Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Акцёры з Мінска прывезлі ў Ліепаю музычную камедыю

Лёгкія на ўздым

Спектакль “Шлюбны дагавор” — гэта яўрэйская музкамедыя па аднайменнай п’есе Эфраіма Кішона, лаўрэата дзяржпрэміі Ізраіля. 7 мая пастаноўку ў Ружовай зале Ліепайскага алімпійскага цэнтра прадставіў тэатральны праект з Мінска “ТриТформаТ”. Мы, сябры беларускай суполкі “Мара”, рыхтаваліся да сустрэчы землякоў. Потым падлічылі: каля 70 працэнтаў гледачоў у зале былі беларусы — актывісты “Мары”, нашы сябры й сваякі. Мы ж пашыралі вестку пра спектакль, распаўсюджвалі квіткі: хацелася годна сустрэць гасцей.

Сцэна са спектакля “Шлюбны дагавор”

У Латвіі ды Ліепаі ўдзельнікі праекта “ТриТформаТ” гасцявалі ўпершыню. Спектакль “Шлюбны дагавор” паставіла Таццяна Траяновіч, акцёры ў ім — Юры Баранаў, Арцём Давідовіч, Алена Гіронак, Алеся Пухавая, Станіслаў Савосцін, Вера Палякова. І, можна меркаваць па словах апошняй, прыёмам і горадам гастралёры засталіся задаволеныя: “Прыём быў надзвычайны. У вас неверагодны горад, нават кінематаграфічны нейкі, тэатральны, я б сказала. Шмат цікавых будынкаў, якія можна здымаць у кіно. А чысты пляж з белым пяском, сонца, дарожкі, парк — гэта проста казка!”.

Візіт у Ліепаю не быў спачатку спланаваным: акцёры выступалі на фестывалі ў Вільнюсе. “Нам не было на чым перавезці дэкарацыі, мы звярнуліся ў беларускую Амбасаду, папрасілі мікрааўтобус, —расказала Вера Палякова. — А Ірына Зубко, саветнік па пытаннях культуры Амбасады Беларусі ў Літве, прапанавала паказаць спектакль і ў Клайпедзе. Там Ганаровы консул Беларусі ў Клайпедзе Мікалай Логвін падказаў: выступіце яшчэ і ў Ліепаі. Ну а мы — толькі рады: у калектыве вясёлыя, лёгкія на ўздым людзі, да таго ж нашы дэкарацыі хутка мантуюцца. Мы можам граць спектаклі дзе заўгодна! Неяк у Каробчыцах, на Гродзеншчыне, гралі казку прама ў полі, пад адкрытым небам”.

Праекту “ТриТформаТ”, які стварылі рэжысёр Таццяна Траяновіч і акцёры Тэатра-студыі кінаакцёра Вера Палякова ды Алеся Пухавая, ужо 6 гадоў. Артысты выступалі ў Грузіі, Францыі, Украіне, Літве, Чэхіі, Фінляндыі, Італіі, Польшчы. Вось і ў Латвіі цёпла іх сустрэлі. Між тым, кажа Вера Палякова, куды б яны ні прыязджалі, дзе б ні паказалі сябе — усюды клічуць яшчэ. Вось і ўзнікаюць новыя ідэі, праекты.

Артыстка, маючы досвед замежных гастроляў, адзначае сацыяльную актыўнасць беларусаў у розных краінах, з павагай ставіцца да працы ў грамадскіх суполках: “Беларусы замежжа дзякуючы суполкам, пэўна, больш згуртаваныя, рэалізуюць цікавыя праекты. У Беларусі, скажам, не здзівіш нікога сваімі ж, беларускімі артыстамі: яны — не дзіва, не сходзіш у тэатр сёння — пойдзеш у іншы раз. А ў замежжы нам вельмі рады: як вестачцы з Бацькаўшчыны! Хачу яшчэ адзначыць: усё, што мы робім — эксклюзіў: кожны раз прыўносім у спектаклі новыя фарбы”, — адзначыла Вера Палякова.

Спадзяемся на новыя сустрэчы з таленавітымі артыстамі ў Латвіі, нашай Ліепаі. Цікавасць да гэтага ёсць як у гледачоў — таму сведчаннем аншлаг і станоўчыя водгукі, так і ў супрацоўнікаў Амбасады Беларусі ў Латвіі.

Анжэла Фаміна, сябар суполкі “Мара”, г. Ліепая

Голас Радзімы № 20 (3572), чацвер, 31 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter