Колькі жыхароў жыве ў Мазырскім раёне?

Ляскавічы клічуць на Палессе

«СГ» працягвае пераклічку падворкаў 11 прыпяцкіх раёнаў. Сёння на паверцы – Мазыршчына...

Мазырскi раён



У раёне, які складаецца з 92 населеных пунктаў, пражывае каля 130 тысяч чалавек. Вяскоўцаў сярод іх 19 тысяч. Працуе на Мазыршчыне 76 устаноў культуры, большасць з якіх знаходзіцца ў сельскай мясцовасці.


У раёне адкрыта 27 клубных устаноў, 42 — бібліятэчных, 5 школ мастацтваў, драматычны тэатр. Аб’яднаны краязнаўчы музей, які дзейнічае тут, складаецца з выставачнай залы, музея народнай культуры «Палеская веда”, краязнаўчага музея, музея-майстэрні Н. Н. Пушкара, Мазырскага замка, музея-капліцы ў гонар Праабражэння Гасподняга і музея партызанскай славы ў вёсцы Раманаўка.


Аматары з Козенкаў прымусяць танчыць усе Ляскавічы 



Народны ансамбль народнай музыкі «Радуніца» Мазырскага раённага Дома культуры, што ў Козенках, — адзін з самых яркіх і арыгінальных аматарскіх мастацкіх калектываў усёй Мазыршчыны. Як па творчаму складу артыстаў, іх манеры выканання твораў, так і па рэпертуару. Таму і едзе ён на «Зов Полесья».

radunica.png

Народны ансамбль народнай музыкі «Радуніца»


Больш таго, гэта першы ў Гомельскай вобласці калектыў, які пачаў працаваць у змешаным жанры. А ствараўся ў сярэдзіне 90-х з невялічкай групы аматараў фальклору Дома культуры. Нязменны мастацкі кіраўнік Мікалай Туравец.


У час фальклорных экспедыцый па Мазыршчыне запісалі больш за 300 розных песень, жартаў, прымавак, якія потым працягваюць жыццё на сцэне.  Нездарма ж «Радуніца» лічыцца надзейным захавальнікам мясцовай народнай творчасці. 


— Нашы канцэртныя праграмы сапраўды радасныя, напоўненыя аптымізмам. А як інакш, калі сама назва ансамбля «Радуніца» азначае ў перакладзе са стараславянскага «радасць», — паясняе Мікалай Туравец. — Даволі часта публіка так «заводзіцца», што выступленні заканчваюцца песнямі і танцамі ў самой зале. Лічу, што ў «Зове Полесья» мы вельмі добра ўпісваемся яшчэ і таму, што нам не трэба ніякай электрычнай апаратуры. Усё натуральнае! Не толькі галасы, але і музычныя інструменты — баян, гармонік, скрыпка, цымбалы, кантрабас, флейта, дудка.


15 артыстаў розных узростаў аб’ядноўвае любоў да фальклорнай спадчыны менавіта Мазырскага Палесся. Навучыліся яны за доўгія гады паказваць душу і вобраз жыцця палешука праз песню, музыку, танцы. Ну і куды ж без вялікага жадання творчага сцэнічнага самавыражэння. У іх праграмах заўсёды прысутнічае штосьці сваё, адметнае, шчырае, непаўторнае. 


Сёння ў рэпертуары ансамбля больш за 60 песень і 20 розных танцаў. Заўсёды гучаць зладжана і прафесійна.


У творчай скарбонцы «Радуніцы» — шматлікія граматы, дыпломы і прызы конкурсаў… Адна з самых каштоўных узнагарод — дыплом першага «Зова Полесья», які адбыўся ў 2010-м. 


Дарэчы, пра гэты цікавы творчы калектыў нават знялі відэафільм. Ёсць свой аўдыяальбом і кампактдыск. 


Хлеб-бацюхна і гаспадар-самавар



babyna.pngНа смачнае і пазнавальнае «Свята хлеба» запрашаюць мазыране на свой падворак, які адкрыюць ў Ляскавічах падчас «Зова Полесья». Ну а калі святкаваць, дык з размахам, лічыць дырэктар Цэнтра нацыянальных культур і рамёстваў Мазыра Наталля ХАРАШКЕВІЧ:

— Тэма хлеба неабмежаваная, і нам проста пашчасціла, што працаваць будзем у гэтым накірунку. Трэба адзначыць, што падворак раёна будзе прадстаўлены эксклюзіўна. Так званы элемент Мазырскага замка складаецца з трох веж і плота з бярвення. Яго да свята ўжо зрабілі работнікі Мазырскага лясгаса і прадпрыемства «Мазырлес». 

Увесь падворак падзелены на некалькі зон. У самым цэнтры змешчана выстава караваяў пад назваю «Хлеб-бацюхна». Іх па сваіх арыгінальных рэцэптах рыхтуюць Мазырскі хлебзавод, МТК «Палессе» і УПП «Школьнае харчаванне». Тут жа экспазіцыя ўсяго асартыменту хлебабулачных вырабаў з абавязковай дэгустацыяй і фірменным гандлем.

Каго яшчэ ўбачаць людзі на свяце? Вядома, Гаспадара млына. У яго вобразе выступіць каларытны паляшук, які сардэчна будзе запрашаць гасцей. Не ведаем, хто зможа прайсці міма. У гэтай жа зоне з камфортам размясціцца і выстава снапоў і вянкоў са збожжавага коласа. 

Прыбудзе з Мазыра на свята і  гаспадар-самавар. Аб’яднаны краязнаўчы музей падрыхтаваў такія рарытэтныя самавары, што ў публікі ўзнікне адно жаданне — папіць    духмянага   чаю.

Рамеснікі Мазырскага раёна, а таксама фабрыка мастацкіх вырабаў прывязуць вялізны «кошык» дэкаратыўна-прыкладной творчасці і рамёстваў, цесна звязаных з хлебнай тэматыкай: лазапляценне, ткацтва, кераміка, габелен, вырабы з цеста…

Хлеб на падворку будзе і сапраўды ўсяму галава. Будуць і дзіцячыя малюнкі на хлебную тэму, і буклеты, лістоўкі, карысныя парады, як лепш захаваць хлеб, рэцэпты выпечкі хлеба, хлебныя дыеты і шмат чаго іншага. 

Гаспадыня беларускай хаты — бібліятэкар бібліятэчнай сістэмы Тамара Ржэуцкая — на вачах у гасцей спячэ свежы хлеб і тут жа пачастуе наведвальнікаў. А каб частавацца было весялей, прапануюць квас, ясная справа, што хлебны.

Падключылася да «Зова Полесья» і Мазырскае прадпрыемства «Сельгастэхніка». Яго камбайны і трактары ўпрыгожаць і паставяць каля падворка. 

Наталля Харашкевіч абяцае яшчэ шмат сюрпрызаў, але інтрыгу да канца не раскрыла: «Завітайце на наша «Свята хлеба», галоднымі не пойдзеце!» 


Калі жытнюю салому размачыць...



gancharenka.pngАКСАНА ГАНЧАРЭНКА, майстар-метадыст Цэнтра нацыянальных культур і рамёстваў Мазыра, на фестывалі «Зов Полесья» правядзе майстар-клас ужо трэці раз. Яе «Праменьчыкі» — аматарскае аб’яднанне — навучаць гасцей этнаграфічнага свята рабіць цікавыя і карысныя рэчы з саломкі.

Назву гуртку далі дзеці. Аксана распавядае:

— Асноўны матэрыял, з якога мы выконваем розныя вырабы, зразумела, салома. Яна нібы праменьчыкі зямлі, такое параўнанне зрабілі нашы маленькія майстры. Для мастацкіх вырабаў выкарыстоўваем жытнюю салому. Вельмі яна прыгожая і доўгая, зручная. Прывозім у жніўні па 60—80 мяшкоў саломы, і нам хапае амаль што на ўвесь год працы. Калі салому размачыць, можна рабіць усё, што захочаш.

— Мы рыхтуем самыя розныя сувеніры, каб здзівіць і захапіць людзей, — дадае Валянціна Бабына. — Фестываль «Зов Полесья» наш самы любімы. Едзем у Ляскавічы з задавальненнем, каб абмяняцца вопытам, знайсці для сябе, магчыма, нейкія новыя накірункі, каб проста пазнаёміцца з умелымі майстрамі. Палешукі — людзі адкрытыя і дабразычлівыя, і мы рады выконваць любыя іх заказы, паказваць майстар-класы і раскрываць сакрэты.

Падрыхтавала Наталля ВАКУЛІЧ, «СГ».

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter