Ляскавічы, сталіца Палесся, пакліча ў жніўні

ГАНАРОВЫХ палешукоў, лепшы ручнік і першую прыгажуню выберуць на трэцім фестывалі этнакультурных традыцый ў Ляскавічах

Чатыры гады таму першы форум сабраў каля пяці тысяч аматараў народнай творчасці. У гэтым годзе фестываль будзе больш маштабным. Для 15 тысяч гледачоў (столькі гасцей плануецца прыняць) выступіць больш за тысячу артыстаў — як з Беларусі, так і з Расіі, Украіны, Сербіі, Польшчы.

Чым жа будуць здзіўляць на фестывалі на гэты раз? Разыначкай форуму стане «Свята ручнікоў», якое адбудзецца на адкрытай пляцоўцы каля мясцовага Музея прыроды. Яшчэ да старту фестывалю ў Ляскавічах пройдзе мастацкі плэнэр «Зямля пад белымі крыламі». Ён працягнецца з 22 па 30 жніўня. А 27 жніўня пачнецца «Летнік на Петрыкаўшчыне». На працягу двух дзён фалькларысты і этнографы ў трох населеных пунктах Петрыкаўскага раёна пазнаёмяць жадаючых з традыцыйнай народнай культурай сваіх рэгіёнаў і правядуць майстар-класы.

Асноўнае дзеянне разгорнецца ў апошнія жнівеньскія дні, калі трэцяму фестывалю «Кліч Палесся» і будзе дадзены старт. Свята пройдзе на некалькіх пляцоўках. Напрыклад, у Доме культуры выберуць лепшую маладую сям’ю. Выступленне Ірыны Дарафеевай, а таксама творчых калектываў з Беларусі, Сербіі, Малдовы, Польшчы, Балгарыі можна паглядзець на цэнтральнай канцэртнай пляцоўцы. Для самых юных гледачоў у дзіцячай зоне будуць працаваць аніматары. Тут жа можна пакатацца на атракцыёнах і электрамабілях. А на пляцоўцы каля Прыпяці кожны зможа паспрабаваць свае сілы ў ткацтве, ганчарстве або іншым рамястве, паспытаць стравы беларускай кухні і краін — удзельніц фестывалю. Таксама пройдзе конкурс сярод аматараў рыбалкі, фотавыстава «Знакамітыя палешукі», паказ тэматычных фільмаў. Жадаючыя змогуць пакатацца на лодках, цеплаходзе і паветраным шары. А напрыканцы форуму адбудзецца лазарнае шоу і раздасца святочны салют...

Застаецца дадаць, што фестываль падтрымліваецца міністэрствамі культуры і інфармацыі, Брэсцкім і Гомельскім аблвыканкамамі, дзяржаўнай прыродаахоўнай установай «Нацыянальны парк «Прыпяцкі», адкрытымі акцыянернымі таварыствамі «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» і «Белаграпрамбанк».

Уласн. інф.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter