Ляскавічы – сапраўдная скарбніца

Бадай, ці знойдзеш на прыпяцкай зямлі больш самабытны, прыгожы і гасцінны куточак, чым ляскавіцкі? І каму хоць аднойчы пашанцавала сюды трапіць, пацвердзіць — прыроднае хараство, авеянае непаўторным палешукоўскім бытам, творыць сапраўдны цуд! Знакамітыя хлюпінскія дубравы, бясконцыя пойменныя лугі, шчырасць і добразычлівасць местачкоўцаў нібы пераносяць нас у нейкую іншую рэальнасць — першабытную, некранутую “рукой” прагрэсу і разам з тым надзвычай каларытную. Нездарма ж, відаць, аблюбавала гэтыя мясціны паважаная ва ўсходніх славян птушка: тут назіраецца самая вялікая колькасць буслоў па ўсёй краіне! І што цікава, з году ў год менавіта 18 жніўня нібы па нейкім наказе яны збіраюцца на лугах, “раяцца” і дружна адлятаюць у вырай. Быццам “дамаўляюцца”, калі зноўку сустрэнуцца тут. І трымаюць сваё “слова” — пераадольваючы столькі кіламетраў, вяртаюцца ў родныя ляскавіцкія гнёзды…

Паказальны петрыкаўскі аграгарадок лічаць сімвалам палескага адраджэння. І зусім невыпадкова ён стаў сталіцай Першага адкрытага фестывалю этнаграфічных традыцый.

Бадай, ці знойдзеш на прыпяцкай зямлі больш самабытны, прыгожы і гасцінны куточак, чым ляскавіцкі? І каму хоць аднойчы пашанцавала сюды трапіць, пацвердзіць — прыроднае хараство, авеянае непаўторным палешукоўскім бытам, творыць сапраўдны цуд! Знакамітыя хлюпінскія дубравы, бясконцыя пойменныя лугі, шчырасць і добразычлівасць местачкоўцаў нібы пераносяць нас у нейкую іншую рэальнасць — першабытную, некранутую “рукой” прагрэсу і разам з тым надзвычай каларытную. Нездарма ж, відаць, аблюбавала гэтыя мясціны паважаная ва ўсходніх славян птушка: тут назіраецца самая вялікая колькасць буслоў па ўсёй краіне! І што цікава, з году ў год менавіта 18 жніўня нібы па нейкім наказе яны збіраюцца на лугах, “раяцца” і дружна адлятаюць у вырай. Быццам “дамаўляюцца”, калі зноўку сустрэнуцца тут. І трымаюць сваё “слова” — пераадольваючы столькі кіламетраў, вяртаюцца ў родныя ляскавіцкія гнёзды…

Інвестыцыі ў гаспадарку «прыносяць»... турыстаў

Як тыя птушкі, у апошні час вяртаюцца ў вёску яе былыя жыхары. Некалі яны пакідалі сваю малую радзіму, як кажуць, у пошуках лепшай долі — бесперспектыўная палеская глыбінка мала каго вабіла. А зараз тут ужо не так проста купіць хату! За апошняе дзесяцігоддзе невялічкая апусцелая вёсачка з “Папялушкі” ператварылася ў сапраўдную “прынцэсу” — даволі рэспектабельны аграгарадок, якому могуць “пазайздросціць” нават райцэнтры! Сапраўдная скарбніца Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, якой з`яўляюцца тут Ляскавічы, раптам раскрыла свой патэнцыял. Менавіта таму і абрана сталіцай Першага рэспубліканскага фестывалю этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”.

— І па-іншаму быць не магло: прыродаахоўныя паркі — гэта самыя дарагія ўпрыгожванні зямлі беларускай. Таму і выглядаць яны павінны адпаведна свайму ўзроў- ню, — упэўнены генеральны дырэктар Нацыянальнага парка “Прыпяцкі” Сцяпан Бамбіза. — Да адраджэння палескай каштоўнасці мы падышлі комплексна — пачалі займацца прыродаахоўчай, сельскагаспадарчай, вытворчай і турыстычнай дзейнасцю, увялі дысцыпліну. Перш-наперш далі магчымасць тутэйшым жыхарам зарабляць. І не прагадалі! Сёння інвестыцыі ў сельскую гаспадарку і інфраструктуру “прыносяць” 15 тысяч турыстаў. Рыбаловы, паляўнічыя, агра- і экааматары з Італіі, Францыі, Германіі, Галандыі, Швейцарыі з задавальненнем адпачываюць у нас. За мінулы год на адным толькі турызме мы зарабілі амаль мільён долараў!

Еўрапейцаў падкупляе непаў- торнае прыпяцкае хараство і камфортныя ўмовы пражывання. А ў трохзоркавым атэлі з боўлінгам, більярдам, рэстаранам і басейнам, які толькі ў гэтым годзе адкрыўся ў Ляскавічах, нумары забраніраваны на некалькі месяцаў наперад! Адпачынак vip-класа! На любы  густ. Між іншым менавіта турыстычны бум паспрыяў новаму іміджу Ляскавіч.

І неверагоднае — верагодна!

— Вёска перайначвалася амаль што на вачах. На месцы трухлявых будынкаў хутка вырасталі новыя, больш стыльныя і прывабныя: Дом культуры, школа, лячэбніца, крамы, банк, адміністрацыйны корпус! Ды і ў сельгаскааператыў удыхнулі, што называецца, новае жыццё. Зараз СПК “Ляскавічы” — адна з мацнейшых гаспадарак Петрыкаўшчыны. На працу сюды прыязджаюць з усяго жыткавіцкага краю. Дарэчы, і органам мясцовага кіравання “пашчасціла” — два гады таму спраўлялі наваселле, — знаёміць з сучасным абліччам вёскі старшыня Ляскавіцкага сельвыканкама Вольга Янкевіч. — А як змянілася ўбранне вуліц! Чыстыя і заасфальтаваныя тратуары, утульныя скверыкі, набярэжная, кветнікі і альпійскія горкі яскрава дапоўнілі выгляд аграгарадка.

— Калі план рэканструкцыі быў толькі ў каштарысу на паперы, нават не верылася, што такое верагодна, — кажа Марыя Буцук, былы дырэктар школы. — Прычым змяніцца так кардынальна! Узяць хаця б школу: раней спортзалы не было, ды і сталовая тулілася асобна. А зараз, калі ласка, усё кампактна размешчана ў адрамантаваным будынку. З’явіўся і тэнісны корт, і футбольнае поле. А гандаль які! Зайдзіце ў любую краму ці міні-маркет, гасмаг, асартымент — шыкоўны. Толькі малака ці смятаны гатункаў пяць, а то і болей. Нядаўна паехала сястру сустракаць у Петрыкаў, дык нават ні ў адну лаўку не зайшлі. А навошта? У нас усё сваё, тутэйшае. Не тое, што раней, “затарваліся” ў райцэнтры наколькі хапала авосек. Дый жа гэтыя клункі неяк трэба было яшчэ ўціснуць у аўтобус!

— А ці любіце няспешна прагуляцца па Петрыкаве? — цікаўлюся ў субяседніцы.

— Нашая набярэжная прыгажэйшая! — не ўступае Марыя Мікалаеўна. — На пенсіі магу сабе дазволіць вечарком прайсціся ўздоўж ракі, пагутарыць з суседкамі або арганізаваць экскурсію для сястры. Дарэчы, раней яна прыязджала з Расіі ў госці значна радзей: толькі праведаць радню ў палескай цішы. А цяпер кожнае лета праводзіць у бацькоўскай хаце. І вельмі часта бывае на набярэжнай. Ды і мясцовай моладзі водныя пейзажы прыйшліся даспадобы. Шмат сустрэнеш і маладых мам з каляскамі...

Прытым з кожным годам іх колькасць значна расце. Што, безумоўна, не можа не радаваць.

Дзе шчасце шукаці?

— Восенню хацелі аддаць унука ў дзіцячы сад, ды ўсё не так проста! Вольных месцаў няма, а чарга аж да сакавіка, — тлумачыць Вольга Бамбіза, супрацоўнік аддзела турызму Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”. — Моладзь таксама не супраць мець ляскавіцкую прапіску. Да прыкладу, сын не пажадаў ехаць у горад, застаўся тут: ажаніўся, зараз працуе ў мясцовай гаспадарцы. Прытым зарабляе больш, чым дачка, якая пасля заканчэння інстытута засталася ў сталіцы.

Свае шчасце знайшла ў Ляскавічах і сям’я Кончыц. Барыс і Алена разам вучыліся ў Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы кулі- нарыі. Па размеркаванні прыехалі ў палескую глыбінку. Але толькі тут у рэшце рэшт разгледзелі адзін аднаго. І зразумелі, што кахаюць. У хуткім часе згулялі вяселле. А новая прасторная хата, якую выдзелілі маладым спецыялістам, аказалася неблагім падарункам да іх свята. Зараз Алена няньчыць сына, а гаспадар працуе шэф-поварам рэстарана адного з турыстычных комплексаў. Дарэчы, сакрэт самых смачных пампушак са смятанай (мясцовага кулінарнага шэдэўра) ён таксама дзесьці раздабыў! Так, як у Ляскавічах, ніхто не робіць, упэўніваюць тутэйшыя палешукі!

Роспыты — на дэсерт

Ды і сумнявацца наўрад ці хто будзе. Мясцовыя жыхары — народ працалюбівы. Вясеннія разлівы прыносяць шмат клопату гаспадарам. Але скардзіцца палешукі проста не ўмеюць. І, калі вада адыходзіць, бяруцца за працу. Паспяваюць і агарод пасадзіць, і ўраджай у час сабраць.

А яшчэ яны вельмі добразычлівыя і гасцінныя. Хто б ні зайшоў у хату — спачатку госця просяць за стол, частуюць, а ўжо пасля ўсе роспыты: хто такі ці што здарылася? Ва ўсялякім разе прымаўка “Нечаканы госць горш за татарына” ніяк не пра ляскаўчан.

З гістарычнага блакнота

Ляскавічы вядомыя з XVI стагоддзя, калі каля раскідзістых берагоў Прыпяці прытулілася невялічкая вёска. Але звалася яна тады інакш — Перакопы. У 1630 годзе здарылася вялікае навадненне. Нават у Тураве на высокім замчышчы вада стаяла — пераадолела мятровы рубеж. Уяўляеце, што тут тварылася? Вялізная льдзіна проста знесла вёску. А яе былыя гаспадары вырашылі перайсці на самае высокае месца Бендзялі (зараз так завецца адзін з раёнаў аграгарадка). І заснавалі вёску прама на беразе ракі Леска (але за 400 год ад яе застаўся толькі невялічкі канал). Хутка мястэчка ператварылася ў адміні- страцыйны цэнтр, так званы кмін, дзе засядала ўлада.

P.S. Дарэчы, у кожным палескім рэгіёне знойдуцца паказальныя аграгарадкі-жамчужынкі. Між іншых можна назваць Крынічны (Мазырскі раён), Даманавічы (Калінкавіцкі), Чырвоны Бор (Жыткавіцкі), Зашыр’е (Ельскі), Галоўчыцкая Буда (Нараўлянскі). Такімі “каралямі”  не сорамна пахваліцца сінявокай “прыгажуні” і перад моднымі суседкамі.

НА ЗДЫМКАХ: новы атэль  для VIP-адпачынку; тутэйшая цэркаўка добра дапаўняе сучасны воблік аграгарадка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter