Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Артысты Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек прадставілі рускамоўным жыхарам італьянскага горада свае навагоднія і Калядныя пастаноўкі

Лялькі, Гомель і Неапаль

У Неапалі шмат сонца. Якое продкі нашыя, дарэчы, шанавалі як боства: яно ж проста магічна ўплывае на людзей, дорыць радасць, энергію. Па сутнасці, у беларусаў з рытуалаў ушанавання Сонца, сцвярджаюць навукоўцы, зараджаліся і Каляды, і Купалле. У мяне ж, напрыклад, у ясны дзень і настрой лепшы, і справы нібы самі сабою робяцца. Светлым, поўным сонца, энергіі ды эмоцый запомніўся мне італьянскі Неапаль: была там разам з удзельнікамі праекта Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў “Беларусь шматнацыянальная” (“Песня да Неапаля давяла”. — ГР, 3.11.2016). І мы былі першымі гасцямі з Бацькаўшчыны, якіх ветліва, сардэчна прымалі ў сябе актывісты асацыяцыі “Bellarus”.

Гомельскія артысты з сябрамі ў Неапалі

Сонечнымі, светлымі энтузіясткамі падаліся мне тады супляменніцы Таццяна Пумпулева, Таццяна Леусік, Марына Яфімчык, Таццяна Канавалава... Яны, нібы ўвабраўшы энергію сонечнага горада, з задавальненнем дзяліліся ёй з іншымі. Нядаўна Таццяна Пумпулева, прэзідэнт беларускай суполкі, напісала мне: “Як здорава ў нас усё атрымалася! У Неапаль на гастролі прыязджалі артысты Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек з навагоднімі ды Каляднымі спектаклямі для дзяцей. Таленавітыя госці сталі шыкоўным падарункам для беларускай грамады і ўсіх рускамоўных людзей італьянскага рэгіёна Кампанья і яшчэ больш прыцягнулі ўвагу італьянцаў да нашай роднай, любімай Беларусі”.

Да адкрыцця цыклу навагодніх сустрэч, пісала Таццяна, у будынку Дзяржсавета Неапаля прайшла прэс-канферэнцыя. Паўдзельнічалі ў ёй прэзідэнт муніцыпальнага савета Алясандра Фучыта, кіраўніца аддзела па сацыяльнай палітыцы гарадскога муніцыпальнага кіравання Раберта Гаета, Амбасадар Беларусі ў Італіі Аляксандр Гур’янаў, Ганаровы консул Беларусі ў Неапалі Вінчэнца Трані, дырэктар Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек Дзмітры Гарэлік. На сайце муніцыпалітэта прыводзяцца вытрымкі з выступленняў. Алясандра Фучыта казаў, напрыклад, што ў Неапалі заўсёды рады беларускім гасцям, а прыезд гомельскіх артыстаў, упэўнены ён, паспрыяе развіццю культурных стасункаў паміж Беларуссю ды Італіяй. Аляксандр Гур’янаў падзякаваў гарсавету і гораду за падтрымку і павагу, якія заўсёды яны праяўляюць да беларускай абшчыны Неапаля. Дыпламат запрасіў прэзідэнта муніцыпальнага савета і дарадцу па сацыяльнай палітыцы наведаць Беларусь: для далейшага ўмацавання сяброўскіх сувязяў. А Гомель, казаў Вінчэнца Трані, можа прапанаваць шмат усяго цікавага для працягу супрацы між народамі. Таццяна Пумпулева расказала пра падрыхтоўку Беларускіх тэатральных дзён у Неапалі: “Мы ўсе — і беларусы горада, і прадстаўнікі гарадскіх улад і дыпкорпусу Беларусі ў Італіі — шмат папрацавалі, каб зрабіць сапраўднае свята. Гомельскія артысты пераадолелі доўгі шлях, каб прыехаць да нас. І гэта, мяркую, толькі пачатак доўгага і плённага супрацоўніцтва”.


На працягу трох дзён у Неапалі праходзілі прадстаўленне “Навагодні рэйс” ды спектакль па п’есе гомельскага пісьменніка Васіля Ткачова “Не ўсе зайцы — трусы”. Артысты працавалі на гарадскіх плошчах, у муніцыпальным цэнтры і нават у саборы XIII стагоддзя. Былі й фотасесіі (ахвочых — не злічыць!) з Дзедам Марозам, Снягуркай ды іншымі навагоднімі персанажамі. Дзеці, а таксама й дарослыя расказвалі беларускаму Дзеду-чарадзею вершы, спявалі песні, загадвалі жаданні. Працавала і лабараторыя “Умелыя ручкі” па вырабе папяровых сняжынак у беларускай старадаўняй тэхніцы выцінанкі, выстаўляліся традыцыйныя вырабы беларускіх рамеснікаў.

“Усё прайшло цудоўна, я шчаслівая! — не хаваючы радаснага ўзбуджэння, пісала Таццяна. — Столькі энтузіязму, хваляванняў... А як захапляліся гледачы майстэрствам гасцей-артыстаў!”. Нават у раздзеле “Навіны” на сайце Тэатра лялек ёсць весткі пра гастролі: “Па запрашэнні асацыяцыі “Bellarus”, пры патранаце Ганаровага консульства Беларусі ў Неапалі, пры падтрымцы муніцыпалітэта горада і Амбасады Беларусі ў Італіі наш тэатр пабываў са спектаклямі ў Неапалі. Прадстаўленні прайшлі з вялікім поспехам, усе засталіся задаволеныя. Тэатр атрымаў Ганаровы медаль муніцыпалітэта Неапаля”. За цёплы, сяброўскі прыём артысты дзякуюць усім, хто дапамагаў праекту здзейсніцца.

А супляменніцам з Неапаля Сонца, якое ад Каляд усё вышэй узнімаецца ў неба, надае новай энергіі. Правёўшы гомельскіх сяброў, яны ўжо на восень рыхтуюць сумесны праект з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур. “Спраў шмат: мы ж цяпер на сваю школу “замахваемся”, — пісала Таццяна. — Спадзяюся, з часам праца наладзіцца”.

ДАРЭЧЫ

Калі артыкул рыхтаваўся да друку, стала вядома: на пачатку студзеня ў Неапалі па адрасе Via Errico Alvino, 138 пад эгідай асацыяцыі “Bellarus” адкрыўся Дзіцячы адукацыйна-дыдактычны цэнтр для рускамоўных дзяцей “Славянский кружок”. Заняткі па развіцці мовы, мыслення, рукадзеллі ды музычныя будуць праводзіць дыпламаваныя спецыялісты з вялікім досведам працы.

То ў добры шлях, “Славянский кружок”! Хай гучаць і беларускія словы-галасы ў цікавых пачынаннях!

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 5 (3557), чацвер, 1 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter