Пятнадцать театральных коллективов выступят на фестивале "Небеса" в Минске

Лялькі з душой

У 2015 годзе, калі толькі пачыналася гісторыя “Нябёсаў”, у фестывалі прымалі ўдзел выключна беларускія калектывы. Сабраць у адным месцы з дзясятак нашых батлеечных і лялечных тэатраў ужо лічылася вялікай удачай. Вядома, арганізатары фестывалю марылі пра пашырэнне геаграфіі, але наўрад ці маглі ўявіць сабе, што ўжо праз пяць гадоў у форуме будуць удзельнічаць 15 калектываў з пяці краін — Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Эстоніі. Насамрэч, заяўкі даслалі аж 40 калектываў. Але да ўдзелу ў V Міжнародным калядным фестывалі батлеечных і лялечных тэатраў, які пройдзе з 10 па 13 студзеня ў адукацыйным цэнтры Свята-Елісавецінскага манастыра, былі адабраны найлепшыя.


Работы канкурсантаў будзе ацэньваць прафесійнае журы — акцёры, тэатральныя крытыкі, навуковыя дзеячы і мастацтвазнаўцы. Пераможцаў вызначаць у дзесяці намінацыях, у тым ліку “За лепшы спектакль” (Гран-пры фестывалю), “За лепшы дэбют”, “За лепшае раскрыццё духоўна-маральнага зместу спектакля”, “За лепшае акцёрскае выкананне” і гэтак далей.

Паколькі фестываль ставіць за мэту не толькі далучыць да тэатральнага мастацтва падрастаючае пакаленне, дапамагчы ўбачыць гледачам прыгожае, вечнае, сапраўднае, але і спрыяць развіццю традыцыйнага батлеечнага і лялечнага тэатральнага мастацтва, напярэдадні афіцыйнага адкрыцця форуму 9 студзеня пройдзе “Школа батлейкі”. У ёй прымуць удзел кіраўнікі батлеечных і лялечных тэатраў пры нядзельных школах, цэнтрах творчасці, бібліятэках, студэнцкіх клубах. Адукацыйныя лекцыі, круглыя сталы, творчыя сустрэчы і майстар-класы будуць арганізаваны і ў фестывальныя дні. Усе жадаючыя змогуць навучыцца рабіць каляднага анёла з паперы, плесці з саломы і танцаваць у традыцыйным жанры.

Штогод фестываль “Нябёсы” выконвае і дабрачынную місію. У межах акцыі “Святло душы — дабрачыннасць” лялечныя майстры радуюць сваёй творчасцю людзей, якія знаходзяцца ў бальніцах, інтэрнатах, дамах для састарэлых.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter