Ляжала як на іголках: карэспандэнт "Р" выпрабавала на сабе працэдуры кітайскай традыцыйнай медыцыны ў новым цэнтры Мiнскай абласной бальнiцы

Урачы з самой Паднябеснай на два тыдні прыбылі ў новы Цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны ў Мінскай абласной клінічнай бальніцы, каб даць майстар-класы нашым спецыялістам і асабіста пракансультаваць пацыентаў. Напярэдадні афіцыйнага адкрыцця ўнікальнай лячэбніцы карэспандэнт «Р» акунулася ў атмасферу гармоніі і няспешнасці і выпрабавала на сабе некаторыя працэдуры кітайскай народнай медыцыны.

Пацыенты стацыянара праходзяць курс іголкаўколвання на бясплатных умовах
Фота Антаніны ХАТЭНКі

Поўны анамнез 

На прыём да рэфлексатэрапеўта трэба ісці ўжо з грунтоўным стосам медыцынскай дакументацыі. Абавязкова пры сабе мець агульны аналіз крыві і мачы, кардыяграму сэрца і выпіску з амбулаторнай карты. Толькі з паўнавартаснай гісторыяй хваробы і заключэннем спецыялізаваных урачоў на руках рэфлексатэрапеўты бяруць пацыентаў пад сваю апеку.

Што ж, аналізы і кардыяграма — у норме. Падрабязна пазнаёміўшыся з маёй амбулаторнай картай, урач-рэфлексатэрапеўт Галіна Дашкевіч пачынае распытваць мяне пра скаргі на здароўе. Потым, скончыўшы з дакументацыяй, спецыяліст вядзе мяне ў іншы пакой, каб правесці электрапунктурнае тэсціраванне. Дарэчы, пацыентам стацыянара частка працэдур выконваюцца на бясплатных умовах. Амбулаторныя пацыенты павінны аплачваць працэдуры. 

На кропкі акупунктуры спецыялісты таксама прапануюць уздзейнічаць лазерам і светам
Што ўяўляе сабой электрапунктурнае тэсціраванне па метаду Накатані? Я вызваляю ад лішняга аддзення і ўпрыгожванняў кісці рук ды ступні і ўладкоўваюся поруч з лекарам пазручней. Хутка металічныя абцугі скоўваюць вызваленыя месцы. 

— Мне не будзе балюча? – пытаюся ў урача, прадчуваючы нешта незвычайнае.

— Вы што, ток падаецца ў мікраамперах, ён зусім не чутны, — усміхаецца доктар у адказ.

Як потым мне растлумачылі спецыялісты, з дапамогай спецыяльнай прылады яны падалі невялічкі ток на рэпрэзентатыўныя кропкі, якія адказваюць за тую ці іншую функцыю канала. Спецыяльная прылада вызначае супраціўленне электрычнаму току ў кропках, а пасля хуткай апрацоўкі дадзеных камп’ютарная праграма выдае стан пэўнага канала – ён знаходзіцца ў гіперфункцыі, нармальным стане ці гіпафункцыі. 

— Вось, бірузовы колер – гэта фізіялагічны калідор здароўя, а тое, што выйшла за яго межы (чырвонага колеру) – адхіленні або паталогіі, — тлумачыць Галіна Мікалаеўна, паказваючы на вынікі абследавання. – У вас канал лёгкіх, напрыклад, у невялікай гіпафункцыі. Нездарма вы кажаце, што часта прастываеце. Канчатковы дыягназ па тэсціраванні паставіць цяжка. 

Каналы здароўя 

Даведаўшыся, што каналы нырак, жоўцевага пузыра, печані і страўніка ў мяне ў невялічкай гіперфункцыі, я ўсур’ёз вырашаю абследавацца. 

— Не хвалюйцеся, гэтыя каналы злучаны паміж сабой. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з сілкаваннем. Магчыма, парушылі дыету падчас святаў, — супакойвае ўрач, убачыўшы мае спалоханыя вочы. — Карацей, вам трэба дасканальна абследавацца і прыйсці да ўрача-рэфлексатэрапеўта. Мы ўсе вашы каналы прывядзём у нармальны стан.

Першасная кансультацыя ўрача-рэфлексатэрапеўта для амбулаторных пацыентаў каштуе больш за 9 беларускіх рублёў. А вось электрапунктурнае тэсціраванне для ўсіх хворых праводзіцца на платнай аснове і каштуе больш за 4 беларускія рублі. 

Зінаіда Ярашэўская з Несвіжскага раёна ляжыць у стацыянары кардыялагічнага аддзялення. Аднак жаліцца на болі ў пазваночніку. Рэфлексатэрапеўты прызначылі ёй магнітатэрапію — даволі літасцівую працэдуру ў параўнанні з агульнай магнітатэрапіяй. 

— Гэты апарат стварае праз мат, на якім ляжыць пацыент, магнітнае поле і падае яго на чалавека. Яно мае нізкую інтэнсіўнасць, таму ніколі не дае ўскладненняў у выглядзе рэзкага зніжэння ціску ці галаўных боляў, — тлумачыць сутнасць працэдуры урач-рэабілітолаг, урач-рэфлексатэрапеўт, загадчык аддзялення медыцынскай рэабілітацыі, галоўны пазаштатны спецыяліст па рэфлексатэрапіі і фізіятэрапіі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама Людміла Рыбіна. — У выніку паляпшаецца кровазабеспячэнне ва ўсіх органах. Апошнім часам мы практыкуем камбінаванне гэтага метада з класічным іголкаўколваннем. 

Іголка для болькі

Дарэчы, не здолела пайсці з цэнтра, не скарыстаўшы магчымасць паспрабаваць «іголкавую» тэрапію. Тварам уверх укладваюся на кушэтку і згінаю руку ў локці. «Спачатку будзе адчуванне, быццам зрабілі ўкол, а потым – эфект ламаты, распірання», — папярэджвае ўрач. Праз некалькі секунд не адчуваю нічога, акрамя непрыемнага калупання. Ужо хачу спыніць доктара, як рэзкі прыліў цеплаты ахінае ўсё цела. Робіцца незвычайна ўтульна і прыемна.

— Вось, значыць іголка патрапіла ў кропку акупунктуры і дамаглася так званых прадугледжаных адчуванняў. Для дасягнення гарманізіруючага эфекта дастаткова так паляжаць хвілін 15—20, а калі патрэбна затармазіць канал, то можам пакідаць пацыента на 30—50 хвілін з іголкамі, — Людміла Рыбіна раскладае па паліцах найбольш папулярны метад кітайскай народнай медыцыны. 

Ад экстрэмальнай працэдуры — паставіць п’яўку — адмовілася

Відаць, іголка ў мяне зрэагавала на выдатна, таму што падчас працэдуры не пераставала нервова калыхацца. Цалкам задаволеная эфектам нават ад адной іголкі, я адмовілася ад больш экстрэмальнай працэдуры: спецыялісты прапанавалі паставіць п’яўку. Дарэчы, для амбулаторнага пацыента цана на працэдуру іголкаўколвання – каля 7 беларускіх рублёў, а на гірудатэрапію – больш за 9. 

Акрамя найбольш папулярных працэдур традыцыйнай кітайскай медыцыны, рэфлексатэрапеўты прапанавалі лазерапунктуру і светапунктуру (уздзеянне на кропкі акупунктуры светам), электрапунктуру (ўздзеянне токам), вакуумны масаж, ультрагукавую пунктуру, мануальную тэрапію… Не засталася я раўнадушнай і да кітайскай гімнастыкі. 

— У хуткім будучым мы плануем адправіць нашага супрацоўніка на стажыроўку ў Кітай. Тады ўладкуем асобны курс па кітайскай гімнастыцы. Зараз жа выкарыстоўваем яе элементы ў звычайных занятках па лячэбнай фізкультуры, — уводзіць у курс справы ўрач па лячэбнай фізкультуры, урач-фізіятэрапеўт, галоўны пазаштатны спецыяліст па лячэбнай фізкультуры Мінскага аблвыканкама Зоя Дунаева. — Кітайская гімнастыка характарызуецца, у асноўным, статычнымі рухамі. Гімнастыка «айчы» і «цыгун» прадугледжвае павольныя практыкаванні з затрымкамі ў пэўных паставах і рухі, узятыя з жывой прыроды. 

Так, насыціўшы свае акупунктурныя кропкі сілай і энергіяй ды паспрабаваўшы позы «чаплі» і «тыгра», з поўнай гармоніяй у душы і целе іду на працу. Мяркую, атрыманай энергіі мне хопіць не на адзін дзень…

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter