У Нацыянальным гістарычным музеі адкрыецца незвычайная выстава

Лялька не заўсёды цацка

Сёння ў Нацыянальным гістарычным музеі адкрыецца незвычайная выстава. Маргарыта Дабрыніна пакажа свае творы — мініяцюрныя скульптуры, хаця сама мастачка аддае перавагу іншай назве — лялькі. Праўда, выстаўка «Карабель дурняў» — гэта зусім не свет цацак, а падстава для роздуму і крыніца праўды ў мастацтве.

Творчасць Маргарыты Дабрынінай шырока вядома далёка за межамі Расіі. Яе мініяцюркі добра прадаюцца ў мастацкіх салонах Масквы, некаторыя з іх знаходзяцца ў прыватных калекцыях Англіі, Канады, ЗША, Ізраіля і іншых краін. Што вабіць у яе творах? Кожная лялька створана па ўнікальным злепку, дзе адлюстроўваецца характар, знешнасць, адметнасць. Маргарыта прызнаецца, што ў кожнай з іх — рэальны чалавек, з якога скульптар ляпіла свой персанаж. Вышыня і даўжыня твора могуць быць да васьмідзесяці сантыметраў.

Тэхналогія вытворчасці — ліццё з керамічных мас (фаянс, гліна розных колераў) у складанай тэхніцы ручной лепкі. Кожная з фігур праходзіць складаны і працаёмкі працэс стварэння — ад ідэі да пластылінавай мадэлі, да наступнай фармоўкі ў гліне і ручной размалёўкі.

Назву выставе дала адна з ранніх работ, дзе майстра хвалявала чыстае мастацтва, а не промысел, плюс прыхільнасць да драматургіі і тэатра абсурду.

— Мы падрыхтавалі творы «розных эпох» творчага шляху Маргарыты Дабрынінай. У кожнага ёсць свая загадка, сваё натхненне і свая вышыня. У кожным вобразе чытаецца драматургія жыцця і здаровы сарказм, майстар ювелірна адлюстроўвае ўзроставыя метамарфозы і заганы развіцця, недасканаласць формаў і зместу, складанасць натуры, — расказалі ў музеі.

Сама ж экспазіцыя падзелена на тры часткі. «Рускі карагод» — серыя керамічных работ, прысвечаная гісторыі рускага жаночага касцюма мінулых стагоддзяў. Побач «Венецыянскія маскі», яе героі — вяльможы, арыстакраты, паэты, музыканты, мастакі, скульптары, гандальеры. У трэцяй частцы, якая атрымала назву «Псіхалогія жаданняў», Дабрыніна надала асаблівую ўвагу тэмам узросту, нязбытнасці мар, маніі вялікасці і асобна тэме кахання, якое не падуладна часу.

Наталля ІВАНОВА

Фота: master-rita.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter