Некалькі гадоў назад на дзяржаўным узроўні было прынята рашэнне адрадзіць былую славу паўночнага шоўку, паколькі прадукцыя з яго патрэбна ўсім

Лён гучыць модна

Пасееш лён — пажнеш золата, гаварылі нашы продкі. Некалькі гадоў назад на дзяржаўным узроўні было прынята рашэнне адрадзіць былую славу паўночнага шоўку, паколькі прадукцыя з яго патрэбна ўсім: медыкам, пажарнікам, будаўнікам, энергетыкам, модніцам і хатнім гаспадыням.




Аршанскі льнокамбінат — адзінае ў краіне прадпрыемства па вытворчасці льняной тканіны. Больш за 75 працэнтаў прадукцыі ідзе на экспарт. Геаграфія паставак уключае ў сябе больш за 30 краін. Камбінат забяспечвае 3 працэнты сусветнага рынку льняной тканіны.

Пачалі мадэрнізацыю з перапрацоўкі — Аршанскі льнокамбінат займае 8 працэнтаў сусветнага рынку тэхнічных тканін з ільну, а тэхналагічнае адставанне пагражала стратай гэтай нішы. У тэхпераўзбраенне ўкладзена больш за 200 мільёнаў долараў. І ўжо першы этап мадэрнізацыі значна палепшыў якасць тканін, гаворыць начальнік упраўлення распрацоўкі асартыменту і рэкламы прадукцыі Аршанскага льнокамбіната Ігар Ешчанка:

— Фабрыка № 3, якая арыентавана на экспарт, пасля абнаўлення ў два разы павялічыла аб’ёмы вытворчасці. На новых ткацкіх станках — а іх 170 — выпускаюцца тканіны па еўрастандарце. Гэта датычыцца шырыні палатна і яго якасці. Паралельна ідзе рэканструкцыя аздобнай фабрыкі, дзе мы ўжо многае можам цяпер. А ў хуткім часе пасля ўстаноўкі адпаведнага абсталявання на фабрыцы  будзем вырабляць тканіну для адзення прэміум-класа. Але самы цікавы напрамак сёння — гэта выкарыстанне катанізаванай пражы, якая разбівае ўсе існуючыя стэрэатыпы пра льняную тканіну.

Не колецца, не мнецца, не садзіцца. Такі беларускі лён — ужо не мара. На новым абсталяванні з кароткага льновалакна, якое ўчора было прыдатнае толькі для радна і шпагату, сёння атрымліваюць якасную пражу, уласцівасці якой набліжаныя да бавоўны. Гэта не толькі крок да спадзяванняў швейнай прамысловасці і пакупнікоў. Гэта — вырашэнне сур’ёзнай дзяржаўнай праблемы. Лён, які ўбіраюць з нашых палёў, дае больш за 70 пра­цэнтаў кароткага льновалакна. Новыя тэхналогіі падарылі магчымасць не проста перапрацоўваць гэтыя вялікія аб’ёмы не вельмі якаснай сыравіны, але і выкарыстоўваць іх у самых сучасных, модных трэндах.


Калі вы не былі ў магазінах ільнокамбіната, зайдзіце і ацаніце мяккія льняныя пледы і пакрывалы, якія нарасхват ішлі падчас мінулагодняга бізнес-форуму ў Сочы, пасцельную бялізну, якая не патрабуе прасавання, махровыя ручнікі з катанізаванага льну, камплекты для лазні, ільняныя шторы і цюль. Уся гэтая прыгажосць не толькі экалагічная, ёй яшчэ і зносу няма: калі звычайны ручнік вытрымлівае 50-60 пранняў, то аршанскі — трыста! І хоць сучасныя вытворцы якраз не зацікаўленыя ў тым, каб рэчы служылі доўга, аршанцы лічаць гэта прыкметай якасці і трымаюць марку.

Паводле слоў вядучага мадэльера-канструктара камбіната Тамары Валадзько, катанізацыя і апрацоўка адмысловымі матэрыяламі цалкам змянілі лён:

— Мы пераканаліся, што тканіна з кароткага валакна па якасці практычна не саступае прадукцыі, атрыманай з валакна доўгага, і адна з яе вартасцяў — усадка ўсяго паўтара працэнта пасля дадатковай апрацоўкі. Наш пакупнік хацеў, каб лён не мяўся, хоць у Еўропе гэта паказчык натуральнасці, і мы з гэтай праблемай амаль справіліся. Вельмі запатрабаваныя жакардавыя адзежныя тканіны. Многія прыватныя фірмы шыюць з іх вопратку і рознымі спосабамі апрацоўкі дабіваюцца ад беларускага льну любых патрэбных ім эфектаў.

Вось хто б мог падумаць, што тканыя вырабы можна ператварыць у трыкатаж? У эксперыментальнай лабараторыі камбіната пашылі стыльныя паланціны і накідкі. Працуюць там і з цяжкай тканінай для верхняга адзення, ствараючы для ансамбля лёгкія тканіны-кампаньёны. Улетку на фестывалі “Плес — ільняная палітра”, які праводзіць вядомы расійскі мадэльер Вячаслаў Зайцаў, калекцыя Тамары Валадзько ўдастоілася вышэйшай узнагароды. Яе асаблівасцю сталі не толькі вырабы з новай жакардавай тканіны, але і абутак з ільну.

Цяпер на прадпрыемстве ідзе другая чарга мадэрнізацыі вытворчасці, на абнаўленне будзе патрачана каля 50 мільёнаў долараў. Але яно таго вартае, упэўнены Ігар Ешчанка:

— Лён атрымаў увагу, і гэта правільна, таму што гэта не проста тэхнічная сельскагаспадарчая культура, гэта нацыянальны сімвал. Мы ўсе павінны разумець, што гэта — адна з нямногіх культур, з якой мы можам выходзіць на сусветныя рынкі.


Каб рэч з ільну праслужыла доўга, трэба выконваць тры правілы:


  • Мыць яе пры тэмпературы не вышэйшай за 40 градусаў без хлоркі ды іншых адбельвальных прэпаратаў.

  • Не выкручваць! Тканіна можа дэфармавацца або змяцца так, што потым не зможаце адпрасаваць. Сушыць абавязкова ў выпрастаным выглядзе. Сохне лён хутка дзякуючы асабліваму перапляценню нітак, за што і цэніцца.

  • Не перасушваць! Асабліва спякотным летам. Прасаваць лён лепш злёгку вільготным, выкарыстоўваючы прас з адпарвальнікам.

Вольга Кручанкова
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter