Вы перасталі верыць у цуды? Зазірніце ў віцебскі тэатр “Лялька”

Любімая “Лялька” Віктара Клімчука

Вы перасталі верыць у цуды? Зазірніце ў віцебскі тэатр, дзе працуюць сапраўдныя чараўнікі
Той, хто ўпершыню трапляе ў глядзельную залу Беларускага тэатра “Лялька” і становіцца сведкам чароўнай дзеі, хутка пераконваецца, што гэта без перабольшвання мегаз’ява. І не толькі ў культурным жыцці Віцебска, а значна шырэй.


Усё сваё сталае творчае жыццё, калі не лічыць маладыя гады, напоўненыя ўласным пошукам у прафесіі,
Віктар Клімчук служыць аднаму тэатру, аднаму калектыву. Фота: БелТА

Заснавальнік і мастацкі кіраўнік тэатра на працягу ўжо трох дзесяцігоддзяў, заслужаны дзеяч мастацтваў Віктар Клімчук перад пачаткам спектакля звычайна выходзіць у фае, каб павітацца з гледачамі. Яны — маленькія і дарослыя — прыходзяць сюды з прадчуваннем сустрэчы з нейкай таямніцай. І гэта прадчуванне апраўдваецца.

Прыгадваю, як амаль 20 год таму мы, сур’ёзныя і адукаваныя, упершыню паглядзелі пастаноўку "Загубленая душа, або Пакаранне грэшніка” паводле “Шляхціца Завальні” Яна Баршчэўскага. І выйшлі з залы ашаломленыя. Моц сцэнічнага ўздзеяння пазбавіла мовы. Нейкі час словы не знаходзіліся, каб перадаць свае пачуцці пасля прагляду. І першае, што аднадушна вымавілі: вось гэта катарсіс!

Вакол лялечнага тэатра сплецена сеціва паданняў. Іх складае само жыццё.

Віктара Клімчука з маленства вабіла прыгажосць. Ён і зараз упэўнены: прагнасць прыгажосці — найгалоўнейшая рыса мастацтва. Калі прыехаў у 1985-м у Віцебск ствараць свой тэатр і набіраў першых артыстаў, толькі двое былі з адпаведнай адукацыяй. Ляпіў “лялечнікаў” праз уласнае светаўспрыманне. І атрымалася казка — тэатр, напоўнены ўласнай філасофіяй жыцця.

Для рэжысёра самая дарагая — яго першая пастаноўка. “Дзед і Жораў” па Віталю Вольскаму, 30 год таму, на сцэне тэатра Якуба Коласа. Тады яе прымалі нашы волаты народныя артысты Ф. Шмакаў, У. Куляшоў, З. Канапелька. Гэта была гучная падзея.

— Я нарадзіўся на хутары каля Брэста. У нашай сям’і было 12 дзяцей. Вакол сядзібы рос светлы бярозавы гай. Хараство... — прыгадвае Віктар Ігнатавіч. — Але калі я вучыўся ў 4-м класе, не стала бацькі. Пачалося “вялікае перасяленне”: з хутароў сялян зганялі і мы пераехалі на Кубань...

Ён многа вучыўся — у студыі пры Таганрогскім драматычным тэатры імя Чэхава, у Самарскім інстытуце мастацтва і культуры, на Вышэйшых рэжысёрскіх курсах у Сяргея Абразцова. У выніку прыйшоў да пераканання, што няма нічога лепшага на свеце за тэатр лялек. У драматычным так не паставіш — у лялечным героі могуць і лётаць, і плаваць, там можна прыдумаць немагчымае, праз мастацкую думку перадаць няўяўнае, фантастычнае. У лялечным тэатры адначасова можна ставіць і гогалеўскія “Нататкі вар’ята”, і казку пра Ямелю, і нават “Дэкамерона”. Яго захапляе ўнікальнасць тэатральнай лялькі, якая ўмее ажыўляць нежывое, адна можа сабой заняць усю сцэну. Праўда, значная роля належыць мастаку — наколькі яго праца будзе дасканалай, наколькі зможа здзівіць.

Калі прачытаў Оскара Уайльда “Хлопчык-зорка”, адразу вырашыў — трэба ставіць. І ведаў, як гэта зрабіць цікава. Але раптам не пайшла канцоўка. Захварэў, тэмпература 39. І ў бяссонную ноч убачыў фінал. Доўгачаканая ідэя прыйшла раптоўна. Вось сіла мастацкай думкі!

З усяго літаратурнага матэрыялу яго больш вабіць проза Уладзіміра Караткевіча. Паставіў найпрыгажэйшую “Ладдзю роспачы”, цудоўную фанатазію “Скрыпка дрыгвы і верасовых пустэчаў”. Майстар прызнаецца, што менавіта Караткевіч навучыў яго разумець Беларусь, дыхаць яе паветрам, жыць па-сапраўднаму. Здаецца, словы песняра “Калі ты не складзеш такой песні ў гонар Радзімы і волі — шэлег табе цана” сталі лейтматывам творчасці Віктара Клімчука.

— Аднак творчаму чалавеку нельга быць заложнікам аднаго калектыву, — упэўнены майстар. — Як і трупе — заложніцай аднаго рэжысёра. Але я адчуваю адказнаць за тое, што стварыў. Не хачу, каб сюды прыйшоў нехта выпадковы і крывадушны.

Клімчук неаднаразова ставіў спектаклі на сцэнах іншых тэатраў — у Сербіі, Польшчы, Балгарыі, Расіі, Украіне. На адным міжнародным фестывалі журы назвала яго сонечным рэжысёрам — за пастаноўку “Дапытлівы слонік”, якую ён ажыццявіў у сербскім горадзе Ніш. А “Чароўная зброя Кінзо” (Белград, Сербія) атрымала два Гран-пры. З замежжа ён вяртаўся ў Віцебск заўсёды перапоўнены новымі ідэямі, з абвостраным пачуццём успрымання рэчаіснасці.

Наогул Віцебск для яго — самы прыдатны горад для жыцця. Утульны, адкрыты, сардэчны. У Віцебску ёсць аўра, якой прагнуць творцы. Так лічыць чалавек, які многа паездзіў па свеце, бачыў многа гарадоў.

— Рэжысёр патрабуе ад акцёраў тэмпераменту і харызмы, — гаворыць галоўны рэжысёр Гродзенскага абласнога тэатра лялек Алег Жугжда. — Клімчук здолеў змяніць культурны пласт не толькі Віцебска, але і краіны. Яго “Лялька” стала адным са стаўпоў нацыянальнага мастацтва.

— Вялікая роля мастака ў тэатры, — лічыць Віктар Клімчук. — Ён вырашае сцэнічную прастору, робіць відовішча непаўторным. Наш поспех непарыўна звязаны з талентам мастакоў Ганны і Алеся Сідаравых, якія стварылі непаўторныя вобразы.

Садружнасць з кампазітарам Алегам Залётневым прынесла свае плады, ён напісаў музыку больш як да двух дзясяткаў спектакляў “Лялькі”.

Невыпадкова сярод віцяблянак, закаханых у “Ляльку”, ёсць тыя, хто шчыра жартуе: нарадзіла сыночка, каб з ім разам у гэты тэатр хадзіць. Дарэчы, тут расказваюць рэальную гісторыю перавыхавання аднаго непаслухмянага хлопчыка. Падлетак вызначаўся дрэннымі паводзінамі, бацькі не ведалі, што рабіць. Але аднойчы прыйшлі на спектакль, і хлапцу спадабалася. Ён папрасіўся яшчэ раз. Паступова змяніўся, стаў больш спагадлівы і разважлівы.

А сам Віктар Клімчук пра “Ляльку” гаворыць без пафасу: “Мне тут цікава”. І марыць пра звычайныя жыццёвыя рэчы: каб акцёры, якія служаць у тэатры, былі запатрабаваныя, каб іх запрашалі на кіназдымкі, а на фестывалях яны атрымлівалі ўзнагароды. І каб са сцэны няспынна лілося мілагучнае беларускае слова.

Ён лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо пра што марыў — здзейснілася. Яго жыццё — гэта пастаўленыя спектаклі, якія прымушаюць чалавека думаць, вучаць быць адкрытым, шчырым, добрым. Вучаць марыць. Яму цікава тое, што ён робіць

Святлана Дзядзінкіна

infong@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter