Любімы з дзяцінства ласунак

У Мар’інай Горцы адкрыўся новы завод па выпуску марожанага

У Мар’інай Горцы адкрыўся новы завод па вытворчасці марожанага

Такой падзеяй вядомы вытворца салодкай прадукцыі — сумеснае ТАА «Марозпрадукт» адзначыла свой юбілей. Новае прадпрыемства пабудавана на тэрыторыі ўласнага лагістычнага цэнтра кампаніі.

Ужо шмат гадоў дарослыя і дзеці з задавальненнем купляюць марожанае гандлёвых марак «Гоша», «20 капеек», «28 капеек». І прыхільнікаў гэтых ахаладжальных ласункаў становіцца ўсё больш. Павелічэнне асартыменту і рост аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі, дыстрыб’ютарская дзейнасць кампаніі запатрабавалі пашырэння вытворчых плошчаў. Спачатку з’явіўся лагістычны цэнтр з нізкатэмпературным халадзільным абсталяваннем для захоўвання прадукцыі. А ў 2012 годзе на яго тэрыторыі было распачата будаўніцтва новага завода. Генеральны падрадчык — літоўская кампанія «Алвора» — здаў сучасны аб’ект у тэрмін. Як расказаў генеральны дырэктар СТАА «Марозпрадукт» Сяргей Дабудзька, рэалізацыя такога маштабнага праекта не абышлася без цяжкасцей. Але ўсе намаганні былі скіраваны на мэту — пуск новага завода, які дазволіць кампаніі развівацца далей, выпускаць разнастайнае і смачнае марожанае. Як прызнаўся генеральны дырэктар, менавіта гэта было яго дзіцячай марай.

З урачыстым адкрыццём новай вытворчасці гаспадароў і гасцей павіншавалі намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Валерый Скакун і старшыня Пухавіцкага райвыканкама Фёдар Караленя. Яны падкрэслілі важнасць падзеі і адзначылі, што гэты дзесяцімільярдны праект дазволіць выпускаць больш канкурэнтаздольнай прадукцыі.

У дзень адкрыцця завод адчыніў свае дзверы для гасцей, зрабіўшы з нагоды свята маленькае выключэнне, — спецыфіка харчовай вытворчасці. Агульная плошча будынка — больш за 5 тыс. кв. м. Сімвалічна, што першай сюды пераехала лінія, з якой некалі «Марозпрадукт» толькі пачынаўся. Праўда, у гэты дзень лінію «зарадзілі» на выпуск больш «маладой» серыі — на канвееры было марожанае «28 капеек».

«І сёння лінія цудоўна працуе. Яе вытворчасць — 8 тыс. порцый у гадзіну, або 4,5 тоны ў суткі. А вось новая, якая праходзіць пусканаладачны этап, будзе куды больш прадукцыйнай — 600 тон марожанага ў месяц», — расказвае галоўны інжынер прадпрыемства Яўген Дарафяюк.

Разам з наладкай лініі замежныя спецыялісты праводзяць навучанне людзей, якія будуць на ёй працаваць. Дарэчы, калі «Марозпрадукт» адкрыўся ў 1998 годзе, там было ўсяго 9 супрацоўнікаў, а зараз штат кампаніі складае 627 чалавек.

«Новая лінія дазволіць нам выпускаць значна большыя аб’ёмы ўжо вядомага марожанага, так званую «савецкую» серыю. Разам з тым з’явіцца магчымасць асвоіць абсалютна новыя віды, напрыклад, тры віды фруктовага лёду, пра што мы даўно марылі», — падзялілася планамі галоўны тэхнолаг Таццяна Габрусева.

Завадчане маюць намер зрабіць яшчэ адзін крок наперад — рыхтуюцца перайсці на новую сістэму кіравання якасцю. А гэта дазволіць пашырыць экспартныя магчымасці прадпрыемства, і неўзабаве прыхільнікі «Гошы» могуць з’явіцца нават у Еўропе.

Разам з іншым начальнік вытворчасці Ганна Піліпчук радуецца таму, што ўмовы працы сталі больш камфортнымі, а гэта немалаважна для калектыву.

Адкрыццё новай вытворчасці стала для пухаўчан падзеяй. І гэта не выпадкова, бо прадпрыемства з’яўляецца адным з самых буйных у раёне. Ды і прадукцыю выпускае якую — марожанае! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter