Любiмчык Левiтана

Каб зберагчы сябе, Бялынiцкi-Бiруля быў вымушаны "гуляць у шпiёнаў"

Сціплую прыгажосць беларускай прыроды ён уславіў на ўвесь свет. Барселона, Мюнхен — міжнародныя крытыкі-эстэты аддавалі золата яго пейзажам, у якіх — няяркія краявіды малой радзімы. Ураджэнец далёкага і закінутага беларускага фальварка, вучань рускіх перасоўнікаў, любімчык Левітана, адзін з самых «гучных» мастакоў Масквы і Савецкага Саюза, ён увайшоў у гісторыю пейзажнай класікі і стаў роданачальнікам аднаго з сацрэалістычных жанраў. Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля, юбілей якога — 145 —адзначаем днямі. У творчай спадчыне — каля дзвюх тысяч работ. Іх захоўвае Траццякоўская галерэя, іншыя музеі Расіі, а ў большасці — Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Арыгінальныя палотны майстра і на яго радзіме, на Магілёўшчыне. Адсюль і пачнём.

Тут нарадзіўся мастак


Яно так надзейна схаванае сярод буйных лясоў і заблытаных сельскіх неасфальтаваных дарог Магілёўшчыны, што не адразу і знойдзеш. Мястэчка Крынкі — ў двух кіламетрах ад вёскі Цяхцін Бялыніцкага раёна і ў 20 кіламетрах ад саміх Бялынічаў. Стаіць на водшыбе, за лесам, прама на беразе ракі Друць. Месца сёння пустэльнае. Толькі птушыныя перапевы і рыпучае храбусценне сасновых і яловых галін ажыўляюць тутэйшую цішыню. Пра тое, што калісьці, амаль стагоддзе таму, тут жылі людзі, нагадвае толькі камень. Вялізарны валун небезыменны. Надпіс паведамляе: «Тут нарадзіўся народны мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля». Жывапісец, які ўвашоў у хрэстаматыі па выяўленчаму мастацтву і Беларусі, і Расіі, правёў у магілёўскіх Крынках ранняе дзяцінства. Тут пачаў маляваць. Яго бацька, дробны арандатар зямлі Каэтан Біруля, пастаянна быў у раз’ездах, малы Вітольд заставаўся з маці, якая была жанчынай адукаванай, захаплялася літаратурай і мастацтвам. Менавіта яна падарыла сыну першыя фарбы і вельмі заахвочвала малога, калі той браў з сабой на прагулкі-пленэры алоўкі, пэндзлі і нешта накідваў з навакольных краявідаў на паперу.

— Дакладна вядома пра першую работу Бялыніцкага-Бірулі. Гэта малюнак пад назвай «Аскольдава магіла». Намаляваны фарбамі на звычайнай абгортачнай паперы ад цукру. Маці вельмі парадавалася рабоце сына і зрабіла яму каштоўны падарунак. Яна ж падтрымала рашэнне ўжо юнака Вітольда стаць мастаком. Вядома, што спачатку ён паступаў у Кіеўскі кадзецкі корпус. Але там жа, ва ўкраінскай сталіцы, хлопец паралельна з навучаннем «на ваеннага» стаў наведваць рысавальную школу Мікалая Мурашкі і з парады мясцовых настаўнікаў-жывапісцаў развітаўся з ваеннай адукацыяй і паехаў у Маскву паступаць у вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, — распавядае дырэктар раённага мастацкага музея імя Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах Алена Самусева.

Роданачальнік мемарыяльнага пейзажу


У Маскве галоўныя «мастацкія ўніверсітэты» Бірулі. Яго настаўнікі — класікі рускага жывапісу: Пранішнікаў, Паленаў і Левітан, ад якога беларускі мастак бярэ галоўны ўрок — «пісаць належна не яркімі фарбамі, а паўтанамі. Тады прырода на палатне будзе атрымлівацца натуральнай і жывой». Бірулю і назавуць беларускім Левітанам, бо лепш, чым Вітольд Каэтанавіч, наш пейзаж ніхто так і не навучыўся перадаваць. Стыль Бялыніцкага-Бірулі — тонкасць, далікатнасць, паўпразрыстасць. Мастак, як ніхто іншы, адчуў і перадаў рысы менавіта беларускай прыроды: сціплай, няяркай, але незабыўнай.

На палотнах БЯЛЫНІЦКАГА-БІРУЛІ прырода нібы жывая

— На першы погляд Біруля можа падацца мастаком невыразным, нецікавым і нават сумным. Але калі больш углядацца ў яго пейзажы і больш іх вывучаць, узнікне вывад: менавіта так трэба пісаць прыроду. Мастак вельмі любіў музыку і музыкальнасць адбіў у сваіх пейзажах — яны меладычныя, лірычныя. Каб зразумець іх, трэба не толькі ўглядацца ў лініі і аналізаваць, а проста настроіцца душой, успрымаць іх эмацыянальна, — гаворыць загадчык аддзела рускага і замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Аляксей Харак.

Пейзажы Бялыніцкага-Бірулі ўнесены ў энцыклапедыю еўрапейскага мастацтва. Яго работы бралі высокія ўзнагароды на міжнародных выставах. У беларуса два залатыя медалі з вернісажаў у Барселоне і Мюнхене. Біруля не проста прызнаны майстар у сваіх мастацкіх колах. Ён — акадэмік жывапісу, народны мастак РСФСР і БССР, і ў тыя ў 20—30-я гады гэта азначае, што ён карыстаецца даверам улад. Мастак атрымлівае нават дзяржзаказы. Ён становіцца і роданачальнікам такога жанру, як мемарыяльны пейзаж. Жанр атрымлівае жыццё ў 1924-м, калі памірае правадыр пралетарыяту Уладзімір Ленін. Бялыніцкі-Біруля піша работы, прысвечаныя Ленінскім Горкам. Потым — ён аўтар карцін пра радзіму Іосіфа Сталіна, горад Горы. Біруля звяртаецца не толькі да звыклага яму пейзажа, ён піша нехарактэрнае для сябе — інтэр’ер. Серыі-прысвячэнні Пушкіну, Чайкоўскаму, Талстому. Мясціны, звязаныя з жыццём выдатных асоб, — частка творчасці Бялыніцкага-Бірулі.

— Я думаю, што такім чынам мастак зберагаў сябе і фізічна, і як асобу. Яго «падстройванне» пад той час не што іншае, як спосаб самазахавання. Права пісаць і пісаць у сваёй манеры трэба было зберагчы. Часы, выпрабавальныя для мастакоў: разруха 20-х, татальны кантроль за дзеячамі культуры ў 30-х. Чорныя спісы, хтосьці паспявае з’ехаць у замежжа, кагосьці гвалтоўна накіроўваюць у Сібір. Каб застацца жывым і адначасова не страціць сябе як чалавека, сваю творчую манеру, трэба было пастарацца. Бялыніцкі-Біруля не быў фаварытам: крытыка яго лаяла — чаму, маўляў, не малюе трактар на палатне, чалавека працы і новага сацыялістычнага жыцця?! Тады мастак браў свае эстэцкія пейзажы і проста даваў ім іншае імя: замест «Хуткая рэчка» — «Горад Горы. Радзіма Іосіфа Сталіна». І так з іншымі работамі. Час быў складаны, але мастак у ім не разгубіўся, — шчыруе мастацтвазнаўца і старшы навуковы супрацоўнік аддзела рускага і замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Юлія Лісай.

Гульня ў шпіёнаў


Зрэшты, цікавая інфармацыя: у той неадназначны час Бялыніцкі-Біруля не парывае зносін з роднымі, а яны, многія, жывуць на тэрыторыі Заходняй Беларусі, тады — Польшчы. Неверагодна, але ва ўмовах татальнага кантролю мастак вядзе перапіску са сваякамі. Ён арганізуе цэлую сістэму перадачы лістоў — не дасылае іх напрамую, а пакідае на паштамце з асаблівымі паметкамі. Забіраюць і далей перапраўляюць гэтыя лісты падстаўныя асобы, невядомыя нікому простыя людзі. Вось такая «гульня ў шпіёнаў». Ходзяць размовы і пра тое, што з афіцыйна названым месцам нараджэння Бірулі не ўсё так адназначна. Нядаўна далёкі, у 17-м пакаленні, сваяк мастака прааналізаваў архівы, у тым ліку санкт-пецярбургскія, дзе больш за ўсё дакументаў пра Бірулю, і прыйшоў да высноў, што канкрэтных і стапрацэнтных пацвярджэнняў пра бялыніцкі след Бірулі няма. Наадварот, некаторыя звесткі ўказваюць на тое, што майстар жывапісу быў родам з Віцебскага рэгіёна, з Оршы. Так ці інакш — гэта неафіцыйная інфармацыя. Таму мастацтвазнаўцы і спецыяльная літаратура малой радзімай Бірулі называюць Бялынічы. 


Краявіды родных мастаку Крынак, Друці, навакольных лясоў і палеткаў напрамую ніяк не паказаны ў работах Бялыніцкага-Бірулі. Ніякіх назваў і прысвячэнняў, якія б дакладна ўказвалі на тое, што жывапісец пісаў з Бялыніч, з родных мясцін. Але неабавязкова вельмі ўглядацца ў бірулеўскія пейзажы, каб зразумець: любімая ім ранняя вясна са снегам, сінім небам, крохкім лёдам на рачных водах, уся прыгажосць скапіраваны з бялыніцкіх мясцін. Дзіцячыя ўражанні і ўлюбёнасць мастака ў свой край на большасці палотнаў.

Беларусь Бялыніцкі-Біруля ўжо як сталы чалавек і мастак наведае толькі аднойчы, напрыканцы 40-х. Будзе гасціць на Белай дачы ў Мінску і пісаць. З жыцця мастак пойдзе далёка ад радзімы. Ва ўзросце 85 гадоў. Пахаваны Бялыніцкі-Біруля ў Маскве, на Новадзявочых могілках.

Алеся УЛАДЗІМІРАВА

Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?

Новости
Все новости