Лось у горадзе: чаму дзiкiя жывелы ýсё часцей iдуць да людзей?

Лясная братва

З прыходам вясны прырода абуджаецца. У гэтую пару жывёлы часцяком выходзяць з лясоў і «наводзяць шоргату» ў гарадах і вёсках. Як, напрыклад, у гэтую нядзелю жыхароў Бабруйска ўстрывожыў лось, які амаль цэлы дзень бегаў па цэнтры горада. Жывёлу застрэлілі ў адным з двароў, дзе яна хавалася. Ветэрынары прыйшлі да высновы, што лось уяўляў пагрозу для людзей: у яго былі пераламаныя ногі, жывёла паводзіла сябе агрэсіўна. Гэта як мінімум ужо чацвёрты «набег» ласёў на горад. Карэспандэнт «Рэспублікі» пагутарыў з начальнікам Бабруйскай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксеем Саўчанкам і паспрабаваў высветліць, чаму ж ласям «соллю намазана» ісці да людзей.

— Бабруйск акружаны лясамі, якія насяляе вялікая папуляцыя ласёў, — тлумачыць Аляксей Саўчанка. — У гэты час года ў ласіх ацёл, яны праганяюць ад сябе самцоў. З-за такога «адварот-павароту» ў ласёў бурліць маладая кроў, яны не знаходзяць сабе месца — некаторыя трапляюць у горад. Там для іх сапраўдная стрэсавая сітуацыя.

Ласі заходзяць і ў буйныя гарады. У пачатку мая ў Мінску па мікрараёне Чыжоўка хадзіў малады лось. Жывёліну ўсыпілі, абследавалі, а пасля выпусцілі ў лес
фота imgarcade.com

Уявіце толькі. Выхадны дзень, няспешна прагульваецеся, а тут на вас нясецца 150-кілаграмовая жывёла. Напалоханы і людзі, і сама жывёла. Лось да таго ж быў паранены — пераадольваў нязвыклае гарадское асяроддзе. Вакол яго сабраўся натоўп. У разуменні жывёлы — гэта пагроза, яна стала кідацца на ўсіх. Доўга шукалі ветэрынара. Але падабрацца да жывёлы ён не змог, стрэльбы з дроцікаў, як мы маглі бачыць у фільмах, у арсенале ветэрынара няма, толькі звычайны шпрыц. Часу на прыняцце рашэння ў службаў было мала, лось мог пашкодзіць машыны і нанесці ўрон здароўю людзей. Ратавальнікі дарэмна спрабавалі адпудзіць жывёлу воплескамі. Прыйшлося страляць на паражэнне…

А вось Віцебскую вобласць «аблюбавалі» чырванакніжныя бурыя мядзведзі. За апошнія 60 гадоў арэал мядзведзя значна скараціўся, іх засталося ўсяго каля ста асобін. Мяжа суцэльнага арэала бурага мядзведзя ва Усходняй Еўропе якраз праходзіць па паўночнай частцы нашай краіны. На сёння яна захавалася толькі там і прадстаўлена адной небуйной метапапуляцыяй.

Пару дзён таму жыхар Віцебска сфатаграфаваў на лясной дарозе мядзведзя і апублікаваў здымак у сацыяльнай сетцы. У гэтых мясцінах ён сустракаў розных звяроў, але такі вялізны драпежнік яму насустрач яшчэ ні разу не выходзіў. Між іншым, не так даўно здзівіў інтэрнэт-суполку відэаролік: буры мядзведзь нёсся ўздоўж МКАД-2 пад Мінскам.

А ўчора ноччу ў Бярэзінскім раёне па абочыне трасы Мінск—Магілёў «шпацыраваў» яшчэ адзін мядзведзь. Яго заўважылі міліцыянеры. Каб прадухіліць магчымую аварыю, яны ўключылі пробліскавыя маячкі і гукавыя сігналы і прагналі мядзведзя ў лес.

Дарэчы, пры з'яўленні дзікай жывёліны ў населеным пункце і ў выпадку яе агрэсіўных паводзін, звязаных з пагрозай нападу, грамадзяне, калі ў іх ёсць права на нашэнне і захоўванне зброі, альбо прадстаўнікі ўпаўнаважаных службаў маюць права распачаць адпаведныя дзеянні па адбіцці яе нападу. Але трэба браць пад увагу біялагічныя асаблівасці дзікай жывёліны, а таксама пагрозу, звязаную з выкарыстаннем зброі ў месцы масавага збору людзей. Таму ўсё ж, калі гэта магчыма, лепш не прадпрымаць самастойных дзеянняў.

Артур КАРАЛЁЎ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter