У Ляскавічах на «Зове Полесья» устаноўлены рэкорд — сюды завітала каля 25 тысяч жадаючых пазнаёміцца з палескай культурай

Ляскавiчы – гэта цэлы сусвет

У МІНУЛУЮ суботу ў Ляскавічах на «Зове Полесья» устаноўлены рэкорд — сюды завітала каля 25 тысяч жадаючых пазнаёміцца з палескай культурай! Такога, а форум праходзіў у чацвёрты раз, яшчэ не было. За кароткі час фестываль этнакультурных традыцый ператварыўся ў сапраўдны сусвет. Са сваімі сузор’ямі талентаў, звычак, асаблівасцей. Са сваімі планетамі…

Планета гонару


З самай раніцы ў Ляскавічы едуць машыны і аўтобусы. Складваецца ўражанне, што ўсе дарогі ў суботні дзень вядуць толькі да гэтага палескага мястэчка — цэнтра Нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Сам жа аграгарадок на час свята ператварыўся ў пешаходную зону. Жанна Ніканава разам з дзецьмі Артурам і Лерай на фестываль завітала ў першы раз. Нядаўна сям’я пераехала з Гомеля ў Петрыкаў. А ў гэтым райцэнтры, прызнаецца маці, толькі і размоў, што пра «Зов Полесья»:

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір ДВОРНІК і міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ на адным з падворкаў.

— Здзіўлена, што такі маштабны фэст арганізаваны ў невялікай вёсцы. Для адпачынку гасцей тут усё прадумана. Мы ўжо схадзілі на дзіцячую пляцоўку, пакаталіся на конях. А цяпер адправімся глядзець урачыстае адкрыццё.

Наступны прыпынак — ля галоўнай сцэны. Тут будзе дадзены старт чацвёртаму святу палескіх традыцый. Прывітальнае слова ад Прэзідэнта агучыў міністр культуры Барыс Святлоў. Сярод афіцыйных асоб —  старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік, Брэсцкага — Анатоль Ліс, міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

Ганаровыя палешукі— Анатоль КУПРЫЯНАЎ, Рыгор ДЗЯМКО, Міхаіл ДРЫНЕЎСКІ

Затым абвясцілі лаўрэатаў звання «Ганаровы паляшук». Узнагароду, дыплом і бронзавую статуэтку атрымалі прадстаўнікі трох галін, без якіх немагчыма паўнавартаснае развіццё ні аднаго рэгіёна: прамысловасці, сельскай гаспадаркі і культуры. Гэта тыя людзі, якія не проста нарадзіліся на Палессі, а зрабілі ўсё, каб праславіць родны край, — Анатоль Купрыянаў, які дваццаць гадоў узначальваў Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, старшыня СВК «Фядорскі» Столінскага раёна Рыгор Дзямко, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г.І. Цітовіча Міхаіл Дрынеўскі.

Планета гасціннасці


Сёння пра самабытнасць Беларускага Палесся гавораць не толькі ў нас, але і за мяжой. Таму Ляскавічы прымаюць і сяброў краіны. Дарэчы, статус міжнароднага свята «Зов Полесья» набыў два гады таму. Не страціў яго і цяпер — прыехалі творчыя калектывы з шасці краін.


Знаёмлюся з артыстамі з Украіны — акадэмічным ансамблем «Сіверскія кляйноды» Чарнігаўскага абласнога філарманічнага цэнтра фестываляў і канцэртных праграм. Яны на форуме этнакультурных традыцый не першы раз. Удзельнік ансамбля Аляксандр Бардэй упэўнены: 

— Такія святы аб’ядноўваюць цэлыя краіны. Мы ўжо прыязджалі ў Ляскавічы, уражанні засталіся добрыя. На гэты раз прыбылі вялікім саставам — 36 чалавек. Пазнаёмім беларускага гледача з традыцыйнымі ўкраінскімі песнямі і танцамі.

Малдаўскія «Салкіяра» і «Лазіяра», расійская «Надзея», латвійская «Сварта», ансамбль «Польскае рэха Астраўца». На галоўнай сцэне, змяняючы адзін аднаго, з’яўляюцца творчыя калектывы. Доўга сядзець немагчыма — гледачы пускаюцца ў скокі.

Планета самабытнасці


Тым часам на беразе Прыпяці з’явілася сапраўдная палеская вёска. Гэта тэматычныя падворкі адзінаццаці раёнаў Брэсцкай і Гомельскай абласцей, якія аб’яднаны ў адзін населены пункт. А вось вуліца ў кожнага свая. Жадаючых прайсціся па іх нямала.

Першымі гасцей сустракаюць на вуліцы Палескай. Разгарнулася тут экспазіцыя  Нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Чым знакаміта Палессе? Вядома, ракой Прыпяць, якая працякае і праз Ляскавічы. А таму запрашаюць тут у рыбацкія ўладанні,  частуюць юшкай і блінамі, прыгатаванымі проста на пні. Смак — словамі не перадаць.

 На беразе Прыпяці з’явілася сапраўдная палеская вёска.

 «На свята ўраджаю Багач заклікае», — даносіцца з падворка Калінкавіцкага раёна. Назва вуліцы гаворыць сама за сябе — Багатая. З пустымі кішэнямі, а тым больш жыватамі адсюль ніхто не выходзіў. 

«А калі ў кашальку густа, то самы час на кірмаш зазірнуць», — перахопліваюць гасцей «жыхары» іншай, Кірмашовай вуліцы. За яе адказны Хойніцкі раён. На гандлёвых радах усё, што душа пажадае. Дырэктар Слабажанскага сельскага дома культуры Алена Сянько прэзентуе тавар: «Буркі, дыванкі, посцілкі — такія ў звычайным магазіне не купіш. Іх вырабляюць толькі ў нашай мясцовасці».

А тым часам на вуліцы Хрэсьбіннай, за якую адказвае Петрыкаўскі раён, гасцей частуюць «бабінай кашай». Такі звычай існаваў раней у беларускіх вёсках. Каб у народжанага ў жыцці ўсё складвалася добра, гаршчок, у якім варылася страва, трэба разбіць, а кашу паспытаць усім прысутным. Яна, дарэчы, у петрыкаўскіх гаспадынь удалася.

Планета навінак


Ні адзін «Зов Полесья» не абыходзіцца без навінак. Не стаў выключэннем і гэты. Напрыклад, упершыню была арганізавана выстава птушак, якія сустракаюцца ў рэгіёне, прадстаўлена пано з ягад, садавіны і гародніны. А каля музея прыроды разгарнулася пляцоўка юных умельцаў «Перазвон талентаў». Побач з вопытнымі майстрамі — пачаткоўцы. Першы збан, першая вышытая карціна, першы саматканы пояс... Магчыма, пакуль гэтыя працы не маюць асаблівай мастацкай каштоўнасці, але для кожнага будучага вялікага майстра менавіта яны будуць самымі галоўнымі. Бо з іх усё і пачалося. 

Не адно пакаленне навучыла ткацтву майстар з аграгарадка Дуброва Лельчыцкага раёна Анастасія Астаповіч. І зараз яна за ткацкім станком. Пара хвілін — і новы радок гатовы. Не адрываючыся ад працэсу, распавядае: 

 

— Ткацтвам займаюся з маленства. Станок мой асабісты. Гадоў яму багата. Як замуж пайшла, а было гэта ўжо шэсцьдзясят гадоў таму, тады яго і змайстравалі. Усё жыццё, бадай, за ім правяла.

А школьніца Валерыя Паўлава зараз толькі спасцігае азы ткацтва: 

— Сама ручнік яшчэ не змагу саткаць, але, думаю, гэта наперадзе. Таксама захапляюся вышыўкай — ужо гатовы першыя вырабы, вышытыя крыжыкам.

Тут жа адкрыта і невялікая сцэна, на якой выступаюць юныя артысты. Беларускі танец для гледачоў падрыхтаваў узорна-танцавальны калектыў «Драйв» з Хойнікаў. Пятнаццацігадовая Валерыя Гуц у ансамблі ўжо пяты год: «Мы вывучаем як сучасныя пастаноўкі, так і народныя. Беларускі танец нескладаны, але патрабуе добрай падачы. Нельга яго выконваць, напрыклад, у дрэнным настроі. Не зможаш зарадзіць гледача».

Планета традыцый


Калі навінкам яшчэ трэба прапісацца на фестывалі, то ёсць ужо тыя падзеі, форумы, выставы, якія заваявалі гледача. Сярод іх, напрыклад, конкурс прыгажосці.

Выбіралі «Палескую прыгажуню-2016» па традыцыі ўвечары. За тытул галоўнай прыгажуні змагаліся 14 канкурсантак. Валоданне мастацтвам дэфіле, харэаграфічныя здольнасці, уменне трымацца на сцэне. На рашэнне мог паўплываць любы крытэрый. Дзяўчаты прыкметна хваляваліся, але змаглі сабрацца і годна выступіць. Пераможцай прызналі Ганну Мяшкову з Петрыкава, а яшчэ адна прадстаўніца гэтага райцэнтра — Юлія Уласкіна — стала ўладальніцай прыза глядацкіх сімпатый. 

Увогуле забавы ў Ляскавічах былі арганізаваны на любы густ — працавалі і літаратурныя пляцоўкі, і разнастайныя выставы, зазывалі гасцей паўдзельнічаць у народных гульнях, рыбнай лоўлі, стральбе з лука... І той факт, што сэрца Палесся працягвае біцца, сведчыць: кліч гэтых зямель мы пачуем яшчэ многа разоў.

borisovez@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter