У Круглянскім раёне самы нізкі ў краіне ўзровень беспрацоўя

Лёгкага хлеба не бывае

Страцілі працу? Не бяда. Замену вам дапамогуць знайсці і нават вельмі хутка. Пры ўмове, канешне, што вы жывяце ў Круглянскім раёне. Тут самы нізкі ў краіне ўзровень беспрацоўя. Згодна з данымі Белстата, усяго 18 чалавек на восем тысяч працаздольных. Таму пошукі свайго месца ў жыцці, як правіла, не зацягваюцца.


Вось, да прыкладу, Чэслаў Клімовіч 25 гадоў рамантаваў электроніку, а потым майстэрню закрылі. Суседзі падбівалі: ідзі, маўляў, у прыватнікі. 

— Баяўся, не пацягну, які з мяне бізнесмен? Але ў райвыканкаме дапамаглі, — майстар задаволена распакоўвае скрынкі з новым абсталяваннем. — Тэхніку патрэбную, касавы апарат і іншае купіў за субсідыю. Адкрыў ІП, найшоў памяшканне. І сёння я, так бы мовіць, манапаліст раённага маштабу. Рамонтам займаюся адзін, і менавіта да мяне з усіх бакоў электратэхніку цягнуць. Вось бачыце, сёння яшчэ патрэбна чатыры тэлевізары і дзве мікрахвалёўкі да ладу давесці. 

У райвыканкаме ля кабінета ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ладна людзей: некаму даведка трэба, нехта пенсійныя пытанні ўдакладняе. А Анжэла Калініна, якая з дзяржаўнай дамамогай вывучылася рабіць манікюр і зараз трымае свой невялічкі салон, хоча прайсці яшчэ адны курсы, каб пашырыць кола паслуг.

Начальнік упраўлення Галіна Мазок, якую я папрасіла «ўвесці» ў курс справы, паступіла нестандартна — прапанавала прайсціся па Кругламу і на свае вочы ўсё пабачыць. 

Ідзём уздоўж галоўнай вуліцы, на якой сярод прыватных домікаў і старых панэлек там-сям бачны свежапафарбаваныя шматпавярхоўкі. Во, думаю, некаму шчасце. Аказалася, і сапраўды так — чаргі на жыллё практычна няма. Што ў райцэнтры, што ў вёсцы. Толькі працуй. 

— Бачыце, гэты вось 40-кватэрнік здаецца, — Галіна Аркадзьеўна паказвае на новабудоўлю. Звяртае ўвагу і на невялічкі будынак крыху далей. — Тут пасля рамонту будзе салон прыгажосці. Таксама на нашу субсідыю чалавек падымаецца. 

Каля крытага рынку ля грузавога таксі сустракаем Тамару Пятрову, якая энергічна кіруе разгрузкай гандлёвага абсталявання. Свайго абсталявання — літаральна праз колькі дзён яна адкрывае павільён па продажы адзення. 

— Я па прафесіі прадавец, але з магазіна звольнілася: на нагах па 12 гадзін стаяць не магу з-за хворай спіны. Ну і абсалютна выпадкова даведалася пра кірмаш вакансій, які наладзіў райвыканкам, — кажа Тамара.

Пятрова схадзіла на кірмаш, прайшла праз пэўнае кола неабходных працэдур і атрымала субсідыю. За без малога 16 мільёнаў купіла ўсё, што трэба, каб пачаць уласную справу: стэнды для адзення, манекены, вешалкі, люстэркі і калекцыю беларускага трыкатажу — на продаж. 

Мікрааўтобус разгрузіўся, а ва­дзі­целя Галіна Мазок не адпускае. Бо гэта, кажа, жывы прыклад ператварэння дармаеда ў працаўніка. Сёння Сяргей Максімаў стажор у аўтапарку:

— З арміі прыйшоў, думаў атрымаць катэгорыю «С», але не даў рады — вельмі для мяне дорага. Прыйшоў рэгістравацца як беспрацоўны, мне дапамаглі вывучыцца бясплатна. Зараз вось практыку праходжу.

Сяргей з намі развітваецца, а я гляджу на Галіну Аркадзьеўну, скажам так, з падазронасцю — занадта ж гладка ўсё атрымліваецца. Ніякіх канфліктаў, ніякіх лайдакоў, якіх на працу толькі бізуном гнаць. Няма такога.

— Ёсць розныя людзі, розныя сітуацыі. Тыя, да прыкладу, 18 чалавек, якія яшчэ непрацаўладкаваныя. Практычна ў кожна­га з іх медыцынскія супраць­паказанні, патрэбны асаб­лівыя ўмовы працы, мы робім для іх усё, што можам. А вось другі прыклад. Чалавек у нас пенсію афарм­ляе. Было жыллё, прадаў, гро­шы прапіў. Сёння капейкі няма, каб за аднаўленне пашпарта заплаціць. Такі работнік, а чалавек гэты з той яшчэ пыхай, калі шчыра, мала каму патрэбны. Уладкавалі і яго. Думаеце, падзякаваў? Зараз. Заробак малы, у пакойчыку вецер гу­ляе. Толькі калі ён думае, што я пайду яму тыя вокны заклейваць, — вельмі памыляецца. Справа ўлады, якую я на свёй пасадзе прадстаўляю, даць чалавеку шанц жыць па-чалавечы. Працаваць, гадаваць дзяцей. А далей — жыць менавіта так, ці «чарніла» жлукціць па завуголлях, чалавек няхай вырашае сам. 

У райвыканкаме да нас па­ды­ходзціь жыхарка райцэнтра Алена Спірыдонава. Да Галіны Мазок яна з падзякай — сын Сашка жыве ў Магілёве, вучыцца на майстра па рамонце электраабсталявання. Што тут, спытаецеся, дзіўнага? Нічога, акрамя таго, што на вучобу яго накіравала сацыльная служба і праз год ён стане кваліфікаваным спецыялістам. Так што, падобна, быць манапалістам на рынку майму знаёмаму Чэславу Клімовічу ўжо засталося нядоўга.

Дарэчы

У Круглым адкрываецца вялікі гіпермар­кет — гэта яшчэ каля 70 працоўных месцаў. Пастаянна з`яўляюцца і на перапрацоўчых прадпрыемствах, якія набіраюць абароты. У вёсцы чакаюць ветэрынараў. Сярод мужчын у Круглым папулярная прафесія будаўніка, жанчынам часта прапануюць вакантныя месцы на мясцовым швейным прадпрыемстве, у гандлі і ў сферы абслугоўвання.

Юлія ПАПКО

ypopko@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter