13 сентября в Лясковичах начинается III Международный фестиваль этнокультурных традиций «Зов Полесья»

Ляскавiчы клiчуць, "каб пагутарыць"

Прыпяцкія берагі і сама рака запрашаюць усіх, хто закаханы ў Беларусь, хто не забывае свае карані

Падарожнiк, упершыню завітаўшы ў Ляскавічы, міжволі падумае, што трапіў у горад. Ды які! Паўсюль асфальт, будынкі на зайздрасць сталічным, свой гатэль, шыкоўны клуб… Потым папросіць спыніць машыну, каб атрымаць асалоду ад прыгажосці тутэйшых мясцін. І нарэшце, зразумее, што памыліўся: няма тут звыклага гарадскога шуму, мітусні, беганіны. Толькі няспешна ўздоўж набярэжнай ходзяць ляскаўчане, прывольна цячэ рака, цурчыць фантан, ледзь чутныя спевы птушак. Вяскоўцы і растлумачаць, што прыехаў ён на самай справе ў глыбінку глыбінак беларускага Палесся.

Прызнаюся шчыра, у сталіцы «Зова Полесья» была ўпершыню і таму адчула сабе, як той выпадковы падарожнік. І тым больш не чакала, што за маленькай кропкай на карце з надпісам Ляскавічы, на якую глядзела перад тым, як адправіцца ў аграгарадок, «хаваецца» сапраўдны райскі куточак.


Мясцовыя нават жартуюць з такіх здзіўленых і зачараваных. А вось Анастасія Еўсіевіч, якая жыве ў Ляскавічах, колькі сябе памятае, узгадвае і іншы час: 


— Калі мы машыну толькі купілі, да Петрыкава ехалі тры, а то і пяць гадзін, такая дарога дрэнная была. А цяпер асфальт паклалі. Гарадскі ўклад у нас, што сказаць.


Анастасія Дзмітрыеўна некалі выкладала матэматыку ў Ляскавіцкай школе, якую будавала разам з іншымі настаўнікамі. Будынак навучальнай установы таксама сёння не пазнаць. 


— Вядома, час дае аб сабе ведаць. Старэнькая ў нас школа была, а зараз адна прыгажосць. Пару гадоў таму яе рэканструявалі. Дзіцячы сад таксама не горш за гарадскія, ды і хаты ў парадак усе прыведзеныя, — ахвотна пералічвае Анастасія Дзмітрыеўна. 


Дарэчы, пра дамы. Гасцей трэцяга «Зова Полесья», якія едуць з боку Мінска, сустракаюць два новенькія катэджы. Адзін з іх пабудавалі толькі ў мінулым годзе, а другі ў гэтым. Старшыня Ляскавіцкага сельсавета Вольга Янкевіч тлумачыць мне, што Ляскавічы пашыраюцца, кожны год з’ўляецца нешта новае:


— Зараз у нашым аграгарадку жыве каля 900 чалавек, з іх 210 дзяцей. Дарэчы, пасля школы многія выпускнікі атрымліваюць вышэйшую або сярэднюю адукацыю і вяртаюцца на малую радзіму. Ёсць у нас участковая бальніца, аптэка, лазня, банк, пошта, камбінат бытавога абслугоўвання і нават трохзоркавы гатэль, за якім цурчыць фантан, а ў цэнтры аграгарадка красуецца Музей прыроды і побыту. 


Удзельнікі ансамбля Нацыянальнага парку «Прыпяцкі» Тамара ПАШУК і Рыгор ШОСТАК


Намеснік генеральнага дырэктара па ідэалогіі нацпарку Вольга Прыходзька нагадвае:


— Адкрывалі яго яшчэ да другога «Зова Полесья». На цяперашнім фестывалі тут можна бу- дзе паглядзець фотавыставу аб прыродных комплексах Нацпарку «Прыпяцкі». А ў наступным годзе побач з будынкам з’явіцца і Музей пад адкрытым небам, дзе будуць ветраны і вадзяны млыны, карчма і крама з сувенірамі.

Старшыня Ляскавіцкага сельскага Савета Вольга ЯНКЕВІЧ


«ЗОВ Полесья», безумоўна, паслужыў імпульсам і для развіцця Ляскавіч, і для захавання каштоўных палескіх здабыткаў. І калі на першае свята ў 2010-м гасцей прыехала каля шасці тысяч, на другі ў 2012-м каля дваццаці, то на трэці, ужо міжнародны, чакаюць яшчэ больш.


Дзе ж размесцяцца ўсе жадаючыя трапіць на форум? Такім пытаннем задалося і кі- раўніцтва Нацыянальнага парку «Прыпяцкі», цэнтр якога ў Ляскавічах. Праблем быць не павінна, бо, акрамя  аграсядзіб, што дзейнічаюць,  і гасцініцы «Над Прыпяццю», у мінулым годзе адкрылі непадалёк ад аграгарадка новы Домік паляўнічага і рыбака, а ў сакавіку гэтага года прэзентавалі трохпавярховую гасцініцу «Тураў +». 


Дарэчы, быць арганічнай «часткай» нацпарку ляскаўчанам падабаецца. Кажуць, добра, што «ёсць з кім пагутарыць». А завітвае сюды сапраўды шмат людзей. Штомесяц некалькі тысяч. Кагосьці прываблівае самабытнасць палешукоў, кагосьці прырода і фотасафары. Ну а большасць, зразумела, рыбалка і паляванне. А тут яшчэ і этнаграфічны фестываль! 


Мясцовая жыхарка Анастасія ЕЎСІЕВІЧ


Трэцi «Зов Полесья» абяцае быць яшчэ больш запамінальным, чым два мінулых. На набярэжнай канала ў сталіцы фестывалю, дзе традыцыйна размяшчаюцца падворкі адзінаццаці палескіх раёнаў, з’явілася новая сцэна.  


— Да «Зова Полесья» робім сталы, лаўкі, каляскі. На стварэнне аднаго вырабу ідзе прыкладна два дні. А ўсяго падрыхтоўка да фестывалю доўжыцца ўжо некалькі месяцаў, — распавёў адзін з майстроў-сталяроў Васілій Цяслюк. 


Побач з сучаснымі сталярнымі вырабамі на падворку з’явіцца рыбацкая прыстань, а на ёй паляўнічыя трафеі і рыбацкія снасці. Паглядзець тут можна і на рарытэтныя прадметы побыту. Яшчэ перад першым святам вяскоўцы перадалі старадаўняе начынне, якое засталося ад бабуль і прабабак, для прэзентацыі сваёй роднай вёскі. Да трэцяга фестывалю калекцыя экспанатаў павялічылася. 

Цясляр Васілій ЦЯСЛЮК


Гэта не адзіны прыклад таго, як згуртаваны мясцовыя жыхары. Напрыклад, да сёлетняга «Зова Полесья» ўсе вяскоўцы скінуліся і закупілі фарбу, каб абнавіць платы. Па цэнтральнай жа вуліцы іх поўнасцю памянялі. 


— Кожны і кветкі высадзіў каля свайго падворка, прывялі ў парадак участкі. Цяпер ідзеш па вёсцы, і здаецца, што ў казку трапіў, — не перастае здзіўляцца жыхарка Тамара Пашук. 


Тамара Іванаўна працуе бухгалтарам у нацпарку і на «Зове Полесья» разам з іншымі энтузіястамі «Прыпяцкага» будзе выконваць народныя песні. Іх ансамбль пакуль не атрымаў ніякай назвы, але самі супрацоўнікі нацпарку, у якіх асаблівая любоў да песень, называюць сябе проста — ляскавіцкімі певунамі...


P.S. Перад тым, як пакінуць Ляскавічы, не ўтрымалася і здзейсніла мару — праплыць на рачным цеплаходзе «Кірыла Тураўскі», які тут курсіруе штодзень. Праплываючы міма маляўнічых краявідаў, якія, між іншым, кожны дзень завабліваюць сюды дзясяткі мастакоў, задаюся пытаннем:  «Дык каго ж усё-такі кліча Палессе?» 


Капітан судна Уладзімір Худзякоў, якога папрасіла адказаць, думаў нядоўга: 


— Тых, хто закаханы ў Беларусь, тых, хто не забывае свае карані, і тых, хто сэрцам прыкіпеў да роднай зямлі. 


ПРЫВІТАННІ ГАСПАДАРОЎ

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір ДВОРНІК:

— У трэці раз праходзіць фестываль на гасціннай палескай зямлі, аднак у статусе міжнароднага — упершыню. Багатая творчая спадчына народаў Палескага краю натхняе і адкрывае шырокую дарогу для канцэртнай, этнакультурнай і навукова-даследчай дзейнасці.

Сумесная творчасць збліжае людзей, дапамагае пераадолець існуючыя адрозненні, забыцца пра кіламетры і межы. У нашы дні пытанне палітычнай талерантнасці па-ранейшаму актуальнае, асабліва ў адносінах паміж суседнімі дзяржавамі. Як вядома, мастацтва — культурны пасол міру. Яно аб’ядноўвае народы і нацыі, спрыяе ўсё больш поўнаму паразуменню людзей.

Фестываль «Зов Полесья» пацвярджае бесперапыннасць культурных традыцый, якія палешукі атрымалі ад сваіх продкаў і перададуць наступным пакаленням. Гэты незвычайны форум дазволіць пашырыць свае ўяўленні пра народную творчасць і традыцыі.

Палескі край багаты не толькі дзіўнай прыродай, самабытнай культурай, аўтэнтычнымі традыцыямі, але, першым чынам, ён славіцца сваімі людзьмі. Для таго каб адзначыць выбітных землякоў, вырашана зацвердзіць званне «Ганаровы паляшук». Сёлета такая ўзнагарода будзе ўручацца ўпершыню.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін СУМАР:

— «Зов Полесья» — гэта незвычайная культурная падзея. Яна больш нагадвае вялікае сямейнае свята, сустрэчу блізкіх адзін аднаму па адчуваннях, культуры, традыцыях. Менавіта таму палешукі з Лунінецкага, Столінскага і Пінскага раёнаў Брэстчыны з радасцю прымаюць удзел у фестывалі. 

Сёлета яны прадставяць традыцыі, на якія багата наша берасцейская зямля і якія мы беражліва захоўваем. У іх ліку — майстэрства ганчароў аднаго з цэнтраў ганчарнага рамяства на беларускім Палессі — вёскі Гарадная Столінскага раёна, асаблівасці палескага палявання ад жыхароў Лунінецкага раёна і вядомыя далёка за межамі нашай краіны «агурковыя традыцыі» Піншчыны. 

Што тычыцца рэалізацыі магчымасцей калектываў, якія прымуць удзел у фестывалі, дык ён, безумоўна, можа лічыцца адмысловай пляцоўкай для абмену вопытам па захаванні самабытнай культуры Палесся — спадчыны нашых продкаў, якую мы абавязаны перадаць нашчадкам.

Падрыхтавала Наталля БАРЫСАВЕЦ, «СГ».


Фота Паўла ЧУЙКО, «СГ»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter