Накануне Первомая в Шарковщинским районе открыли обновленную Доску почета

Лёгкага хлеба не шукаць

На яе занесены 22 перадавікі, якія дасягнулі найвышэйшых вынікаў у самых розных сферах дзейнасці ў 2018 годзе. 9 чалавек з іх — хлебаробы і жывёлаводы. З некаторымі аўтару гэтых радкоў даводзілася сустракацца раней. Так, Іван Мацяс, механізатар Шаркаўшчынскага агратэхсэрвіса, запомніўся яшчэ падчас выпрабавання на шаркаўшчынскай «гліне» аднаго з першых эксперыментальных экзэмпляраў энерганасычанага трактара Мінскага завода, дзе наш «Беларус» выйшаў тады пераможцам у спаборніцтве з вядомымі іншаземнымі грандамі тэхнікі, а пасля быў запушчаны ў серыйную вытворчасць.

Прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Шаркаўшчынскага раёна, занесеныя на Дошку гонару па выніках работы за 2018 год. Фота на памяць са старшынёй райвыканкама Дзмітрыем Ламака (у цэнтры).

Сёння Іван Мацяс працуе на энерганасычаным трактары МТЗ-3022. Машыне 10 гадоў, а выглядае, не раўнуючы, нібыта з канвеера, хаця ходзіць пад добрай нагрузкай: ці то з плугамі, ці то з дыскатарам, як на сёлетняй пасяўной, выдае механізатар на ёй па паўтары і больш нормы. А наконт «доўгажыхарства» свайго трактара скупа кідае:

— Гляджу за ім — вось і ўсё!

Іван Мацяс — гаспадар і дома. Жыве ён у аграгарадку Вялікае Сяло. Гадуе дзвюх кароў і штогод здае двух адкормленых бычкоў. Маўляў, як жа ў сельскай мясцовасці не трымаць жывёлу?!

У маладога аператара машыннага даення ААТ «Даватарскі» Надзеі Бяловай — паўсотні кароў на грамадскай ферме. Летась яна надаіла ад кожнай буронкі па 5258 кілаграмаў малака, што на 802 кілаграмы больш, чым па МТФ у сярэднім.

Цікава, што сама Надзея — гараджанка. Трынаццаць гадоў таму выйшла замуж у аграгарадок Пялікі за Анатоля, жывёлавода. Маладыя атрымалі новы катэдж. На­дзея кажа, што вёска трымае яе моцнымі каранямі: тут нарадзілася дачка, прыгожая прырода, рэчка. Летась перавабіла Надзея ў «Даватарскі» і сваю маці Алену Калашнік, яна таксама пайшла ў даяркі.

Разам з мужам Алегам працуе на ферме ў ААТ «Ельня-Агра» аператар машыннага даення Галіна Урбановіч.

Адменным сеяльшчыкам у КУВ «СГП імя Маркава» называюць Канстанціна Руткоўскага, які летась на трактары МТЗ-3022 сеялкай АПП-6 пасеяў звыш 1000 гектараў азімых. Маладому механізатару, хоць ён яшчэ і не мае сям’і, выдзелілі дабротны катэдж у аграгарадку Радзюкі. Гэта дзяўчатам пад увагу.

Фактычна па ўсёй Віцебскай вобласці і ў сталіцу рэспублікі пралягае маршрут вадзіцеля МАЗа Сяргея Краснадубскага з КУВ СГП «Гарадзец». Дастаўляе камбікорм, запчасткі, выконвае іншыя неадкладныя заданні.

Нечаканым і вельмі прыемным было ўбачыць сярод тых, хто трапіў на Дошку гонару, былога дырэктара ААТ «Жвіранкі» Андрэя Пальчэха. У свой час гэты перспектыўны малады кіраўнік па стане здароўя вымушаны быў пакінуць пасаду. Аднак пасля не пагнаўся за лёгкім хлебам, не падаўся, як многія, у бізнес, а стаў працаваць у сваёй жа гаспадарцы ў цэху механізацыі. Выязджае ў поле на трактары з плугамі, дастаўляе на бензавозе гаручае. І ўсюды паказвае дысцыплінаванасць, прыклад у працы.

Лаўрэаты атрымалі дыпломы і грашовыя прэміі ў памеры 5 базавых велічынь. Жанчыны да таго ж — шыкоўныя букеты.

Упершыню на Дошку гонару занесены прадпрыемствы і арганізацыі. Гэта ААТ «Ельня-Агра» і Шаркаўшчынская цэнтральная раённая бальніца. Прычым не толькі за высокія сацыяльна-эканамічныя паказчыкі, але і за самы высокі ўзровень ідэалагічнай работы.

ААТ «Ельня-Агра» пад кіраўніцтвам Міхаіла Якімовіча заняло летась першае месца па вытворчасці зерня і малака. Арганізавана прайшла сёлетняя вясенняя пасяўная. Да Свята працы на апошніх гектарах пасеяна кукуруза.

У Шаркаўшчынскай раённай бальніцы, якую ўзначальвае нястомны Станіслаў Стома, без увагі ўрачоў не застаецца ніводзін жыхар раёна. Людзі рабочых прафесій, механізатары, жывёлаводы комплексна абследуюцца абавязкова ў самой бальніцы са студзеня па красавік. А да пажылых вяскоўцаў, пенсіянераў брыгады медыкаў выязджаюць самі: здымаюць кардыяграму, бяруць аналіз крыві. Пры неабходнасці гаспіталізуюць у сваю бальніцу або прадастаўляюць бясплатна транспарт у Полацк, Наваполацк і Віцебск.

Старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Ламака, віншуючы герояў Дошкi гонару, падкрэсліў:

— Вы прыклад для маладога пакалення, эталон, на які ўсе будуць раўняцца на працягу года. Дзякуй за добрасумленную працу на карысць нашай малой радзімы, за ўмелыя рабочыя рукі, за любоў да сваёй справы!

saulich@bk.ru

Фота Алены АНАНІЧ

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter