Любая Любча. Кажуць, што Любча — гэта тое месца на зямлі, дзе нараджаюцца любоў і вера, а таксама надзея на адраджэнне

Невыпадкова нашы продкі яшчэ амаль восем стагоддзяў таму аблюбавалі гэтыя мясціны і заснавалі тут сваё першае паселішча. Дарэчы, прыкладна ў двух кіламетрах ад Любчы знаходзіцца стаянка першабытных людзей, якая ўзнікла яшчэ ў далёкім мезаліце, яе ўзост — каля дванаццаці тысяч год. Гэта адно з самых першых пасяленняў у Заходняй Беларусі.

Само мястэчка Любча вядома з ХIII cтагоддзя. Сваёй мілагучнай назвай яно, згодна з легендай, абавязана князю Міндоўгу, які падчас пераправы праз Нёман убачыў на беразе цудоўную дзяўчыну, пакахаў з першага погляду і забраў з сабой, каб зрабіць сваёй жонкай. А безымяннае да таго часу мястэчка Міндоўг назваў “Любеч”, каб тым самым увекавечыць месца, дзе ён упершыню пабачыў сваю Марту — першую каралеву Вялікага княства Літоўскага.
Магчыма, менавіта тут адбылося вадохрышча Міндоўга і яго баяр. Вядома, што ў Любчы ў той час знаходзілася сталіца Літоўска-Рускага епіскапства і першы дамініканскі манастыр. Пратэстанты эпохі Рэфармацыі лічылі Любчу сваім духоўным цэнтрам, тут праводзіліся сіноды-дыскусіі, выдаваліся духоўныя і свецкія кнігі, ствараліся музычныя і літаратурныя шэдэўры.
Вабіць сёння сюды замак, у які пасля доўгага забыцця вяртаецца жыццё.

Вера

Тое, што мясціны тут своеасаблівыя, разумееш ужо пры пад’ездзе да пасёлка. У царкоўнай хроніцы захаваўся факт аб тым, што менавіта тут, у маёнтку Войнава, у 1840 годзе мясцовы памешчык Наргілевіч стаў сведкам яўлення іконы Божай Маці. Маленькі абраз у незямным ззянні явіўся на ліпе. Ікону так і назвалі — Падліпскай. На гэтым месцы быў узведзены храм. У атэістычныя 50-я драўляная царква была разбурана і па храму пралегла дарога. З цягам часу святое месца парасло бур’янам.
Настаяцель прыхода храма Святога прарока Iллі, дзе захоўваецца копія Цудадзейнай іконы Маці Божай Падліпскай, Аляксандр Івайлаў прызнаецца, што ён дваццаць год марыў аб адраджэнні царквы, жылі гэтай надзеяй і вернікі. Нарэшце здзейснілася. У гэтым годзе, пранікшыся божай справай, мясцовыя жыхары сабраліся разам і ачысцілі ад бур’яну святое месца. Знайшліся мецэнаты, дапамаглі Любчанскі пассавет, СВК “Прынёманскі”, і была тут узведзена напярэдадні Святой Тройцы драўляная капліца. Людзі ўспрынялі гэта, як добры знак таму, што ў мясціны, адзначаныя самой Багародзіцай, вярнулася вера.

Надзея

Сёння Любча — гэта сучасны аграгарадок. Пасля гарадской мітусні асабліва адчуваецца яго размераны, спакойны лад жыцця. І калі вы не наведвалі мястэчка гады тры, многае тут не пазнаеце.
— Любча першай у раёне набыла статус аграгарадка, — расказвае старшыня буйнейшай на Навагрудчыне гаспадаркі СВК
“Прынёманскі” Барыс Карповіч. — Першымі быць заўсёды складана, — прызнаецца ён. Магчыма, зараз і некалькі па-іншаму падышлі б да добраўпарадкавання пасёлка: усё, як кажуць, прыходзіць з вопытам. Але відавочна, што шмат чаго тут зроблена. За тры гады пабудавалі 57 дамоў, навялі парадак у пасёлку.
Цікаўлюся, ці маюць любчане магчымасць заробку.
— Той, хто не баіцца работы, а такіх у нас большасць, мае і дастойную зарплату, — гаворыць старшыня. — Гаспадарцы патрэбны працавітыя людзі, маладых, перспектыўных спецыялістаў тут гатовы забяспечыць жыллём.
Словам, на думку старшыні, і не толькі яго, жыць у сучаснай Любчы можна і перспектывы тут ёсць.
Заглядваю ў мясцовую школу, дзе вучыцца надзея любчан — маладое пакаленне. Школа вялізная, будавалася ў разліку на 700 вучняў. А зараз гэтыя прасторныя кабінеты прымаюць толькі 250 дзяцей. Цэлае крыло адведзена пад унікальны не толькі па школьных мерках музей Любчанскага краю, якому прысуджана званне народнага. Сваім стварэннем музей абавязаны апантанаму сваёй справай чалавеку, імя якога занесена ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці, гісторыку-краязнаўцу Міхаілу Карповічу. Увогуле, з вялікай павагай адносяцца любчане да земляка, пад эгідай якога захавана спадчына.
Дырэктар Любчанскай школы Ніна Ярмоц гаворыць, што і ў вучняў з клуба “Землякі” цікавасць да роднага краю не фармальная. Дзякуючы ім музей папаўняецца унікальнымі экспанатамі. Дарэчы, толькі тут можна ўбачыць макет Любчанскага замка, распрацаваны рэстаўратарамі ў 80-я гады, яго унікальны флюгер.

Любоў

Любчу Любоў не пакінула, — для таго каб гэта зразумець, дастаткова пабачыць, як самааддана штогод працуюць валанцёры на замчышчы, выратоўваючы некалі велічны Любчанскі замак, які апошнім часам быў у заняпадзе.
Дарэчы, сваю гісторыю замак вядзе з канца ХVI cтагоддзя. Яго будаўніцтва распачаў магнат Ян Кішка. Замак, які ўвабраў у сябе элементы стыляў дзвюх эпох — готыкі і рэнесансу, быў адзін з самых маштабных уласных праектаў Вялікага княства Літоўскага. Але давесці да канца важную справу магнаты не змаглі, і ўжо ў пачатку ХVII стагоддзя замак перайшоў за Радзівілам. Тут размяшчаўся радавы архіў, дзейнічала адна з найвялікшых тыпаграфій ВКЛ. Але ў 1655 годзе Любча была разграблена казакамі і з цягам часу мястэчка губляе сваю значнасць. У ХIХ стагоддзі ад замка засталіся толькі дзве цэлыя вежы. Ён пераходзіць да расійскіх памешчыкаў, якія і надаюць яму новае дыханне: будуюць на падмурках неагатычны палац і флігель, а таксама ствараюць цудоўны парк. На жаль, палац ужо не перажыў Першай сусветнай вайны. На яго астанках была пабудавана сярэдняя школа, а потым і ўвогуле насталі часы разбурэння...
Па сутнасці, падобнага пачыну ў Беларусі яшчэ не было: рэстаўрацыю гэтай гісторыка-культурнай спадчыны ўзяў на сябе сем год назад мясцовы дабрачынны фонд “Любчанскі замак”. Фонд быў створаны па ініцыятыве мясцовага жыхара Івана Пячынскага, энтузіяста, якога падтрымалі валанцёры з усёй Беларусі і нават Польшчы. Сам Іван Пячынскі прызнаецца, што напачатку ніхто не верыў у тое, што намаганнямі энтузіястаў можна рэканструяваць замак.
Аднак сёння ўжо бачны вынікі: амаль выратавана адна з дзвюх захаваўшыхся вежаў — Вуглавая. Дарэчы, за сем год больш як 600 валанцёраў адпрацавалі на замку звыш 4 тысяч чалавека-дзён. Змаглі правесці агульную кансервацыю замка, зрабіць шмат работы па аднаўленню дзвюх вежаў, якія захаваліся, і абароннай сцяны. І надалей вядзецца работа па падрыхтоўцы канцэпцыі рэканструкцыі ўсяго замкавага комплексу.
— Рамантычнае замчышча і ўвогуле Любча проста вабяць, — гаворыць Зміцер Рагачоў, кіраўнік маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Гісторыка”, якое разам з грамадскім аб’яднаннем “Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў” узяў пад сваё крыло фонд “Любчанскі замак”. Ужо не першы год валанцёры ладзяць тут летнік. Нягледзячы на тое што лета скончылася, мае намер моладзь наведвацца ў Любчу аж да самых халадоў.
Наконт такой любові Зміцер Рагачоў трапна сказаў: “Гэтая зямля прыцягвае таго, хто яе любіць”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter