перапрацоўка. Справа ў тым, што ў насенні лубіну шмат тлушчу. Гэта значыць, што для яго перапрацоўкі трэба адмысловае абсталяванне. Тыя лініі, якія ёсць на камбікормавых заводах, не спраўляюцца з гэтай раслінай. Патрэбны новыя лініі альбо перабудова схем перапрацоўкі. Эрома Урбан запэўнівае: тэхналогіі і рэцэпты ёсць. І як толькі заводы будуць актыўна працаваць з лубінам, аб'ёмы яго пасеваў у краіне пачнуць павялічвацца. Дарэчы, лубінавае пытанне даволі радыкальна вырашылі ў Расіі: там проста забаранілі імпарт соевага шроту, і за некалькі гадоў перапрацоўшчыкі давялі выпуск лубіну да 150 тысяч тон.

Яшчэ адзін фактар, які адпуджвае гаспадаркі ад вырошчвання гэтай бабовай культуры, — ураджайнасць. Гэты паказчык у лубіну ніжэй, чым у збожжавых. Напрыклад, асобныя гаспадаркі дамагаюцца ўраджайнасці збожжавых па 80—90 ц / га, у той час як з лубінам у сярэднім атрымліваецца 20—25 ц / га. Як бы там ні было, вырошчванне гэтай кармавой культуры магло б абыходзіцца танней, чым закупка імпартнай сыравіны. Нават у плане энергазатрат пры вытворчасці лубін дае фору зернебабовым культурам: яго выпуск у 2—4 разы таннейшы. Навукоўцы рэзюмуюць: пытанне з лубінам тычыцца не толькі цаны, але і якасці. У насенні лубіну ёсць тлушч, бялок, незаменныя амінакіслоты. І перапрацоўка ўнутры краіны дасць магчымасць атрымаць шырокі асартымент гатовай прадукцыі. У той час як соевы шрот, якога закупляецца некалькі сотняў тысяч тон, — гэта ўжо адходы вытворчасці, якія ў дарозе яшчэ і паспяваюць часцяком згібець. Беларускі лубін у любым выпадку абыдзецца нашым гаспадаркам танней.

konoga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter