Больш за 700 аўтаркіх лялек прадстаўлены на выставе ў Мінску

Лялькi для дарослых

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у гэтыя калядныя дні — сапраўднае царства аўтарскіх лялек. Тут адкрыўся чацвёрты сезон міжнароднага праекта «Панна Doll'я». Маштабная выстава заняла ўсе музейныя залы, у якіх прадстаўлена творчасць лепшых майстроў нашай краіны і гасцей з Расіі, Латвіі, Літвы, Казахстана, Эстоніі. Арганізатар праекта, вядомы майстар-мастак Надзея Цыганоўская, адзначае не без гонару: такая насычаная экспазіцыя сабрана ўпершыню — больш за 720 лялек, плюс да таго тры персанальныя выставы.

У кожнай лялькі — свой вобраз і характар.

Ад багацця лялек сапраўды вочы разбягаюцца. Якімі ж рознымі, незвычайнымі і нечаканымі яны бываюць! Адкрываюць экспазіцыю антыкварныя ўзоры з прыватных калекцый, рарытэты, якім па 90—110 гадоў. Далей сучасныя работы: з тэкстылю, дрэва, пластыку, лялькі статычныя, шарнірныя, механічныя, прымітыўныя, так званыя паддашкавыя, і вытанчаныя будуарныя. Надзея Цыганоўская сцвярджае: на выставе можна ўбачыць усе напрамкі сучаснага лялечнага мастацтва, яна разлічана на любы ўзрост і інтарэсы, і кожны абавязкова знойдзе тут ляльку для сябе: тую, якая спадабаецца, якая парадуе вока і сагрэе душу, якую, магчыма, і купіць захочацца.

Таццяна ХАБЕРСКАЯ стварае лялек амаль 20 гадоў

Мастак Таццяна Хаберская — удзельнік і пераможца многіх міжнародных і рэспубліканскіх выстаў, вядомы аўтар работ з тэкстылю, дакладней, тэкстыльных скульптур. Ужо каля 20 гадоў прафесійна займаецца толькі лялькамі. Стварыла іх за гэты час сотні. Практычна ўсе знахо-дзяцца ў прыватных калекцыях, разляцеліся па ўсім свеце. Дома, прызнаецца майстар, ніколі нічога не застаецца. Вось і прадстаўленыя на выставе дзясяткі два лялек — з ліку ўжо набытых. На некалькіх старых чамаданах і побач з імі — сямейства высакародных Жаб, Пацучыхі і Пацукі, добразычлівы Крот, важны Чорны Крумкач… Персанажы кранальныя, абаяльныя, пацешныя, іранічныя. Кожны са сваім характарам, эмоцыямі, пачуццямі, энергетыкай. У кожнага свая гісторыя і вобраз, на які працуе ўсё, аж да самага дробнага аксэсуара або дэталі ў эксклюзіўнай вопратцы. Дарэчы, кавалачкі скуры, рэшткі тканіны і карункаў для яе вырабу — таксама са сваёй гісторыяй, пазначаныя часам, дома ў Таццяны імі запоўнены тыя самыя аб’ёмныя чамаданы і куфэркі.

Разглядаючы выключна ўручную пашытыя работы, міжволі заўважаю ўголас: не дзіцячыя лялькі. Таццяна ўдакладняе: гэтыя лялькі — для душы, цацкі для дарослых хлопчыкаў і дзяўчынак, тых, якія не развіталіся з дзяцінствам канчаткова. Напэўна, як і яна сама.

Асобнае месца сярод твораў Гюльнары КАЧАН займае лялька-абярэг Макош.


Бабруйчанка Гюльнара Качан з інтэрнацыянальнай сям’і: маці — беларуска, бацька — казах. Але захапілася гадоў дзевяць таму менавіта славянскімі лялькамі-абярэгамі. Стварае іх, як і належыць, па традыцыях, без прымянення іголак. Першай зрабіла некалі ляльку-рванку — вепскую Берагіню-гаспадыню. Успамінае, дзеці (дарэчы, у Гюльнары іх пяцёра) тады дзівіліся, што мама лялькамі занялася. А яна ледзь дакраналася да ласкуткоў тканіны, быццам іскры ў далонях адчувала — так падабалася і хацелася хутчэй большаму навучыцца. 

Наступным зрабіла Спірыдона-Сонцаварота — вельмі патрэбныя былі перамены ў сям'і, а гэтая абрадавая лялька спрадвеку выраблялася для дасягнення жаданых змен у жыцці. Праўда, кажуць, для сябе самой рабіць такую ляльку нельга, але Гюльнара не пабаялася. І дзіўна: перамены сапраўды адбыліся. А вельмі хутка майстра заўважылі і запрасілі на першую выставу.

Сёння Гюльнара ўжо сама вучыць дзяцей і дарослых ствараць лялькі-абярэгі, яе майстар-класы карыстаюцца вялікай папулярнасцю. У калекцыі — Падарожніца, Разумніца, Пелянашка, Вясельныя Неразлучнікі… Ёсць і Веда, яна ж Баба-яга — лялька-абярэг для жанчыны, дома і сям’і. Зусім не злая, як прынята лічыць, а добрая памочніца і талковая дарадчыца. Па словах Гюльнары — адзін з самых моцных абярэгаў, у многіх крыніцах яго параўноўваюць з лялькай Макош — сімвалам старажытнаславянскай багіні лёсу, урадлівасці і сямейнага ачага.

Дарэчы, на самабытную майстрыху з Бабруйска звярнулі ўвагу ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», рыхтуецца да выхаду кніга пра яе творчасць.
Юрый ШАРОЎ перакананы: аўтарская лялька — мастацтва сур’ёзнае.

Думаеце, лялькі — гэта мастацтва толькі для жанчын? Памыляецеся. У экспазіцыі ёсць і работы майстроў-мужчын. Адзін з іх — Юрый Шароў.

Аднойчы, кажа, захацеў купіць унукам якую-небудзь асаблівую цацку, але так і не змог нічога прыдатнага знайсці. Тады і вырашыў — зраблю сам. Так інжынер-механік па адукацыі заняўся лялькамі. З імі ўжо тры гады. Яго мініяцюрныя работы створаны ў змяшанай тэхніцы — спалучэнне роспісу, скульптуры, разьбы па дрэве і, зразумела, механіка. Лялькі Юрыя Васільевіча рухаюцца — скачуць цераз вяровачку, у марскіх хвалях ныраюць.

Пытаюся: ці ацанілі ўнукі? Майстар у адказ усміхаецца: зразумеў, кажа, што аўтарскія лялькі — мастацтва сур'ёзнае. Не для дзіцячых гульняў. Далікатныя, крохкія стварэнні, тонкі механізм, ды і працэс вырабу такіх фігурак вельмі працаёмкі. Калі і дасі пасля дзіцяці ў рукі, то толькі пад наглядам, патрымаць ды пацікавіцца.

Па адрасе праспект Незалежнасці, 47 выстава будзе працаваць да 4 лютага.

Думкi ўголас

Валянцін Губараў, мастак:

— Ужо ўсё быццам ведаю, хіба што ў грыбах не разбіраюся, магу назбіраць неядомых. Але гэты праект бачу не першы раз і кожны раз раблю для сябе адкрыццё: аўтарская лялька — вялікае мастацтва. Многія думаюць: ну што там лялька — чыстая тэхналогія. Не! Калі гэтую справу любіш, сур'ёзна ёй займаешся, самааддана працуеш, такая культура адчуваецца ва ўсім: у колеры, вобразах, характарах. Шмат каму здаецца: аўтарская лялька — гламур. Паўтаруся: не, гэта сапраўднае мастацтва. Я нават у нейкі момант падумаў, ці не павучыцца і самому. Можа, і сапраўды паспрабую калі-небудзь.

svirko@sb.by

Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter