«Любім свой аграгарадок, за што і галасуем»

І даволі актыўна — толькі ў аўторак пад канец дня ўчастак наведалі каля 60 чалавек.

У ГЛЫБОЦКІМ раёне на Азярэцкім выбарчым участку № 7, як і паўсюдна, ідзе датэрміновае галасаванне

І даволі актыўна — толькі ў аўторак пад канец дня ўчастак наведалі каля 60 чалавек.

Азярцы — самы першы аграгарадок на Глыбоччыне. Дзякуючы разваротлівасці былога дырэктара гаспадаркі Пятра Мяжэніна тут зроблена шмат чаго ў сацыяльнай і вытворчай сферы. Сёння дырэктар-рэфарматар на пенсіі, а справу яго на зямлі працягвае сын Аляксандр, знакаміты фермер, сёння — член Азярэцкай участковай выбарчай камісіі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Галасаваць датэрмінова прыйшла малады спецыяліст заатэхнік-селекцыянер Святлана Хайноўская:

— Я родам адсюль, — паведала яна пра сябе. — У жывёлагадоўлі працавалі мае дзядулі, бабулі і бацькі. Мая мара — адрадзіць былую славу азярэцкіх даярак. Муж Юрый таксама працуе ў сельскай гаспадарцы, механізатарам. У нас  двое дзяцей, жывём у катэджы. Любім свой аграгарадок, таму і прыйшла на выбары.

Па-святочнаму апранутая прыйшла на выбары ветэран працы аператар па адкорме цялят Яўгенія Грышанковіч:

— Пенсіі мне хапіла б, але не люблю сядзець дома. Работа для мяне, як тая песня. Вырасціла і вывучыла дваіх сыноў. У іх — свае сем’і. Маю траіх унучак. Усё ў нас ёсць тут на месцы: і крамы, і Дом культуры, і школа, і медыцына. Толькі жыць і радавацца. Адно, каб і  надалей было ціха і мірна! За гэта і галасую.

На тэрыторыі Азярэцкага сельскага Савета — 23 вёскі. Некаторыя, як Кухты, Угляны, Дзмітрыўшчына, Пялеўшчына, Кісарэўшчына і іншыя, далёка ад цэнтра. Двор Залессе, напрыклад, за 15 кіламетраў. Насельніцтва ў гэтых вёсках старэе. Таму для тых, хто не можа ў нядзелю, 23 сакавіка, з’явіцца на выбарчы ўчастак, будзе магчымасць прагаласаваць дома. Для гэтага створаны 3 мабільныя групы, з членам выбарчай камісіі ў кожнай. Наладжаны падвоз людзей.

— Выбары праходзяць арганізавана і ніякіх нараканняў пакуль што няма, — запэўніў старшыня выбарчай камісіі Сяргей Волкаў.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter