Усё гэта спрыяе шчасліваму жыццю, перакананы Мітрапаліт ПАВЕЛ, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі

Любiць Бога, Айчыну i людзей, захоўваць праваслаўную веру

ПРААСВЯШЧЭННЫМ Мінскім і Слуцкім Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Свяшчэнным сінодам у канцы 2013 года быў прызначаны Мітрапаліт ПАВЕЛ (у свеце — Георгій Васільевіч Панамароў), які праз год атрымаў тытул Мінскага і Заслаўскага і ўзначаліў новаўтвораную Мінскую мітраполію.  Дзяцінства  яго  прайшло  ў   далёкай Карагандзе, куды ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя выселілі як кулакоў яго продкаў. Дзядуля Аляксей Панамароў за тое, што не адрокся ад праваслаўнай веры, зведаў сібірскія лагеры, адкуль вярнуўся сляпым. Падлетак-унучак стаў яго павадыром, а ў вольны час з равеснікамі ганяў футбольны мяч, запоем чытаў кнігі пра ваенных лётчыкаў і марыў пакараць неба.



Юнак атрымаў атэстат сталасці, закончыў курсы шафёраў, адслужыў у арміі і ў карагандзінскім прафтэхвучылішчы набыў рабочую спецыяльнасць. Працаваў слесарам, вадзіцелем.

Глыбакаверуючая маці выхоўвала дзяцей па-хрысціянску. Георгій паступіў і закончыў Маскоўскую духоўную семінарыю, а затым і духоўную акадэмію, аспірантуру, абараніў ступень кандыдата багаслоўя.

Прайшоў праз усе ступені праваслаўнай іерархіі. Служэнне пачынаў з рэферэнта ў аддзеле знешніх царкоўных зносін Маскоўскага патрыярхату, узначальваў Рускую духоўную місію ў Іерусаліме, Пскова-Пячэрскі манастыр. Хіратанісаны ў епіскапа Зарайскага, вікарыя Маскоўскай епархіі. Кіраваў прыходамі ў ЗША і Канадзе. Прызначаўся епіскапам Венскім і Аўстрыйскім, Разанскім і Касімоўскім. Узведзены ў сан мітрапаліта. Пастырская дзейнасць Высокапраасвяшчэнства адзначана ўзнагародамі Рускай, Антыахійскай, Іерусалімскай і Амерыканскай праваслаўных цэркваў. 

У ГАДЫ індустрыялізацыі маладая савецкая рэспубліка асвойвала карагандзінскі вугальны басейн. Закладваліся першыя падмуркі горада шахцёраў, працоўных рук чакала цаліна. З розных куткоў краіны прыбывалі ў Казахстан эшалоны з перасяленцамі. 

Пад высяленне трапіла і сям’я руплівага волжскага гаспадара Яхрэма Мыздрына — за тое, што мелі дзве каровы, два кані і дыхтоўны дом у Сызрані. Перапоўненыя людзьмі таварныя вагоны імчалі на ўсход. Позняй восенню састаў спыніўся сярод бяскрайняга стэпу, і паступіла каманда выгружацца. Калаціліся ад пранізлівага ветру дзеці, няспынна крычалі галодныя немаўляты. За зіму больш за палавіну перасяленцаў загінула. Тыя, хто цудам выжыў, будавалі дамы, абзаводзіліся садамі і агародамі. Але як толькі перасяленцы ўладкоўваліся, іх высялялі і адпраўлялі далей у дзікі стэп. 

У дзіцячым доме апынуліся сыны Андрэй, Мікалай і Васіль святара Аляксея Панамарова. Бацюшка дзесяць гадоў адсядзеў у сібірскіх лагерах. 

Сыны пасля заканчэння школы пайшлі па сваім жыццёвым шляху. Васіль закончыў горны тэхнікум, пазнаёміўся з дзяўчынай Ганнай з ссыльнай сям’і Мыздрыных, якая стала яго жонкаю. Дзесяць дзяцей нарадзіла яна. Чацвёра немаўляткамі памерлі ад голаду і хвароб.

— Бацька працаваў маркшэйдарам на вугальнай шахце, а маці гаспадарыла дома, — узгадвае мітрапаліт Павел. —  З сібірскіх лагераў вярнуўся схуднелы і поўнасцю аслеплы дзядуля Аляксей. Ён быў з барадою і насіў доўгую падпяразаную папругай кашулю. 

Штодня раніцай і вечарам усёй сям’ёю станавіліся на малітву перад абразамі. Дзед паверх кашулі надзяваў вялікі крыж, які выклікаў у нас цікавасць. Пра яго мінулае святарства нічога не ведалі. Царква была сацыяльным ізгоем у краіне. Бацькі турбаваліся за наша будучае і трымалі ў тайне ад нас перажытае дзядулем.

ГОРАД Караганда рос на вачах. Яго будавалі людзі розных нацыянальнасцей. У нашай пяцідзясятай школе разам з казахамі вучыліся прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Настаўніца матэматыкі Рыма Мікалаеўна вучыла па сваёй методыцы. На дошцы запісвала ўмову прыкладу ці задачы, і хто першы рашаў, адпускала з урока. Даволі часта адным з першых я паведамляў адказ. Здзіўленая настаўніца прасіла патлумачыць ход рашэння. Усё вылічваў вусна. Адказ правільны, і Рыма Мікалаеўна прасіла расказаць, як рашаў. Мне было цяжка патлумачыць ход рашэння, таму настаўніца ставіла толькі чацвёрку, але з урока адпускала. Шчаслівым ляцеў на школьны двор гуляць у футбол. Чарчэнне, геаметрыя, фізіка таксама лёгка даваліся. Захапляўся і літаратурай. Перачытаў усе кнігі пра Чкалава, Пакрышкіна, Кажадуба. І сам марыў лятаць на самалётах, але ў лётнае вучылішча прымалі толькі камсамольцаў, а ў нашай сям’і ніхто імі не быў. Камсамольцам забаранялася хадзіць у храмы, а мы былі мамай выхаваны ў веры Божай, хаця бацька да гэтага быў раўнадушны. Ён нарадзіўся ў сям’і святара, але ў дзіцячым доме яго выхавалі атэістам, і толькі ў апошнія гады жыцця вярнуўся да веры. І піянерскія гальштукі мы не насілі. Аднойчы загадалі прыйсці на школьную лінейку. Калі ўносілі сцяг пад гукі горна і бой барабана, я машынальна перахрысціўся. Настаўнік, што стаяў ззаду, узяў мяне за каршэнь і вывеў з лінейкі. Але ўсё гэта не ўплывала на паспяховасць, і я закончыў сярэднюю школу.

— Адкрылася сто дарог. Якую выбралі?

— Паступаў у Карагандзінскі політэхнічны інстытут, але няўдала. Да арміі працаваў шафёрам на грузавым аўтамабілі.

— Дзе служылі?

— У Групе савецкіх войск у Германіі. Шмат карыснага дала армія. Адслужыў і вярнуўся дамоў. Калі з сябрамі ганялі на матацыклах па Карагандзе, трапіў у аварыю. На бальнічным ложку захапіўся чытаннем. Трапілася пад рукі бабуліна кніжка дарэвалюцыйнага выдання пра з’яўленне памерлых жывым. Там прыводзіліся незвычайныя выпадкі. Стаў аналізаваць сваё мінулае. На службу ў армію мяне настаўляў карагандзінскі святар пратаіерэй Аляксандр Крываносаў, які быў адным з паплечнікаў архімандрыта Севасціяна, далучанага да ліку святых у 1996 годзе. Айцец Аляксандр даў мне шмат карысных парад, адпраўляючы ў армію. Перад тым як садзіцца ў аўтамашыну, абавязкова перахрысціцца, прамовіць малітву “Цару Нябесны” і папрасіць Божага бласлаўлення. Калі гэта немагчыма   зрабіць   адкрыта, памаліцца ў  думках.  Пасля  завяршэння   паездкі ці ў  канцы  працоўнага дня не забываць падзякаваць Усявышняму. Заўсёды памятаць пра Бога — і атрымаеш ад Яго бласлаўленне. 

У КІШЭНІ маёй армейскай гімнасцёркі ляжалі невялікая фотакартка карагандзінскага старца Севасціяна і маленькі крыжык. У вучэбцы на ранішняй паверцы сяржант знайшоў іх і паведаміў камандзіру роты. Апраўдваўся, што гэта здымак дзядулі. Са мною сталі праводзіць атэістычныя гутаркі. Настойліва патрабавалі адракціся ад Бога, веры і ўступіць у камсамол. Я не мог зразумець, калі быць камсамольцам так добра, то чаму вы мяне сілком туды заганяеце? Пераканаць мяне так і не змаглі. У пакаранне перавялі дзяжурыць на аўтамашыну ГАЗ-63, на якой вывозіў смецце. Паўгода штодзённа займаўся гэтай справай. 

Так было б і далей, але памяняліся камандзіры ўзводаў і роты. Новыя начальнікі здзівіліся, чаго пастаянна дзяжуру на смеццевозцы. Перавялі на транспартную аўтамашыну. За ўсю службу не меў парушэнняў армейскай дысцыпліны, і мне прапанавалі прыняць аўтобус для перавозкі ў школу дзяцей афіцэраў. Перад вучэбным годам заняўся ў гаражы тэхнічнай падрыхтоўкай аўтобуса. Калі перабіраў ступіцы, запэцкаўся ў мазут. А тут тэрмінова выклікалі да камандзіра часці. Хутка прывёў сябе ў парадак і з’явіўся. Атрымаў загад сфатаграфавацца. А ў мяне не было параднага адзення. Прапанавалі апрануць чужы парадны мундзір і сфатаграфавалі.

Праз некалькі дзён убачыў свой партрэт на Дошцы гонару. На пінжаку красаваўся камсамольскі значок. Праз год перад заканчэннем службы да нас падышоў камандзір часці. Мяне ён добра ведаў, таму што яго дачка ездзіла ў школу на нашым аўтобусе. Ён падзякаваў за бездакорную службу і паведаміў, што маё прозвішча занесена ў Кнігу гонару вайсковай часці. Як належыць, я выгнуўся па струнцы і адрапартаваў, што служу Савецкаму Саюзу. Камандзір са здзіўленнем заўважыў, што ў мяне няма камсамольскага значка. Адказаў яму, што не камсамолец. Атрымаў наказ па вяртанні дамоў без прамаруджвання ўступіць у Саюз моладзі. Так дагэтуль уступаю.

Шмат рознага было за гады службы ў арміі. Нават спрабавалі падпаліць маю аўтамашыну, спецыяльна хацелі спіхнуць у абрыў мой ГАЗ-66, але абышлося. Усё гэта ўзгадвалася на бальнічным ложку ў Карагандзінскай бальніцы, дзе хапала часу паразважаць. Стаў асэнсоўваць, што ўсю службу ў арміі мяне асцерагаў Гасподзь. Як і ў той момант, калі адзін з афіцэраў загадаў перавезці яго на другі бок танкавага палігона. Паехалі, а тут пачалася танкавая атака. Цудам наш аўтамабіль не трапіў пад гусеніцы. Дабраліся на другі бок палігона, і афіцэр накінуўся, што мяне трэба ў дысбат адпраўляць. А яму камандзір дывізіі сказаў: “Падзякуй хлапчуку, што жывым цябе давёз”. Вось так асабістыя прыклады і выпадкі (а іх мноства) прывялі мяне да пераканання: жывы Гасподзь, Ён заўжды побач. Па святых запаведзях жылі мае продкі, якія ў той цяжкі час пацярпелі за веру ў Бога, і нас такімі выхоўвалі. 

— Калі вы даведаліся пра святарства дзядулі?

— Пасля вяртання з арміі, калі майго дзеда, іерэя Аляксея, ужо не было ў жывых. Быў здзіўлены, колькі давялося яму за глыбокую веру вытрымаць.

— Як самі вырашылі стаць святаром?

— У храме, дзе служыў архімандрыт Савясціян Карагандзінскі, была тайная абшчына манахінь, сярод якіх служылі сапраўдныя паплечніцы высокай духоўнай існасці — Анастасія і Агнія. Наша сям’я хадзіла ў гэтую царкву на богаслужэнні. 

У Карагандзінскім прафтэхвучылішчы, якое заканчваў, пра мой намер ніхто не ведаў. Па рэкамендацыі манахіні Анастасіі звярнуўся да матушкі Агніі, якая азнаёміла з правіламі паступлення ў духоўную семінарыю і спытала, што ведаю пра гісторыю і галоўнага святога Троіца-Сергіевай лаўры. Пацікавілася, якія малітвы вывучыў, ці знаёмы з 50-м і 90-м псалмамі, ці ўмею чытаць на царкоўна-славянскай мове і ці ведаю славянскія лічбы. Пры развітанні блаславіла і сказала, што з такім запасам ведаў можна і ў другі клас паступіць. 

З прыўзнятым настроем, але з пачуццём хвалявання адправіўся ў сталіцу. Здаў пісьмовы і вусны экзамены, але ў спісе залічаных на вучобу сябе не знайшоў. Душу абуяла цяжкае пачуццё. Ідучы ў такім настроі па калідоры, сустрэў памочніка інспектара, і калі ён пачуў, што маё прозвішча Панамароў, сказаў, што мяне чакаюць у кабінеце рэктара. Там за доўгім сталом засядалі важныя царкоўныя чыны, якія правяралі веды па гісторыі Троіца-Сергіевай лаўры. Члены камісіі пачаргова задавалі літаральна тыя ж пытанні, на якія матушка Агнія звяртала маю ўвагу. Пасля экзамену, як прадракала карагандзінская паплечніца, мяне залічылі адразу ў другі клас. Закончыў Маскоўскую духоўную семінарыю і акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя, а затым працягваў слуханне ў аспірантуры.

У гады вучобы наведваў групу інтэнсіўнага вывучэння англійскай мовы, і калі служыў на амерыканскім кантыненце, гэта спрыяла лепшым зносінам з прыхаджанамі. Вядучы служэнне ў Беларусі, радуюся магчымасці сувязі з людзьмі і прыроднай прыгажосцю гэтай бласлаўлёнай зямлі. Пра свае вандроўкі па краіне дзялюся ўражаннямі з роднымі братамі і сёстрамі, якія жывуць ва Уладзімірскай вобласці Расіі. 

— Ваша Праасвяшчэнства, вам пашчасціла быць асабіста знаёмым з патрыярхамі Рускай праваслаўнай царквы Піменам і Алексіем II. Прызначаў вас у Беларусь Свяцейшы Патрыярх Кірыл. Што важнага ад кожнага з іх перанялі для сябе?

— Мяне заўжды натхняла іх адданае служэнне Царкве і Богу, шчырая вера і любоў да людзей. У кожную эпоху Усявышні даруе Царкве Прадстаяцеляў, якія маюць асаблівы дар кіравання гэтым караблём — дар малітвы і пропаведзі Евангелля. З апостальскіх часоў архіерэйская пераемнасць бесперапынным ланцужком цягнецца ад вучняў Хрыста Выратавальніка да архіерэяў нашага часу. Такімі яркімі асобамі былі і патрыярхі Рускай праваслаўнай царквы, з якімі лёс падараваў мне радасць зносін.

— Вы служылі ў храмах Іерусаліма, ЗША, Канады, Мексікі, Аўстрыі, Венгрыі, Расіі і цяпер у Беларусі. Як сябе там адчувалі?

— Усюды, дзе даводзілася бываць, а наведаў больш за 60 краін свету, калі заходжу ў праваслаўны храм, мяне акружаюць знаёмыя лікі на абразах, пануе праваслаўны дух, і я там адчуваю сябе як дома. Няхай нават не на славянскай мове вядзецца служба, але дух праваслаўны, і ён нас, вернікаў, яднае целам Хрыстовым. Дзе б чалавек ні жыў, калі з Богам у сэрцы, то пастаянна адчувае гэту прысутнасць, што надзвычай важна. Многія вернікі сталага ўзросту, якія не маюць багаслоўскай адукацыі, але шчыра вераць у Бога, па-асабліваму жывуць на зямлі. Вера ў такіх людзей не абстрактная, яна жывая, пераходзячая ад веры ведаў у жывыя шчырыя зносіны з Богам у Духу святым. Невыпадкова апостал Павел у пасланні Цімафею пісаў: “…я ведаю, у Каго паверыў…” Спачатку ён верыў у Бога, а потым ведаў, у Каго ўвераваў.

Вера — пачатковая прыступка чалавечага пазнання Бога. Наступная прыступка ўдасканалення — веды. Пазнанне Бога прыходзіць з ростам духоўнай дасканаласці. Такі працэс называецца эмпірычым, ці асабістым, вопытам пазнання Бога.  

У дзяцінстве ад старэйшых чуў, што ёсць Бог. А калі сам пачаў маліцца і наведваць храм, то маё дзіцячае ўспрыманне Бога перайшло ў новае, да таго часу невядомае адчуванне навакольнага свету і свайго ўнутранага стану, ведаў і пачуццяў.

— Ваша дзяцінства прайшло ў Карагандзе, маладосць правялі ў Падмаскоўі. Служылі за мяжой. Які куточак зямлі найбольш запаў у душу?

— Кожная мясціна па-свойму непаўторная. Мяне, як і любога хрысціяніна, уразілі да глыбіні душы гістарычныя мясціны Палесціны і Іерусаліма, дзе нарадзіўся, жыў і прапаведаваў Евангелле Выратавальнік свету Хрыстос. Для кожнага хрысціяніна даволі значная і дарагая гэта святая зямля. 

Уразіла і святая гара Афон. Там па-асабліваму ўспрымаеццам свет і Бог, там пануе мір і спакой. Канечне, вялікае месца ў маім сэрцы заняла Троіца-Сергіева лаўра і Пскова-Пячорскі манастыр. Застаюцца ў памяці непаўторныя і незабываемыя па прыгажосці разанскія прасторы, сярод якіх Гасподзь спадобіў мяне жыць і служыць. Кожны куточак, дзе даводзілася бываць і служыць Богу, пакінуў след у маім сэрцы. 

Памятаю, як пасля першага года службы ў ЗША прыехаў адведаць родных у Расію. Маці і сёстры прасілі расказаць пра Амерыку, як там жывуць людзі? Канечне, стаў ім распавядаць пра ньюёркскія хмарачосы, амерыканскія дарогі, пра тое, як камфортна жывуць амерыканцы. Мяне спыніла маці і спытала:“А людзі там не паміраюць?” — “Чаму не паміраюць?” — здзівіўся я. “А як паміраюць?” — дапытвалася маці. Адказаў, што так, як і ўсюды. На што маці холадна прамовіла: “Чаго тады так доўга распавядаеш пра Амерыку? Калі б людзі там не паміралі, тады можна было б неяк пазайздросціць. А калі ўсё так, як і ў нас, то якая розніца, дзе жыць? Галоўнае, як пражыць свой век. З чым пасля смерці прадстаць перад Богам”. Так проста і мудра яна паставіла мяне на месца. Я часта ўзгадваю пра гэта.

У наш час мала чым можна здзівіць сучасніка. Не варта ехаць у Амерыку, каб зірнуць на высачэзныя хмарачосы ці іншыя дзівосы мегаполіса. Бога можна адчуць у сутарэннях Пскова-Пячорскага манастыра, дзе пануе асаблівае духоўнае размеранае жыццё, напоўненае малітвай і подзвігам іначэствуюшчых. 

У штодзённым тлуме чалавек заняты сабою. Ходзім, ездзім, лятаем, клапоцімся пра хлеб надзённы, мітусімся, губляем каштоўны час і забываем пра тое, што прапускаем самае галоўнае ў нашым жыцці, чаму вучыў і пра што шмат гаварыў Хрыстос Выратавальнік. Мы павінны пра гэта заўсёды памятаць і ведаць — Царства Божае ўнутры кожнага ёсць. Вось куды павінна быць звернута пастаянная ўвага і дзе патрэбна будаваць храм Духа Святога.

Узгадваю першае знаёмства са святой гарою Афон, дзе мы вандравалі на працягу дваццаці дзён. Ад таго паломніцтва засталося незабыўнае ўражанне. Не было ні дня без цудаў. Я і ў іншых святых мясцінах сустракаўся з незвычайнымі дзівосамі, але на Афоне было нешта надзвычайнае. Ігумен Панцеляймонава манастыра блаславіў іерадзіякана суправаджаць групу з 16 манахаў. Мне даручылі ўзначаліць вандраванне. Шлях пралягаў з заходняга на ўсходняе ўзбярэжжа паўвострава. Сёлета, дарэчы, адзначаецца тысячагоддзе рускага манаства на Афоне. Вёў КамАЗ афонскі манах. Побач з ім сядзелі намеснік Данілава манастыра і я. Астатнія размясціліся ў кузаве. 

На Афоне жыццё ідзе па візантыйскаму часу. Як толькі з’яўляюцца першыя промні сонца на ўсходнім узбярэжжы, вартавы настройвае гадзіннік на 8 гадзін раніцы. А як яно заходзіць, стрэлкі пераводзяць на 12 гадзін ночы. Асфальтаваных дарог там яшчэ не было. Пад вечар дабраліся да ўсходняй часкі паўвострава, і я пацікавіўся ў вадзіцеля, дзе спынімся. Не адводзячы позірку ад дарогі, ён адказаў: дзе Маці Божая блаславіць. Настала паўза. Праз нейкі час зноў звярнуўся да яго з пытаннем пра праграму паездкі. У адказ пачуў тыя ж словы. Мы з архімандрытам моўчкі перакінуліся позіркамі. Пацікавіліся, да якога манастыра пад’язджаем, і даведаліся, што да Іверскага. На пытанне, ці ведаюць там пра наш візіт, вадзіцель адказаў, што з манастыром няма сувязі. Змяркалася, а мы ўсё едзем. Мяне турбавала сітуацыя, бо адказваў за групу. Удакладніў, ці адкрыты манастыр. Іерадзіякан паведаміў, што ў такі позні час манахі заканчваюць вячэрнія малітвы і адпачываюць перад начным служэннем. 

За чарговым паваротам паўстаў Іверскі манастыр, у якім слынны вобраз Цудатворнай Маці Божай Іверскай. Перад адчыненымі варотамі стаялі манахі. Вадзіцель, які добра ведаў грэчаскую мову, падышоў да іх і вярнуўся з паведамленнем, што яны нас чакаюць. Пасля вячэрняй службы і трапезы манахі разышліся па келлях. Праз некаторы час ігумен манастыра стаў падымаць брацію са словамі “Выходзьце сустракаць рускіх манахаў.” Калі зайшлі ў трапезную, там было накрыта столькі прыбораў, колькі прыбыло гасцей. А ў спальні столькі ж ложкаў падрыхтавана. Гэта і было сапраўдным цудам у час нашага знаходжання на Афоне.

— У чэрвені непадалёку ад Афона, на востраве Крыт, адбыўся Усеправаслаўны сабор, ад удзелу ў якім адмовіліся Антыахійская, Балгарская, Грузінская і Руская праваслаўныя цэрквы. Як адзначаў Іаан Златавуст, што імя Царквы — гэта не раздзяленне, а яднанне і згода.

— Так і павінна быць. Адзінства і згода — гэта асаблівыя прыкметы праваслаўнай царквы. На жаль, арганізатары Усеправаслаўнага сабора не прыслухаліся да голасу і прапаноў іншых памесных цэркваў. Мы не супраць сабора. Разумеем важнасць і значэнне ў жыцці Царквы саборнага розуму, але мы за тое, каб усе матэрыялы, якія выносяцца на абмеркаванне, былі падрыхтаваны на пэўным узроўні. Выніковыя дакументы сабора павінны праходзіць дасканалую прапрацоўку і падрыхтоўку. Усеправаслаўны сабор павінен аб’ядноўваць веруючы народ і сведчыць пра адзінства і згоду ў Царкве. На наш вялікі жаль, голас некаторых Цэркваў не быў пачуты арганізатарамі сабора.

— Ваша Праасвяшчэнства, ад сусветных праблем вернемся да надзённых спраў. Завяршыўся Пятроўскі пост. Чым ён адрозніваецца ад іншых?

— Пост — не столькі абмежаванне ў ежы, колькі час асаблівай увагі да сваёй душы. Як воін стаіць на пасту і абараняе давераны яму аб’ект, так і хрысціянін прызваны абараняць душу ад усяго нячыстага і нядобрага. Рабіць усё так, каб у ёй не пасялялася нічога дрэннага. 

Пост — гэта час, спрыяльны для практыкавання ў малітве, чытання Свяшчэннага Пісання і павучэнняў святых айцоў. Час пакаяння і ачышчэння душы. Час для здзяйснення спраў дабрыні і міласэрнасці. У перыяд паста вітаецца ўсё добрае, вечнае і святое. 

Да знешніх форм адносіцца ўстрыманне ў ежы. Мы павінны памятаць, што гэта не самамэта, а сродак, які павінен весці чалавека да духоўнай дасканаласці, шанаваць яго душу. Здароваму чалавеку, безумоўна, у час паста варта ўстрымлівацца ад мясных і малочных прадуктаў. Летнім часам Царква раіць больш ужываць багатыя на вітаміны садавіну і гародніну. Чаргаванне ежы карысна для здароўя. 

Паслабленне ў посце, маецца на ўвазе ўжыванне ежы, Царква робіць для людзей, занятых цяжкай працай, — шахцёраў, механізатараў... і вандроўнікаў. Маці, якая корміць немаўля, таксама патрэбна паўнацэнная ежа. Цяжарныя і хворыя маюць паслабленнне. Пост у ежы карысны для здаровых людзей. Абмежаванне ў ёй садзейнічае ўстрыманню ад розных забаў. Царквою гэта дэталёва прадумана і вякамі вымерана.

— Перад вашым прызначэннем у Беларусь Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі Кірыл гаварыў, што вы палюбіце гэтую краіну і яе народ. Трэці год узначальваеце Беларускую праваслаўную царкву. Як адчуваеце тут сябе? 

— З першага дня стала зразумела, што быць Экзархам — гэта груз неверагоднай адказнасці не толькі за сябе, але і за Беларускую царкву, за паству. Пасля так паважанага не толькі ў беларускім грамадстве, але ва ўсім праваслаўным свеце Уладыкі Філарэта гэта даволі цяжкая “шапка Манамаха”. Варта адзначыць, што за чвэрць стагоддзя незалежнай Беларусі значна ажывілася духоўнае жыццё грамадства. Узводзяцца новыя і рэстаўрыруюцца старыя храмы і манастыры, узбуйняюцца епархіі. 

— Не магу не спытаць у вас, Высокапраасвяшчэнства, пра пытанне прадстаўлення Беларускаму экзархату статусу самакіравання?

— Яно ўздымалася на агульным сходзе епархій Мінскай мітраполіі. Пасля сходу сустракаўся з епіскапамі, святарамі і прыхаджанамі, і практычна ўсе лічаць, што пытанне надуманае, не садзейнічае кансалідацыі грамадства і адзінству Царквы. Зыходзячы з гэтага, прынялі рашэнне абмеркаванне тэмы закрыць і больш да яе не вяртацца. Усё, што неабходна для ратавання душы чалавека, у нашым экзархаце ёсць.

Нам варта любіць Бога, Айчыну і людзей, захоўваць праваслаўную веру, якая садзейнічае дабрабыту, шчасліваму і мірнаму жыццю. Няхай Гасподзь дапамагае нам ва ўсім!

— Высокапраасвяшчэнства, ад імя чытачоў “Сельской газеты” дазвольце пажадаць вам здароўя і поспехаў у высакароднай справе служэння грамадству і Госпаду Богу!

Уладзiмiр СУБАТ

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter