Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Аграгарадок Любань – радзіма вядомых землякоў: Мірановіча, Казінца, Сілівановіча

Любань: ад галерэі славы да Ісакіеўскага сабора

Цэнтральная сядзіба вядомага ў савецкія часы саўгаса “Любань”, які ўзначальваў Герой Сацыялістычнай Працы Яўген Мірановіч, да сярэдзіны мінулага стагоддзя называлася вёскай Юхавічы. На ўскрайку яе перад цвінтаром захаваўся каменны крыж, які, па меркаванні вучоных, усталяваны больш як тысячу гадоў таму.

З Х стагоддзя гэтымі землямі валодалі полацкія князі, а з ХІV — уладарыла Вялікае Княства Літоўскае.

Вёска Юхавічы ўпершыню пісьмова ўзгадваецца ў летапісу 1536 года як маёнтак вялікага князя.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай паселішча ўвайшло ў склад Мінскай губерні Расійскай імперыі. Імператрыца Кацярына ІІ падаравала яго ў вечнае карыстанне генералу Бергману, дзеці якога пасля смерці бацькі прадалі ўладанне шляхціцу Івану Любанскаму. Новы гаспадар выкапаў сажалкі, разбіў парк, пасярод якога збудаваў раскошны палац. Адкрыўся бровар, рэшткі якога, як і памяшканні, дзе жыла прыслуга, захаваліся. На ўскрайку вёскі каля шляху стаяла карчма, якая славілася адмыслова моцным напоем — крамбамбуляй з перцам альбо мёдам.

Не абмінулі Юхавічы і ваенныя падзеі мінулага стагоддзя. З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі супраціўленне ворагам аказвала антыфашысцкае падполле. Мемарыяльным помнікам ушанавана тут памяць ахвяр Вялікай Айчыннай.

Пасля вызвалення мясцовасці савецкімі войскамі і партызанамі ад гітлераўцаў вёску перайменавалі ў Любань. У ліпені 1980-га яна стала цэнтрам сельсавета, а ў 2006 годзе — аграгарадком Вілейскага раёна. Тут малая радзіма рускага літаратара Івана Кандрацьева, акадэміка Пецярбургскай акадэміі мастацтваў Мікадзіма Сілівановіча, Героя Савецкага Саюза Андрэя Валынца, Героя Сацыялістычнай Працы Яўгена Мірановіча, народнага артыста Беларусі Міхаіла Казінца.


Адна з першых маіх журналісцкіх камандзіровак выпала ў вілейскі саўгас “Любань”, дзе пазнаёміўся з вядомым кіраўніком Яўгенам Мірановічам. Запомнілася сустрэча не лічбамі пра вытворчыя поспехі, хаця яны былі ўражлівыя. Запомніліся сціпласць і незвычайная дабрыня гаспадара. Прывёз дамоў пачастунак з Любані — слоік абляпіхавага масла. Тое інтэрв’ю з Яўгенам Фёдаравічам аказалася адным з апошніх у яго жыцці.

Пазней даведаўся, як ён, Анатоль Фінкельштэйн, будучы камандзірам партызанскага атрада імя Варашылава брыгады імя Фрунзэ, пяць разоў прадстаўляўся да звання Героя Савецкага Саюза. Пасля страты баявога сябра Яўгена Мірановіча партызанскі камандзір, выконваючы дадзеную клятву, узяў сабе яго імя і прозвішча. Пасля вызвалення Вілейшчыны ад акупантаў да апошняга дня працаваў у Любані. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. Акрамя Залатой Зоркі Героя Сацыялістычнай Працы ўганараваны трыма ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ганаровым званнем “Заслужаны аграном БССР”. Адна з вуліц у аграгарадку названа ў яго гонар. Педагагічным калектывам сярэдняй школы кіравала яго жонка Любоў Фёдараўна.

ЯК і сорак гадоў таму, векавыя дубы-веліканы ўзвышаюцца над разгалістымі ліпамі, клёнамі на школьным падворку. Цэнтр упрыгожыў казачна маляўнічы драўляны храм Сабору Беларускіх Святых, перад якім на высокім пастаменце ўзвышаецца крыж. На граніце выбіта: “Дабраславі, Божа, краіну нашу — святую Беларусь! Крыж усталяваны ў гонар пакутнікаў і вызнаўцаў нашай зямлі, якія загінулі за веру Хрыстову і Беларусь”. Адраджаецца каталіцкая парафія. Ля адміністрацыйнага будынка, дзе размешчаны дырэкцыя ААТ “Новая Любанія”, сельвыканкам, аддзяленне паштовай сувязі, на камянях-валунах пазначана заснаванне паселішча і перыяд кіраўніцтва саўгасам “Любань” Яўгенам Мірановічам.

Шматдзетная маці Ірына КІЗІК і Настасся ФІЛІСТОВІЧ з дзецьмі на прагулцы.

Кухар Таццяна НЯДЗЕЛІНА.

Вандроўку па аграгарадку пачаў са школьнай галерэі Працоўнай славы, пра якую ведаў, але не даводзілася бачыць. Створана яна па ініцыятыве Яўгена Фёдаравіча. З намеснікам дырэктара сярэдняй школы Аленай Рубан узняліся на другі паверх, дзе калідор увешаны партрэтамі землякоў. Алена Генадзьеўна адзначыла, што сярод іх восем ардэнаносцаў. Спецыяльна прыязджаў з Масквы мастак Васіль Лысаў і пісаў партрэты. Крочым па галерэі, дзе ўсталяваны партрэты механізатараў Леаніда Роўды і Эдуарда Лукшы, даярак Надзеі Блізнюк і Глафіры Грышынай, слесара Аляксея Ваяводава, жывёлавода Уладзіміра Бурака, палявода Антона Сільвановіча, галоўнага спецыяліста Ніны Завадскай і Алены Разанцавай. Кіраўніка гаспадаркі творца адлюстраваў на хлебнай ніве. І мне такім ён запомніўся з той адзінай сустрэчы. Тут захоўваюцца і сцягі, якімі калектыў узнагароджваўся за вытворчыя дасягненні. Будынак школы ўзводзіўся на сродкі гаспадаркі. Пад адным дахам з ёю і Палац культуры. Яўген Мірановіч марыў стварыць асветніцка-культурны цэнтр.

Памятаю, як з гэтага Палаца культуры тэлевядучая Валянціна Лявонцьева вяла папулярную праграму “Ад усёй душы”. Удзельніцай перадачы была і даярка Глафіра Грышына, якая ў галерэі прадстаўлена з ордэнам Працоўнай Славы. Яна засталася адзіная з кагорты саўгасных ардэнаносцаў.

Ветэран працы Глафіра ГРЫШЫНА.

У сельвыканкаме ўдакладніў, дзе яна жыве. Пешшу накіраваўся на вуліцу Касманаўтаў, што на ўскрайку аграгарадка. У жанчыны, што сядзела на лавачцы перад домам, спытаў пра Глафіру Іванаўну. Яна здзіўлена зірнула і як адрэзала, што гэта яна. Не пазнаў маладжавую прыгажуню з партрэта. Аўдавела, жыве адна. Дачка Марына з сям’ёю ў Маскве атабарылася. Трохпакаёўку, што атрымала ад гаспадаркі, Глафіра Іванаўна аддала сыну Сяргею, у якога дзве дачкі. Сама перайшла ў бацькоўскую кватэру. Расказала, што ў дзяцінстве з бацькамі пераехалі ў Любань з Нарачанскага краю. Пасля заканчэння Маладзечанскага прафтэхвучылішча будаўнікоў дзяўчына разам з сябрамі-рамантыкамі адправілася на Далёкі Усход. Там выйшла замуж. Пераканала мужа вярнуцца ў Любань. Дырэктар саўгаса Яўген Мірановіч прапанаваў ім працу ў будаўнічай брыгадзе. Была чарга жадаючых працаваць на ферме. Калі вызвалілася месца падменнай даяркі, Глафіра Іванаўна стала даіць першацёлак. 20 маладых каровак па тры разы на дзень раздойвала. Да 4 тысяч кілаграмаў малака за год атрымлівала ад кожнай. За гэта і ганаравана высокай дзяржаўнай узнагародай.

Узгадала Глафіра Іванаўна, як раніцай прыязджаў на ферму Яўген Мірановіч. Перад кароўнікам увосень ад дажджоў зямля раскісла, без гумавых ботаў не прайсці. Разам з дырэктарам прыехаў загадчык фермы, які франціў у туфлях. Яўген Фёдаравіч, убачыўшы беспарадак каля памяшканняў, правёў яго праз лужы. Назаўтра пясчаным адсевам быў усцелены дол каля кароўніка. Умеў Яўген Фёдаравіч трымаць парадак. Перажывае Глафіра Іванаўна, што мяняюцца кіраўнікі, выйсці на былыя рубяжы не атрымліваецца. Саўгас рэарганізаваны ў ААТ “Новая Любанія” і ўжо амаль два гады на фінансавым аздараўленні.

Старшакласнікі Ілля КУБЛІЦКІ і Артур ЯКУБОЎСКІ з завучам Аленай РУБАН.

ПЕРШЫ намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Аляксандр Брыль перакананы, што такая мера дазволіць умацаваць матэрыяльную базу. Запланавана закупка новай тэхнікі для абслугоўвання жывёлагадоўчых комплексаў, для працы на палях і лугах.

Калектыў другі год узначальвае выпускнік Белдзяржсельгасакадэміі Арцём Віннік. З ім праехалі на кукурузнае поле, дзе механізатары завяршалі ўборку. Услед за корманарыхтоўчым камбайнам на магутным трактары пераворваў зямлю Аляксандр Кляшняк. Адразу пасля школы атрымаў у Вілейскім прафтэхвучылішчы спецыяльнасць механізатара і тры дзесяцігоддзі працуе на тэхніцы. Дырэктара гаспадаркі хвалюе: малавата моладзі, нягледзячы на тое, што механізатараў і жывёлаводаў хапае.

Дырэктар ААТ “Новая Любанія” Арцём ВІННІК.

Механізатар Аляксандр КЛЯШНЯК.

За апошнія гады зменшылася колькасць навучэнцаў у сярэдняй школе. Сёлета атэстаты сталасці атрымалі тры выпускнікі. Папоўнілася школа 11 першакласнікамі. Спецыяльным аўтобусам вадзіцель Аляксандр Шульгач падвозіць вучняў з навакольных вёсак на заняткі. Большасць педагогаў — былыя выхаванцы школы. Амаль 40 гадоў таму пасля заканчэння сталічнага інстытута замежных моў вярнулася дамоў і выкладае англійскую і нямецкую мовы, загадвае краязнаўчым пакоем Ала Стагначова. Збірае з юнымі краязнаўцамі матэрыялы пра слынных землякоў. Тут праводзяцца экскурсіі для навучэнцаў і педагогаў іншых школ раёна.

Школьны вадзіцель Аляксандр ШУЛЬГАЧ.

АЛА Іванаўна адзначыла, што не забывае родныя мясціны маэстра Міхаіл Казінец, які кіруе Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя Жыновіча. Апантаная краязнаўствам педагог сабрала ў спецыяльны альбом газетныя матэрыялы, рэпрадукцыі карцін, фотаздымкі, звязаныя з мастаком Мікадзімам Сілівановічам, які нарадзіўся ў суседняй вёсцы Цынцавічы і закончыў Пецярбургскую імператарскую акадэмію мастацтваў. Самародка заўважыў вялікі Карл Брулоў, рускі мастак і аўтар вядомага твора “Апошні дзень Пампеі”, прысвечанага трагічнаму лёсу горада, што загінуў пад агнём і попелам вулкана Везувій. Па прапанове Брулова беларускі мастак удзельнічаў у стварэнні мазаікі “Тайная вячэра” ў галоўным іканастасе Ісакіеўскага сабора Санкт-Пецярбурга. Запрашэнне да такой працы, на думку Алы Іванаўны, — момант вышэйшага прызнання. Нават дотык рукі да сцен вялікага сабора — святасць.

Настаўніца Ала СТАГНАЧОВА з навучэнцамі 5-га класа ў краязнаўчым пакоі.

Стварыў ён таксама ў гэтым храме мазаіку “Святы Матфей” і атрымаў званне акадэміка імператарскай Акадэміі мастацтваў. Адзіны яго твор “Салдат і хлопчык” захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Астатнія — у Дзяржаўным мастацкім музеі Літвы. У суседняй вёсцы Касцяневічы храм упрыгожвае напісаны ім вобраз святога Антонія Падуанскага.

Памёр творца на пачатку мінулага стагоддзя. На жаль, месца пахавання невядома.

Настаяцель царквы ў гонар Сабору Беларускіх Святых айцец Ігар Дражын, з якім сустрэліся, прызнаўся, што марыць упрыгожыць храм рэпрадукцыямі абразоў, напісаных слынным земляком. Богаслужэнні святар вядзе на роднай мове. Гэта па яго ініцыятыве ўстаноўлены мемарыяльны крыж. Матушка Яўгенія Дзмітрыеўна настаўнічае ў музычнай школе. У іх шматдзетнай сям’і два сыны і чатыры дачкі. З дзяржаўнай падтрымкай Дражыны купілі дом у суседнім аграгарадку Куранец.

Святар Ігар ДРАЖЫН з дачушкай Вольгай.

КОЖНУЮ з 18 шматдзетных сем’яў сельсавета добра ведае кіраўнік спраў сельвыканкама Валянціна Апанасовіч. Пасля заканчэння сталічнага тэхналагічнага інстытута яна вярнулася дамоў і працавала эканамістам у СВК “Талуць”. Пяты год кіруе справамі сельвыканкама. Расказала Валянціна Аляксандраўна пра шматдзетную маці Ірыну Чарток з вёскі Журыхі. Дзесяць дзяцей выхавала яна.

Клапоцяцца ў сельвыканкаме і пра адзінокіх пенсіянераў. Дзевяностасямігадовая Вера Іванаўна Шляпа сям’і не мае. Двойчы на тыдзень яе адведвае сацыяльны работнік. Штодзённа побач суседка Алена Казакевіч, якая таксама на пенсіі. Працавала Вера Іванаўна паляводам. Так лёс склаўся, што засталася адна, але адзінокай сябе не адчувае. Застаў гаспадыню за чытаннем у чыстай утульнай кватэры. Аграгарадок газіфікаваны, амаль усе дамы падключаны да цэнтральнага ацяплення.

Ветэраны працы Вера ШЛЯПА і Алена КАЗАКЕВІЧ.

Штогод ён прыбудоўваецца новымі сядзібамі. Вось і зараз узводзяць дамы маладыя гаспадары Максім Швайкоўскі, Аляксандр Тумаш, Аляксандр Гардзей. Жыллём забяспечаны спецыялісты гаспадаркі. Атрымаў катэдж прызначаны нядаўна на пасаду ляснічага Арцём Жыгарэнка. Калектыў у лясніцтве невялікі — 24 чалавекі. Абслугоўваюць звыш 8500 гектараў той самай Юхавіцкай пушчы. Сёлета пасадзілі 13 гектараў дуба, ясеня, бярозы, сасны. Некалькі мяхоў жалудоў для пасадкі сабралі школьнікі пад сваімі дрэвамі-веліканамі і перадалі ляс- ніцтву. Для нашчадкаў адраджаецца Юхавіцкая пушча.

Ляснічы Арцём ЖЫГАРЭНКА і майстар леса Дзяніс РУДАК.

Вілейскі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter