Лясны брэнд Беларусі?

Змяненні клімату пагражаюць беларускiм бруснiцам

Нічога, здаецца, на свеце няма смачней за гэтую чырванабокую ягаду

Мо, паважаныя чытачы, каму-небудзь з вас шанцавала ўбачыць у лесе незвычайны россып гэтых чырвоных ягад, якія могуць трымацца нават позняй восенню. Крочыш нетаропка па светламу бярэзніку, пярэстаму ад рознакаляровай лістоты, выйдзеш на маленькую палянку — і раптам спынішся ўтрапёны: на зямлі, сярод невысокай травы, быццам рассыпаны чырвоныя кропелькі.

Ніколі я не спяшаўся, каб адразу, як толькі напаткаў гэтыя ягады, тут жа іх і збіраць. Спачатку цешыўся такім прыродным дарам, то стоячы, то прысядаючы. Невялічкія кусцікі, сантыметраў пад трыццаць, з бліскучымі ліс­цікамі, густа ўсыпаны кругленькімі ягадкамі. Часам на такіх лясных палянах можна ўбачыць цэлую плантацыю брусніц. І больш за ўсё іх менавіта ў бруснічных бярэзніках. Во як сталася ў прыродзе: такі тып лесу нават і сваю назву займеў дзякуючы гэтым ягадам. Праўда, яны даўно выбралі сабе ў суседзі, а больш дакладна, у вечныя спадарожнікі жыцця не толькі бярозу. Сустракаюцца ў сасонніку чарнічным і бруснічным, у мшыстых сасонніках і асінніках. Растуць таксама на глебе свежай, вільготнай і сырой дзярнова-падзолістай, багатай спажыўнымі рэчывамі. На нашых тарфяных балотах, дзе шмат купін, якія брусніцы вельмі любяць. Як бачым, ягады зусім не пераборлівыя, не патрабуюць сабе нейкіх выключна спрыяльных умоў. Шчодрая прырода мудра і рацыянальна распарадзілася, каб брусніцы займалі ў нашых лясах як мага больш месца, бо вельмі ж яны адмысловыя і ў асаблівай людской пашане.

У Беларусі брусніцы спажываюць надзвычай шырока з даўніх часоў. Да чаго ж яны смачныя, свежыя, калі бярэш іх прама з кусцікаў, спрабуеш, і так хочацца смакаваць і смакаваць, каб доўжылася гэтая асалода. Але ж я памятаю і цяпер, як мы, вясковыя дзеці, у пасляваенную галодную пару, калі хадзілі ў лес, не маглі дазволіць сабе такой раскошы — многа есці брусніц. Не, клапатліва бралі ягадку да ягадкі — і ў кошык, каб больш прынесці дамоў. Маці іх сушыла на зіму. Калі год выдаваўся ўраджайным на брусніцы, іх мачылі. І хаця лясы вакол нашай вёскі вельмі багатыя на розныя ягады, брусніцы лічыліся далікатэсам.

Цяпер, на жаль, рэдка пакаштуеш сапраўднае бруснічнае варэнне, якое вельмі дапамагае пры прастудзе. Раней такі пачастунак у нашай вёсцы быў зусім не рэдкасцю. Гаспадарлівыя жанчыны варылі з брусніц вельмі смачныя кампоты. А бруснічны морс? Яго ў тыя часы без праблем можна было купіць у нашым райцэнтры. Ягады паказаны пры гіпертаніі, карысны людзям, чыя работа звязана з напружаннем зроку. Дый у лісціках брусніц шмат розных надзвычай каштоўных біялагічных рэчываў, з даўніх часоў іх выкарыстоўваюць у народнай медыцыне пры лячэнні нырак, печані, пры жоўцекамянёвай хваробе, а таксама цукровым дыябеце, радыкуліце і іншых. Сапраўды, брусніцы, як і іншыя нашы ягады, могуць быць брэндам Беларусі.

Як жа адчуваюць сябе гэтыя цудоўныя ягады ў нашых лясах цяпер? З такім пытаннем я звярнуўся да Валерыя Грымашэвіча, загадчыка профільнай лабараторыі Інстытута лесу НАН Беларусі, кандыдата сельскагаспадарчых навук. Ён вядомы і прызнаны аўтарытэт у рэспубліцы па праблемах дзікарослых харчовых рэсурсаў, гэта значыць ягад, грыбоў, лекавых раслін.

— Трэба адзначыць адразу, што брусніц у нашых лясах зусім нямнога, — распавядае Валерый Васільевіч. — Біялагічныя іх запасы складаюць 2500 тон. Праўда, калі год высокаўраджайны, гэты аб’ём можна павялічыць у два разы, а то і больш. Першае месца тут займае Віцебская вобласць — 1600 тон, на другім месцы Міншчына — брусніц у чатыры разы менш. Ну і зусім нязначныя аб’ёмы прыпадаюць на астатнія вобласці.

Параўнаем: біялагічныя запасы чарніц у нашых лясах дасягаюць 35 тысяч тон. А колькі бяром брусніц? Летась прамысловыя нарыхтоўкі склалі толькі 100 тон, адзін працэнт ад усіх нарыхтаваных лясных ягад. Праўда, іх яшчэ збірае для сваіх патрэб і насельніцтва. Але ж колькі? Такога ўліку няма.

Карацей, брусніц стала мала. Чаму? З’ява трывожная і вельмі нас непакоіць: у апошнія гады брусніцы цвітуць, але ж кветачкі асыпаюцца. Прычына — глабальныя змяненні клімату. Таму пладаносныя бруснічнікі знаходзяцца зусім у іншых месцах, чым раней. Яны «перабраліся» на ўскрайкі балот, дзе больш вільгаці. Растуць такімі невялічкімі аблямоўкамі вакол журавінных балот, на мове навукі гэта азначае, што перамясціўся арэал размяшчэння брусніц. Да таго ж раней у Беларусі было шмат туманаў, якія вельмі спрыялі брусніцам, бо яны бяруць вільгаць нават праз сваё лісце. Цяпер туманы не тыя, таму ягады і шукаюць вільготныя мясціны. У апошні час таксама зменшылася колькасць насякомых, якія апыляюць расліны.

— І чым, Валерый Васільевіч, тут можа дапамагчы навука?

— Праблема складаная, бо прычыны, як бачым, аб’ектыўныя. Наш інстытут пастаянна сочыць, як складваецца сітуацыя з брусніцамі, маніторынг вядзецца па ўсёй Беларусі. Вельмі важны фактар — тэрміны пачатку нарыхтовак ягад. Калі збіраць іх рана, дык трапляе шмат недаспелых ягад. І што ў выніку? Па-першае, мы трацім значную частку ўраджаю. Па-другое, і гэта самае непажаданае, наносім вялікую шкоду бруснічнікам. Бо зялёныя ягады цяжэй браць, з-за чаго абрываюцца галінкі кусціка, маладыя парасткі. Зразумела, тут важна, наколькі сумленныя і адказныя зборшчыкі ягад. На жаль, у многіх з іх інтарэс у лесе выключна спажывецкі — узяць як мага больш ягад. І зусім не думаюць пра тое, што прынясе лесу іх сквапнасць.

Як толькі вучоныя нашага інстытута выяўляюць такія недазволеныя прыёмы нарыхтовак ягад, паведамляем у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яно адразу дае адпаведныя распараджэнні сваім раённым інспекцыям для прыняцця канкрэтных мер. Трэба адзначыць, што тэрміны збору ягад знаходзяцца пад жорсткім кантролем гэтага міністэрства, што вельмі апраўдана.

У сувязі са змяненнем клімату наш інстытут распрацаваў для Міністэрства лясной гаспадаркі сур’ёзную аналітычную запіску наконт пабочнага лесакарыстання. У ёй прадугледжаны меры па адаптацыі дзікарослых ягад у новых умовах. Задача — што неабходна комплексна вырашаць, каб тыя ж бруснічнікі пладаносілі.

— Брусніцы, — працягвае Валерый Васільевіч, — выключна каштоўныя ягады, асабліва пры гарачцы, прастудзе. Яны валодаюць незвычайнай сілай. Раней лесарубы, калі зімой адпраўляліся на дзялянкі, абавязкова бралі з сабою невялічкую торбачку сушаных брусніц, якую прывязвалі да пояса. Ад цяжкай ручной работы людзі страшна стамляліся, тады бралі жменьку брусніц і жавалі. Ягады крыху праганялі голад, давалі лесарубам новыя сілы. Такі бруснічны эліксір заўсёды мелі з сабой і сплаўшчыкі лесу па беларускіх рэках.

Як тут не зразумець непакой і трывогу вучонага? І я, калі цяпер бываю ў лесе і на самых бруснічных мясцінах бачу вель­мі мала гэтых ягад, хаджу засмучаны. Адчуванне такое, быццам крыху збяднела наша прырода і людзі пазбавіліся часткі радасці. Неяк падзяліўся гэтымі сваімі думкамі са знаёмым лесніком, калі быў у Бярэзінскім запаведніку. «Я вас добра разумею, — сказаў ён. — Ну што ж, паедзем зараз у адну мясціну, няхай яна ўзрадуе вас».

Паехалі. Справа пацягнулася шырокае, без краю, балота. Спыніліся, выйшлі з машыны. Ляснік упэўнена вядзе мяне па некранутаму балоту, дзе аніякіх сцяжынак. «Вось і прыйшлі, — спыняецца ён. — Глядзіце, якое тут бруснічнае багацце».

Перад намі быў маляўнічы куточак, атулены невысокімі задуменнымі бярозкамі і сасонкамі, густа перабраны купінамі. А яны, ну проста не верылася, чырванелі ад мноства буйных ягад. Кусцікі ажно хіліліся долу ад цяжкіх гронак. Так хацелася хутчэй паспрабаваць гэтыя незвычайныя брусніцы, але я не асмельваўся — мы ж у запаведніку.

Ляснік зразумеў прычыну маёй нерашучасці, нагнуўся, акуратна перабраў гронку і паднёс мне поўную жменю ягад. «Пакаштуйце, — сказаў. — Яны тут надзвычай смачныя».

Я пакаштаваў. Брусніцы былі кіславата-салодкія, незвычайна сакавітыя. Яны пахлі мохам, балотам, бярозкамі і сасонкамі, крыху сумотнай восенню. «Дзякуй за пачастунак, — сказаў лесніку. — Больш не трэба, беражыце брусніцы, такі незвычайны цуд». — «Ён не звядзецца, — адказаў той. — Ва ўсялякім разе, у нашым знакамітым Бярэзінскім». А мне хочацца верыць — гэты цуд будзе жыць не толькі ў запаведніку.

На здымку: улік кветак брусніцы звычайнай у Цэль­скім лясніцтве Асіповіцкага вопытнага лясгаса вядуць загадчык профільнай лабараторыі Інстытута лесу НАН Беларусі Валерый Грымашэвіч з су­працоўнікамі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter