Ляскавічы стануць «магнітам»

Міністр культуры Беларусі Павел ЛАТУШКА раскрыў чытачам «БН» сакрэты «Зова Полесья».

— Павел Паўлавіч, чаго чакаеце ад новага фестывалю?

— Палессе — унікальны рэгіён Беларусі. Ён адрозніваецца ад іншых не толькі кліматам, своеасаблівай гаворкай. Менавіта на гэтай зямлі ў некранутым  выглядзе захавалася шматгранная культура. Гэта фальклор, традыцыі і абрады, промыслы і рамёствы, адметная нацыянальная кухня.

Фестываль ахоплівае восем раёнаў Гомельскай і тры раёны Брэсцкай абласцей, якія знаходзяцца ў басейне адной з прыгажэйшых нашых рэк — Прыпяці. Ён праводзіцца ў мэтах падтрымкі і папулярызацыі таго багацця, якое мы, дзякуй Богу, захавалі. Спадзяёмся, што фестываль стане своеасаблівым аглядам і штуршком для далейшага развіцця сучаснага аматарскага мастацтва, захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

— Як у выніку паўплывае правядзенне фестывалю на імідж Гомельскай, Брэсцкай абласцей і Беларусі ў цэлым?

— Першы адкрыты фестываль этнакультурных традыцый павінен стаць своеасаблівым “магнітам”, які прыцягне ўвагу людзей не толькі з Беларусі, але і ўсяго свету. Можа, і не трэба нам зараз разлічваць на шматлікіх гасцей з-за мяжы, але ў перспектыве і іх удзел у свяце павялічыцца. Напрыклад, калі толькі мы пачыналі праводзіць масавыя мерапрыемствы ў Мірскім замку, у Нясвіжы, хваляваліся, ці будуць гледачы. Усе трывогі былі дарэмнымі. Беларусы сёння — мабільная нацыя. Тым больш што адлегласці ў нас не такія ўжо і вялікія. Я ўпэўнены: той, хто хоць раз пабывае ў гэтых мясцінах, захоча сюды вярнуцца. І калі не на наступны фестываль, дык на адпачынак ці рыбалку, паляванне. Форум абавязкова стане стымулам для развіцця турыстычнай інфраструктуры.

Нарэшце, Гомельшчына атрымае ўжо другі фестываль, які праводзіцца не ў вялікім горадзе, а ў вёсцы. Сёння Беларусь добра ведае фестываль гумару, які ладзіцца ў вёсцы Аўцюкі Калінкавіцкага раёна. А форум у Ляскавічах, спадзяюся, стане яшчэ адным брэндам.

— Як дапаможа фестываль развіццю культуры Палесся?

— “Зов Полесья” — конкурсная пляцоўка, на якой, хоць і ў атмасферы добрасуседства і прыязнасці, усё ж такі будзе ісці спаборніцтва. Неабходна сказаць, што ў гэтыя дні тут выступаюць аматарскія мастацкія калектывы і выканаўцы з аўтэнтычным ці стылізаваным фальклорам рэгіёна, праходзяць кірмашы па продажы вырабаў традыцыйных рамёстваў. Мы паглядзім і на рэгіянальныя падворкі з адлюстраваннем этнаграфічнай самабытнасці. Прадстаўнікі кожнага раёна-ўдзельніка параўнаюць свае пляцоўкі з суседнімі, зробяць высновы на будучае. Вось гэта конкурснасць дапаможа падняць узровень развіцця традыцыйнай культуры Палесся. А падымецца ўзровень культуры нават асобна ўзятага рэгіёна — выйграе культура ўсёй краіны!

Хачу асабліва адзначыць, што фестывалю такога кшталту ў Беларусі пакуль што не было. У пасёлку Акцябрскі, што, дарэчы, таксама на Гомельшчыне, штогод праходзіць рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Ён скіраваны больш на захаванне песеннага, інструментальнага і танцавальнага фальклору і перадачу выканальніцкіх традыцый ад носьбітаў моладзі. Там таксама праходзяць выставы, кірмашы па продажы рамесных вырабаў. ”Зов Полесья” — фестываль этнакультурных традыцый. Гэта значыць, што мы пакажам адметнасць рэгіёна праз асаблівасці не толькі мастацкай творчасці, а з улікам укладу жыцця, дзе песенны, музычны ці танцавальны складнікі толькі дапаўняюць агульную карціну.

“Зов Полесья” ўжо ў сваёй назве “Первый открытый фестиваль…” гасцінна расчыняе дзверы для гасцей. Да нас на свята завітаюць творчыя дэлегацыі іншых раёнаў Беларусі і нашы суседзі, прадстаўнікі раёнаў Прыпяцкага басейна з суседняй Украіны.

У фестывальных мерапрыемствах прымаюць удзел і нашы вядучыя творчыя калектывы: Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча, мастацкі кіраўнік якога — Міхась Паўлавіч Дрынеўскі — сам нарадзіўся менавіта на Палессі, у Лельчыцкім раёне, і Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”.

Удзел творчых калектываў беларусаў, якія пражываюць за мяжой, у першым фестывалі пакуль не плануецца. Але ўжо ў наступным, 2011 годзе, Беларусь будзе прымаць іх на Першым фестывалі мастацтваў беларусаў свету. І, магчыма, яны стануць удзельнікамі ўсіх нашых найбольш значных мерапрыемстваў.

Перыядычнасць правядзення будзе абмяркоўвацца падчас падвядзення вынікаў першага фестывалю этнакультурных традыцый. Магчыма, ён будзе праходзіць штогод, або будзе прапанавана нейкае іншае рашэнне.

— Якую дапамогу аказала дзяржава ў падрыхтоўцы да свята?

— Асноўныя фінансавыя выдаткі па арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў фестывалю нясуць яго арганізатары — Гомельскі аблвыканкам, Петрыкаўскі райвыканкам і Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Міністэрства культуры за свой кошт забяспечыла ўдзел у фестывалі прафесійных калектываў.

— Які галоўны прыз у “Зова Полесья”?

— Палажэннем аб Першым адкрытым фестывалі этнакультурных традыцый , зацверджаным аргкамітэтам 6 жніўня бягучага года, пераможцам фестывалю ўручаюцца спецыяльныя дыпломы і каштоўныя падарункі. Я ўпэўнена — госці  фестывалю атрымаюць асалоду і незабыўныя ўражанні ад цудоўнай культуры Палесся!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter