Лялькі граюць па-даросламу

Гомельскі абласны тэатр лялек за паўстагоддзя сваёй дзейнасці парадаваў маленькіх і дарослых гледачоў 170 пастаноўкамі.
Гомельскі абласны тэатр лялек за паўстагоддзя сваёй дзейнасці парадаваў маленькіх і дарослых гледачоў 170 пастаноўкамі.

Тэатральная ўстанова, якая бярэ пачатак з невялікай трупы пры абласным драматычным тэатры, толькі праз пяць гадоў атрымала статус самастойнай. Амаль 40 гадоў затым тэатральныя лялькі і артысты не мелі свайго пастаяннага прытулку і літаральна жылі «на колах». Набыць уласны дах над галавой пашчасціла толькі ў 2002-м, калі гарадскія ўлады перадалі тэатру будынак былога Палаца культуры на вуліцы Пушкіна. Доўгачаканае наваселле пасля яго капітальнай рэканструкцыі справілі праз пяць гадоў. Але няпростыя жыццёвыя калізіі не паўплывалі на творчую атмасферу ў калектыве.

— За мінулыя пяць дзясяткаў гадоў у тэатры пастаўлена больш за 170 спектакляў, якія наведалі больш як тры мільёны гледачоў, — зазначае дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатра лялек Дзмітрый Гарэлік. — У асноўным, зразумела, дзеці. Для іх тэатр штогод рыхтуе прэм’еры чарадзейных казак, праводзiць дабрачынныя акцыі і навагоднія ранішнікі. Не выключэнне і бліжэйшыя навагоднія святы. Апрача таго, наша творчая група — яна складаецца сёння з 30 акцёраў — вызначылася і спектаклямі для дарослай аўдыторыі. «Над безданню ў жыце», «Памінальная малітва», «Тарцюф» — гэта толькі некаторыя пастаноўкі Гомельскага тэатра лялек, якія і сёння праходзяць з небывалымі аншлагамі.

На працягу святочнай вечарыны з нагоды 50-гадовага юбілею тэатра гасцям былі паказаны ўрыўкі з лепшых спектакляў. Не абышлося без цёплых віншаванняў і падарункаў юбілярам, а праца лепшых акцёраў, дэкаратараў, касцюмераў і рэжысёраў была адзначана граматамі і падзякамі Міністэрства культуры, абласных і гарадскіх улад.

Мікалай ЖДАНОВІЧ, «Р»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter