Наши корреспонденты наблюдали, как на полигоне Брестский проходит белорусско-российское тактическое учение

Ляцiць батарэя, ляцiць батальён

Сёння на палігоне Брэсцкі апошні дзень актыўнай фазы беларуска-расійскага батальённага тактычнага вучэння, якая пачалася 21 кастрычніка. У вучэнні задзейнічаны ўзмоцнены дэсантна-штурмавы батальён 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады і ўзмоцнены батальён 137-га гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка 106-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі ПДВ Расіі. Усяго — больш за 900 ваеннаслужачых, 250 адзінак баявой і спецыяльнай тэхнікі, больш за 10 верталётаў і самалётаў. У тым ліку авіяцыя непасрэднай падтрымкі — Іл-76, Як-130, верталёты Мі-8МТВ-5. Кіруе вучэннем камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных сіл Беларусі генерал-маёр Вадзім Дзенісенка. Дэсантнікі адпрацавалі разведвальна-баявыя дзеянні ў тыле ўмоўнага праціўніка, вядзенне агню з усіх агнявых сродкаў, якія стаяць на ўзбраенні падраздзяленняў. Аднак усё ж самы яркі эпізод вучэння — дэсантаванне тэхнікі і асабовага складу. За яго ходам назіраў карэспандэнт «Р».



Перад высадкай пляцоўку дэсантавання зачысцілі два лёгкія штурмавікі Як-130 — разрэзалі блакітнае палатно бязвоблачнага неба, пакідаючы за сабой толькі сляды пунсовых цеплавых пастак. Пару заходаў — і схаваліся ў вышыні. За лесам нарастаў гул — на падыходзе ваенна-транспартная авіяцыя, пяць Іл-76: першыя два з тэхнікай і тры з асабовым складам. На зямлі валіў ярка-аранжавы дым, ён пазначыў лётчыкам межы пляцоўкі прызямлення. Першай дакранулася зямлі тэхніка — чатыры БТР-Д, 122-міліметровая гаўбіца Д-30, УАЗ і платформа з запасамі харчавання і боепрыпасаў. Глухі ўдар — прызямліўся на парашутах дэсантны бронетранспарцёр: купалы парашутаў абмяклі, выгінаючыся, як медузы ў танцы, атулілі баявую машыну. За тэхнікай — людзі.

Іл-76 шчодра рассеялі плеяду бела­снежных купалоў па ўсёй тэрыторыі пляцоўкі, высадзілі больш за сто чалавек. Кіраўнік скачкоў праз мегафон карэкціраваў зніжэнне дэсантнікаў, нагадваў байцам разгортвацца па ветры, глядзець па баках і сачыць за тым, каб не сысціся купаламі з баявымі сябрамі.

— 38, 39, 40, разлік скончаны! — адрапартаваў салдат, які засяроджана падлічыў колькасць дэсантнікаў у небе пасля пралёту чарговага ваенна-транспартнага самалёта.

Дэсантнікі сабралі парашуты і арганізавана, у падраздзяленнях, накіраваліся да пунктаў збору.

Пабудова баявога парадку эшалона — час паміж пралётамі самалётаў — дзве хвіліны. Дэсантаванне заняло не больш за 15 хвілін. Усе байцы высадзіліся ўдала, без пазаштатных сітуацый, пасля прызямлення спешна складваюць свае парашуты ў сумкі, максімальна хутка па меры магчымасці. Адрэналін ад скачка бадзёрыць, ён нават на руку.

Некаторыя дэсантнікі пры­зямліліся ў гушчары або ў хмызняку. Вайсковец з Расіі — я зразумеў гэта яшчэ здалёк па аранжавай плавальнай камізэльцы на ім — з натугай цягне стропы: яны заблыталіся ў насаджэннях туі. Нашы хлопцы ўжо бягуць да яго на падмогу, у руках сякеры. За дзясятак метраў за імі наш баец ужо змагаецца са стропамі, спрабуе сцягнуць з дрэва парашут, які не хочуць адпускаць галіны.

Глухі ўдар — вось прызямліўся на парашутах дэсантны бронетранспарцёр.

— Зіма, прыём, у мяне купал павіс, прыём, — дэсантнік далажыў па рацыі пра сваю сітуацыю, паглядзеў на мяне, дзяжурнай усмешкай прыкрыў неспакой. — Гэта ж трэба, каб так не пашанцавала.

— Не адзін ты такі, — супакоіў яго, і дэсантніку стала прыкметна лягчэй — працягла выдыхнуў.

Дэсантнікі сабралі парашуты і арганізавана, у падраздзяленнях, накіраваліся да пунктаў збору. Толькі вось бы яшчэ знайсці сваіх — раскідала на адлегласць.

— Сапёры тут? — крыкнуў баец у зараснікі па пояс.

— А дзе ж яшчэ нам быць, — адгукнуліся адтуль.

— Іду да вас!

Баявая задача — выйсці на паказаную мяжу і даць бой умоўнаму праціўніку.

Гружаныя амуніцыяй, з тоўстымі парашутнымі сумкамі за плячыма, дэсантнікі рванулі да пазначаных пунктаў збору. А далей — захапілі аб’ект, што за пяць кіламетраў ад месца высадкі, выйшлі на паказаную мяжу і далі бой умоўнаму праціўніку. Учора быў бой у горадзе, а сёння — канчатковае знішчэнне праціўніка, які прарываецца з катла. Пачастуюць яго ўсім наяўным узбраеннем, што скінулі з неба, ды яшчэ авіяцыяй прапрасуюць.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter