Как создавались костюмы для ансамбля «Песняры»?

Лён на мільён

Уладзімір Мулявін пакінуў пасля сябе вялікую музычную спадчыну. Да гэтага часу Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры» збірае залы ў першую чаргу дзякуючы песням Уладзіміра Георгіевіча. Але слухачам заўсёды была цікава менавіта асоба Мулявіна. Як ён ствараў музыку, як адшукваў аднадумцаў, як прыдумваліся касцюмы для ансамбля? У музеі Белдзяржфілармоніі ёсць шмат адказаў на гэтыя і іншыя пытанні. Але, як гэта часта бывае са знакавымі асобамі, нават праз дзесяцігоддзі пасля іх сыходу з жыцця знаходзяцца цікавыя факты, якія ніяк нельга абмінуць увагай. Так, зусім нядаўна ва ўласнасці Нацыянальнага гістарычнага музея з’явіліся 17 эскізаў касцюмаў, асноўная частка з іх для першай беларускай рок-оперы «Песня пра долю», якая прайшла ў філармоніі сорак гадоў таму.

Сцэнічнае адзенне «Песняроў» здзіўляе сваім багаццем

У 1976-м «Песняры» — гэта ўжо гучнае імя. Валянціну Бартлаву і Галіну Крываблоцкую тады яшчэ ніхто не ведаў. Але ўчарашнія выпускніцы тэатральна-мастацкага інсты­тута рызыкнулі намаляваць касцюмы для Мулявіна і кампаніі.

— Перад намі стаяла сапраўды складаная задача: трэба было спалучыць фальклор і сучаснае мастацтва, увасобіць гэта ў натуральных тканінах — ільне, — узгадвае прафесар кафедры касцюма і тэкстылю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Валянціна Бартлава. — У нас з Галінай не было ніякага вопыту. З аднаго боку, гэта дрэнна. З другога — добра, бо мы былі вольныя ад усялякіх стэрэатыпаў, маглі фантазіраваць, эксперыментаваць. Мы слухалі музыку і стваралі касцюмы. Чыталі вершы Янкі Купалы і стваралі касцюмы. Там было вельмі шмат розных вобразаў, і на кожны мы зрабілі некалькі варыянтаў. Вядома ж, не раз сустракаліся з Мулявіным, абмяркоўвалі, і ў выніку ён даў нам зялёнае святло.

Сын Уладзі­міра Геор­гіевіча Валерый узгадвае, што ў звычайным жыцці бацька зусім не надаваў увагі таму, у што апранаўся, а вось выгляд на сцэне — зусім іншае.

— У мяне і зараз у памяці той стол, на які ён звычайна раскладваў эскізы. Мог гадзінамі над імі сядзець, разглядваючы. Вядома, ён заўсёды раіўся з іншымі ўдзельнікамі ансамбля, але апошняе слова было за ім.

Пра гэта гавораць і мастачкі. Па­цвярджэннем гэтаму і алоўкавыя надпісы рукой Мулявіна на эскізах, што прадстаўлены на выставе ў музеі. На рыжым касцюме пазначана «Місевіч», на зялёным — «Тышко» і гэтак далей. На некаторых значна больш дэталяў: там запісаны і назва тканіны, і аксесуары. Гэтак жа і на шасці эскізах касцюмаў, якія гэтыя мастакі рабілі і для турнэ ў Амерыку, якое адбылося ў тым жа 1976 годзе.

Пазней Бартлава і Крываблоцкая працавалі з «Песнярамі» над вялікімі формамі: рабілі афармленне сцэны і іншае. Касцюмы ж для музыкантаў потым ужо малявалі іх вучні. Некаторыя з іх зараз можна ўбачыць на выставе. Тут і джынсавы строй, і футравае аздабленне, і багатая вышыўка. А вось вопратка, пашытая для рок-оперы «Песня пра долю», на жаль, не захавалася. Не выключана, што некаторыя касцюмы могуць быць адноўлены. Але гэта залежыць ад спонсара, які прыдбаў гэтыя эскізы для музея.

На шчасце, пасля Мулявіна захавалася некалькі яго інструментаў. Нямецкі акардэон Weitmeister, флейта Philipp Hamming, саксафон B&S, сінтэзатар Micromoog — усё гэта ёсць на выставе. Але наведвальнікі часцей за ўсё спыняюцца, пільна разглядваючы, над двухгрыфавай гітарай, любімым інструментам Мулявіна. Фотаздымкі, карціны, нотныя рукапісы, афішы… Там ёсць на што паглядзець. А пад голас Мулявіна гэта робіцца аж з дры­жыкамі па целе. Спяшайцеся ўбачыць спадчыну «Песняроў». Бо ўжо сёння ёй цікавяцца за мяжой. Хутчэй за ўсё, у бліжэйшыя месяцы выстава адправіцца ў Екацярынбург, на радзіму Мулявіна.

stepuro@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter